viasna on patreon

Харкаўскі дзёньнік Насты Лойка. Частка ІІ (фота)

2014 2014-08-26T14:57:21+0300 2014-08-28T16:53:22+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/lojka-harkau.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Наста Лойка ў пункце дапамогі перасяленцам у Харкаве. Фота з мясцовых СМІ.

Наста Лойка ў пункце дапамогі перасяленцам у Харкаве. Фота з мясцовых СМІ.

Маладая беларуская праваабаронца ў Харкаве валантэрыла ў пункце дапамогі вымушаным перасяленцам. Наста Лойка занатавала ўражаньні ад гэтай працы ды некаторыя назіраньні за жыцьцём гораду, што знаходзіцца ў дзьвюх гадзінах язды ад самых гарачых кропак у зоне АТА.

 

 

Частка І

 

Частка ІІ

Харкаў,
13 жніўня 2014, 20:52


Віка прыйшла толькі пасьля гадзіны, прынесла марозіва. За гэты час я падрыхтавала і паказала статыстыку па людзях, якія прайшлі праз іх за тыдзень 4-10 жніўня (справаздачы штодня з’яўляюцца ў сацсетках ініцыятывы – вконтакте і фб): 963 чалавекі і 359 сямей. Большасьць усё ж едуць паасобку. Аб’ём уражвае. А ў сацсетках актывісты ініцыятывы яшчэ й спрабуюць зьмякчыць агрэсію да перасяленцаў, паколькі шмат хто з праўкраінскага насельніцтва непрыязна ставіцца да жыхароў Данбаса з розных прычынаў…

 

Сёньня было афіцыйнае адкрыцьцё новага пункту гуманітарай дапамогі ініцыятывы “Станцыя “Харкаў”, які працуе па новай адрэсе ўжо другі дзень (старое памяшканьне-офіс праваабарончай арганізацыі было зусім маленькае і не магло ўмясьціць усе рэчы, валантэраў, людзей, а зараз нехта ахвяраваў будынак, які за 10 дзён зь нежылога амаль зрабілі дастаткова прывабным і функцыянальным, але гэта я пабачу пазьней).

Па дарозе раздрукоўваем плякаты на ўваходы ў пункты гэтай цудоўнай ініцыятвы, якія зрабіла адна з каардынатарак Ева (сама яна дызайнер, і праца вельмі замінае ў дапамозе бежанцам, таму ўзяла адпачынак). Шлях да новага пункту ідзе ад станцыі мэтро “Гістарычны музэй”. Па дарозе бачу шмат з падгледжанага зранку ў Вікіпедыі пра Харкаў: пушкі на плошчы Канстытуцыі (забралі ў кагосьці з расейскіх князёў падчас чарговых разборак), побач танкі (адзін – ангельскі, часоў першай сусьветнай), уніз ідзе шырокая вуліца, а мы ідзем праз дзяўчынку на шары, манастырскі двор Пакроўскага сабора, непадалёк – Усьпенскі сабор, унізе вельмі прыгожа выглядае Богавешчанскі сабор… Рэльеф няроўны, і таму ёсьць куды зірнуць. Шмат-шмат прыступак вядуць на вуліцу са старымі трамваямі, там праз старыя кварталы з двухпавярховак ідзем да месца Х.

 

Дом адразу можна пазнаць па прысутнасьці людзей побач – дзьве прыступкі ў невялічкі двухпавярховы дом, які пачынаецца з працяглых і бітком забітых людзьмі калідораў. Заходзім направа – там прыёмны пакой, дзьве жанчыны-валантэркі прымаюць па чарзе людзей, тыя распавядаюць пра свае пажаданьні (квіток кудысьці на расьсяленьне, праца ў Харкаве – анкета ад сацабароны на працу, лекі – лекі тут жа, што трэба для дзяцей і ім з рэчаў, часовы прытулак і г.д.). Потым ім даюць “картку на гуманітарку” – там напісана, колькі іх чалавек (даецца на сям’ю), колькі дзяцей і іх узрост (памер пампэрсаў адразу і пажаданьні па малочных сумесях для дзяцей).

Пакой, які вядзе проста – пакой з рэчамі й посудам. Яшчэ не рассартыраваныя толкам рэчы нагадваюць шальны сэканд, дзе людзі падбіраюць сабе нешта. Потым ідзе лесьвіца наверх і некалькі прыступак уніз.

Унізе – склад з выдачай ежы і гігіенічных прыладаў. Схема выглядае так: валантэркам на склад прывозяць рэчы, якія яны сартыруюць. Потым чалавек прыходзіць з карткай на сям’ю, аддае дзяўчынам і чакае за шырмай выдачы. У кожнай карткі свой нумар.

Як толькі мы заходзім у ніжні пакой, адная валантэрка (Натальля) кажа, што ёй трэба сыходзіць, а тут толькі Даша - просіць кагосьці ў дапамогу. Віка паказвае на мяне, яна мне пачынае тлумачыць, што каму й у якой колькасьці даецца (важна, сям’я зь дзеткамі ці без, і які ўзрост дзяцей + агульная колькасьць іх). Яна сыходзіць, а я пачынаю трэніравацца на першай жа картцы: пяць чалавек, зь іх двое дзяцей. Даша падбірае падгузьнікі і дзіцячае харчаваньне, я ж закідваю пакунак макаронаў, пшонкі й рысу, туалетную паперу, кансэрву, пакунак дзіцячага пральнага парашку, пакунак цукру, гарбаты, бутэльку алею, дзіцячы шампунь, звычайны шампунь, звычайнае мыла, гаспадарчае мыла, вільготныя сурвэткі, паласкальнік для зубоў (прывезьлі іх шмат)  - чым багаты, як кажуць.

Адкуль гэта ўсё бярэцца? Сьхема такая: валантэры глядзяць, чаго не хапае, і пішуць у сацсеткі, каб прывозілі ці пераводзілі грошы на картку, нумар скідваюць у прыват тым, хто адгукаецца. Зранку на атрыманыя грошы набываюць гэтыя рэчы, квіток вывешваецца ў сацсеткі як публічная справаздача з падзякай. Да таго, цягам дня людзі самі падвозяць нейкія рэчы. Сёньня ўразіў вялікі пакунак рушнікоў і пасьцельнай бялізны – усё было чыстае і цэлае, старанна адпрасаванае…

 

Не распавяла, куды вядзе лесьвіца – на другім паверсе абсталявалі файны пакой для дзетак, са страшнага пакоя мастакі зрабілі вельмі прывабнае месца, на сьценах трава, дрэвы, аблокі, дамкі-вежы, матылі і г.д.



Вельмі ўтульна! На падлозе – мяккі ворс, зьверху горы лялек, столік для творчых працэсаў і псыхолягі-мамашы й проста жанчынкі забаўляюць там дзяцей, пакуль дарослыя дзеляцца сваімі бедамі ўнізе. Пасьля сканчэньня працоўнага дня (з 11 да 18 афіцыйна) у гэтым пакоі робяць нейкія абмеркаваньні ці проста адпачываюць валантэры.

 

А 16-й у будынак наплываюць журналісты зь вялікімі відэакамэрамі. Была вельмі занятая расфасоўкай, але мяне ўсё роўна заўважылі беларускія журналісты, якіх туды занесла. Затое крута, калі нарэшце здымаюць не цябе))

 

За тры гадзіны працы на выдачы вельмі стамілася, хацелася проста ўпасьці (як яны там па 7 гадзін валантэраць?!). І гэта прытым, што я мінімальна камунікавала зь людзьмі, ня ведала пра іх гісторыіі і беды…

 

Пазнаёмілася з цудоўнай Евай, атрымала заданьне на абзвон на бліжэйшыя дні. Напрасілася папрысутнічаць на іх сустрэчы па праблеме з ромамі, прызначанай на 18-ю. Дапаўзла наверх, уселася на файна зробленым коніку й слухала, не ўключалася ў агульны працэс. Сытуацыя такая: з зоны ДНР і ЛНР таксама едуць і ромы. Да іх шмат у каго асаблівае стаўленьне + яны малаадукаваныя пераважна + (і асноўнае) у іх пагалоўна амаль ніколі не было дакумантаў, а бязь іх яны ня могуць атрымаць мінімальнай сацыялкі (пенсій і г.д.). Вось стварылася каардынацыйная рада з розных актывістаў і праваабаронцаў, якія дасьледуюць дыскрымінацыю ромаў у гэтай сытуацыі, будуць лабіяваць спрошчаную працэдуру атрыманьня імі дакумантаў, а таксама вучыць іх праходзіць бюракратычныя працэдуры + дапамагаць уладкоўвацца недзе ў час іх высяленьня праз вайну. Цікава, што ў каардынацыйную раду ўваходзіць адзін рома па паходжаньні - вельмі адукаваны, пастар пратэстанцкай царквы, менавіта праз яго ўсё магчыма: ён і ведае праблемы і ведае, як зь імі размаўляць, бо для іх, праўда, патрэбны медыятар…

У нас вось з ромамі таксама шмат праблемаў, адчуваю, што іх шмат дзе дыскрымінуюць, і дакумантаў яны таксама ня маюць, але гісторыі пра іх абарону я чула толькі ў Гомелі, а так ніхто структурна імі не займаецца… Як унутраныя ізгоі са сваімі асаблівасьцямі.

 

Ня ўседзела да канца і зьбягаю ў горад у наступленні прыцемак. Становіцца цікава, ці знайду дарогу назад сама.

Разумею, што Харкаў мне вельмі падабаецца, месцамі ён мне нагадвае Кіеў, месцамі – Львоў і Чарнігаў. І ёсьць нешта адметнае ў гэтых украінскіх гарадах, ды ніяк не зразумею - што. Да таго ж, ад агульнай сытуацыі - шмат дзе нацыянальная сымболіка як знак еднасьці краіны. Часам нават не да канца верыцца, што за 300 км адсюль страляюць і забіваюць, бяруць у палон і катуюць…


Дарогу да сваёй кватэры-музэя я знаходжу дастаткова лёгка, горад мне таксама рады…

 

*Ацэнкі, выкладзеныя ў тэксьце, адлюстроўваюць выключна меркаваньне аўтара

Так выглядае бэйджык валантэра ініцыятывы Станцыя "Харкаў"
Дзіцячы пакой у пункце дапамогі перасяленцам у Харкаве. Фота Насты Лойка
Дзіцячы пакой у пункце дапамогі перасяленцам у Харкаве. Фота Насты Лойка
Дзіцячы пакой у пункце дапамогі перасяленцам у Харкаве. Фота Насты Лойка
Пакой-склад у пункце дапамогі перасяленцам у Харкаве. Фота Насты Лойка
Харкаўскія занатоўкі Насты Лойка

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства