Суд Цэнтральнага раёна Гомеля адмовіўся разглядаць скаргу журналіста
26 жніўня суддзя Цэнтральнага раёна Гомеля Марына Дамненка адхіліла скаргу сябра ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Міколы Бянько на дзеянні першага намесніка пракурора Гомельскай вобласці Вадзіма Сушчынскага, які вынес папярэджанне журналісту-фрылансеру за падрыхтоўку інфармацыйных матэрыялаў без акрэдытацыі на замежны СМІ – “Беларускае Радыё Рацыя”.
Разгляд скаргі на дзеянні службовай асобы дзяржаўнага органа, якія абмяжоўваюць правы і законныя інтарэсы грамадзяніна, звёўся да высвятлення тэрміну падачы заявы ў суд.
Апрача таго, суддзя адмовілася весці судовае паседжанне на беларускай мове, як прасіўМікалай Бянько. Яна не дазволіла Міколу як сябру ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” мець у судзе свайго прадстаўніка, таксама сябра ГА “БАЖ”, юрыста Леаніда Судаленку. Забаронена было рабіць фота- і відэаздымкі, апроч аўдыёзапісу.
Прадстаўнік Гомельскай абласной пракуратуры, старшы памочнік пракурора Дзмітрый Дэбой (які, дарэчы, і рыхтаваў папярэджанне Міколу Бянько), таксама заявіў, што права на абскарджванне ў судзе журналіст атрымаў яшчэ 25 сакавіка, пасля пісьмовай адмовы пракурора вобласці скасаваць папярэджанне.
У выніку суддзя Марына Дамненка вырашыла адхіліць скаргу журналіста на дзеянні першага намесніка абласнога пракурора, палічыўшы, што месячны тэрмін для звароту ў суд прапушчаны.
Прысутны на судзе, але не дапушчаны ў працэс юрыст Леанід Судаленка мае супрацьлеглую думку:
“Тэрмін па дадзенай справе не прапушчаны. Папярэджанне вынесена Гомельскай абласной пракуратурай. Вышэйшым за яе дзяржаўным органам з’яўляецца Генеральная пракуратура, куды і звярнуўся Бянько. І пасля таго, як 6 мая ён атрымаў адказ з Генеральнай пракуратуры, ён цягам месяца, а дакладней 29 мая, і звярнуўся непасрэдна ў суд. Таму я і лічу, што ніякі тэрмін тут не прапушчаны”.
Мікалай Бянько меркаваў, што будзе хоць зроблены выгляд вырашэня справы па сутнасці:
“Я абсалютна ня згодны з папярэджаннем. Лічу, што пракуратура як орган нагляду за выкананнем законаў ды іншыя сілавыя структуры мусяць займацца сваёй непасрэднай працай, а не гойсаць у пошуках журналістаў і пераследаваць іх па абсалютна надуманых прычынах. Таму я спачатку звярнуўся са скаргай у абласную, у Генеральную пракуратуру, а протым уласна ў суд, каб прызналі папярэджанне неабгрунтаваным і незаконным”.
Гомельская абласная пракуратура вынесла папярэджанне Міколу Бянько і ягонай жонцыЮлі Сівец 5 сакавіка – за супрацоўніцтва без акрэдытацыі з “Беларускім Радыё Рацыя”, якое зарэгістравана на тэрыторыі Польшчы і вядзе перадачы на беларускай мове. У пацвярджэнне пракуратура прывяла змешчаныя на сайце racyja.com рэпартажы за подпісамі Міколы Бянько і Юлі Сівец: “Забыты Чарнобыль”, “Шчодрыкі па-гомельску”. Згадваліся таксама іх блогі з зацемкамі: “Месца вызначае ўсё”, “Вынікі года чорнай Змяі”.
Мікалай лічыць, што згаданыя матэрыялы былі фармальнай падставай, бо, напрыклад, матэрыял пра забыты Чарнобыль быў падрыхтаваны два гады таму. Значэньне мела іншае:
“Мая асабістая думка такая: перад вынясеннем папярэджання мы актыўна асвятлялі падзеі ва Украіне, ездзілі на Еўрамайдан, рабілі адтуль рэпартажы. Гэта было больш такое дэманстратыўнае пакаранне, у якім яны зачапіліся за закон пра СМІ, за інструкцыю пра акрэдытацыю замежных карэспандэнтаў”.
Журналіст-фрылансер мяркуе, што парадак акрэдытацыі ў Міністэрстве замежных спраў з’яўляецца архаічным. Ён хутчэй характэрны для краінаў канца 19 і пачатку 20 стагоддзяў, а не 21 стагоддзя, калі існуе інтэрнэт і можна пісаць матэрыялы для любога выдання ва ўсім свеце:
“Зразумелы палітычны сэнс дадзенага парадку акрэдытацыі, але я з ім абсалютна не згодны. Паводле яго, атрымаць легальную магчымасць супрацоўніцтва з замежнымі СМІ практычна немагчыма. Усе гэта ведаюць, бо супрацоўнікі таго ж “Беларускага Радыё Рацыя” дзесяткі разоў звярталіся ў МЗС, і ім адмаўлялі. Тое ж самае датычыць тэлеканалу “Белсат”, разнастайных польскіх СМІ, шэрагу іншых замежных выданняў, якія пастаянна спрабуюць атрымаць акрэдытацыю, але ім адмаўляюць на надуманых падставах”.
У скарзе ў суд Мікола Бянько ўказаў, што, выносячы папярэджанне за публікацыі на замежных сайтах, пракуратура абмяжоўвае яго права на атрыманне і распаўсюд інфармацыі, гарантаных грамадзянам Беларусі Канстытуцыяй і міжнароднымі пагадненнямі, якія Беларусь падпісала і абавязалася выконваць.
Рашэнне суда Цэнтральнага раёна Мікалай Бянько з юрыстам ГА “БАЖ” аспрэчаць у вышэйшай судовай інстанцыі.