У сувязі з адмовай зарэгістраваць „Пакт” у Вярхоўны Суд пададзена скарга супраць Мінюста
26 жніўня заснавальнікі рэспубліканскага праваабарончага аб’яднання “Пакт”- Рух за рэалізацыю Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах накіравалі ў Вярхоўны Суд скаргу на адмову Міністэрства юстыцыі зарэгістраваць створанае грамадскае аб’яднанне.
Як паведаміў выканаўчы дырэктар аб’яднання Леанід Судаленка, арганізацыя стваралася дзеля абароны інтарэсаў грамадзян, на карысць якіх Камітэт ААН па правах чалавека прыняў і будзе прымаць рашэнні аб парушэнні з боку дзяржавы іх грамадзянскіх ды палітычных правоў.
Адмаўляючы ў дзяржаўнай рэгістрацыі аб’яднання Міністэрства юстыцыі спаслалася на такія недакладнасці ў дакументах, як памылка ў нумары кватэры аднаго з заснавальнікаў і ў даце нараджэння другога. Заснавальнікі дадзеныя памылкі лічаць тэхнічнымі, не здольнымі паўплываць ні на якія абставіны пры прыняцці рашэння аб дзяржаўнай рэгістрацыі аб’яднання.
Напамятаем, на сёння КПЧ ААН вынесена 62 рашэнні па Беларусі, у якіх усталяваны тыя ці іншыя парушэнні правоў беларускіх грамадзян. Аднак ні адно з іх не выканана ў добраахвотным парадку з боку дзяржавы. Усяго на бягучы момант у Камітэце ААН па правах чалавека зарэгістраваныя 165 скаргаў беларусаў на парушэнне дзяржавай іх правоў.