Бабруйск: Складанне пратакола скончылася канфліктам
Візіт незалежнай журналісткі Марыны Малчанавай у УУС для складання пратакола аб адміністрацыйным парушэнні скончыўся канфліктам з падпалкоўнікам міліцыі Сяргеем Рудзько.
Нагадаем, журналістку абвінавачваюць у парушэнні заканадаўства аб СМІ.
-Пытанняў па тэме фактычна не было, Сяргей Рудзько пытаўся, з кім я жыву, колькі зарабляю. Я на гэтыя пытанні не адказвала, бо яны і не датычацца справы, - расказала Марына Малчанава. - Пасля апытання я хацела зрабіць копіі матэрыялаў, адксеракапіраваць ці сфатаграфаваць, але супрацоўнік міліцыі не дазволіў мне гэта зрабіць. Тады я перапісала ўсё ад рукі і збіралася ўжо сыйсці, але Рудзько раптам выхапіў гэтыя аркушы ў мяне з рук. Я спрабавала забраць іх, але ён заламаў мне рукі за спіной, гэта мяне моцна напалохала, і я паспяшалася выйсці з кабінета. Паперы засталіся ў міліцыі.
Журналістка адразу паведаміла дзяжурнаму, што Сяргей Рудзько прымяніў супраць яе фізічную сілу. Але, сцвярджае дзяўчына, яе словы не выклікалі ў калегі падпалкоўніка належнай рэакцыі.
- Сяргей Рудзько выйшаў з кабінета і пачаў сцвярджаць, што я хацела парваць матэрыялы справы. А калі я зноў пачала патрабаваць свае паперы, ён сказаў: "У мяне нічога няма". Але я бачыла, што яны ў яго, і паклікала сястру, якая чакала мяне ў фае. Рудзько адразу скінуў паперы пад стол, зноў пачалася валтузня, я выхапіла гэтыя копіі, перадала сястры, міліцыянт пачаў забіраць іх у яе... Але паколькі гэта ўжо ўсё адбывалася ў фае, ён у выніку здаўся, але пачаў апраўдваць свае дзеянні падазрэннем, што мы маглі прыхапіць і нейкія яго паперы.
Марына Малчанава не ведае, чаму падпалкоўнік так баяўся аддаць ёй копію дакументаў.
-Нічога звышскандальнага ў матэрыялах справы не было, каб так перажываць за зробленыя копіі. І я ўвогуле не зразумела, што гэта было, чаму Рудзько так сябе паводзіў. Гэтая непрыемная сітуацыя прывяла мяне да моцнага стрэсу, я дасюль не магу прыйсці ў сябе. Безумоўна, у самы бліжэйшы час я буду падаваць скаргу на дзеянні гэтага міліцыянта, - адзначыла журналістка.