viasna on patreon

У Данецкай і Луганскай абласцях няма гарантый бяспекі для гуманітарных місій

2014 2014-08-21T20:32:00+0300 2014-08-22T21:49:28+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/chyrvony_kryzh_ua.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Місія Чырвонага Крыжа ў Данецку. Фота: mediaport.ua

Місія Чырвонага Крыжа ў Данецку. Фота: mediaport.ua

Пра гэта заяўляе прадстаўнік Упраўлення Вярхоўнага камісара па справах бежанцаў ААН ва Украіне Олдрых Андрысек, распавядаючы пра становішча мірных жыхароў на тэрыторыях, непадкантрольных украінскай уладзе.

У Данецкай і Луганскай абласцях на тэрыторыях, якія знаходзяцца па-за кантролем украінскай улады, склалася вельмі напружаная сітуацыя. У выніку канфлікту атрымліваюць раненні і гінуць мірныя жыхары. Праз баі людзі тыднямі застаюцца без цэнтралізаванай падачы пітной вады. Аднак аказаць насельніцтву неабходную дапамогу ў існуючых умовах вельмі складана, бо няма гарантый бяспекі для прадстаўнікоў гуманітарных місій. Па словах рэгіянальнага прадстаўніка УВКБ ААН Олдрыха Андрысека, аўтамабілі гуманітарных місій затрымліваюць, нягледзячы на эмблемы "Чырвонага крыжа" або арганізацый, якія працуюць пад эгідай ААН.

"Напрыклад, прадстаўнікі "Чырвонага крыжа" вымушаныя былі з'ехаць з гэтых тэрыторый з-за небяспекі і непавагі да гуманітарнай працы. Пакінуць рэгіён вымушаныя былі таксама прадстаўнікі міжнароднай арганізацыі "Урачы без межаў". На месцах пакуль працуюць мясцовыя няўрадавыя арганізацыі, такія як Фонд Рыната Ахметава, але міжнародныя няўрадавыя ці іншыя арганізацыі лічаць немагчымым выконваць там свае функцыі", - заявіў Олдрых Андрысек у інтэрв'ю DW.

Колькасць вымушаных перасяленцаў на тэрыторыі Украіны ўжо перавысіла 100 тысяч чалавек, аднак выбрацца з захопленых гарадоў змаглі далёка не ўсе мірныя жыхары. "Людзі часта чакаюць да апошняга моманту, не пакідаюць дамы нават падчас баявых дзеянняў, нават калі даводзіцца доўгі час сядзець у падвалах. Многія проста не могуць з'ехаць - дарогі разбітыя, масты разбураныя. Або шлях з'яўляецца вельмі небяспечным. Не варта забываць і пра катэгорыі насельніцтва, у якіх няма рэсурсаў, каб паехаць, бо грамадскі транспарт часта з'яўляецца недаступным", - сказаў Олдрых Андрысек.

Сярод мірных жыхароў, якія пакінулі зону канфлікту, многія адправіліся да родных, аднак частка перасяленцаў мае патрэбу ў прадастаўленні часовага прытулку. "Ёсць некалькі катэгорый. З аднаго боку, гэта людзі, якія загадзя ведаюць, куды яны едуць. У іх ёсць сям'я і сябры, пэўныя рэсурсы і, як правіла, яны (такія людзі) нідзе не рэгіструюцца. Пераважна гэтыя людзі пераязджаюць у прылеглыя рэгіёны - у Харкаўскую, Днепрапятроўскую, Запарожскую вобласці, а таксама на поўдзень Данецкай", - распавёў прадстаўнік УВКБ ААН. Другая катэгорыя, паводле яго, гэта "людзі, якія бягуць ад агню". "Яны садзяцца на грамадскі транспарт або на ўласны аўтамабіль і проста ўцякаюць. Я нават бачыў машыны, прабітыя кулямі, на якіх беглі людзі. Гэтыя людзі не ведаюць, куды яны едуць, - проста далей ад небяспекі. І яны едуць у розных напрамках - некаторыя едуць у Крым, некаторыя ў Расію, а некаторыя - у іншыя рэгіёны Украіны. І гэта можа быць любы рэгіён - аж да Ужгараду. То бок, нейкай канкрэтнай схемы няма". Трэцяя катэгорыя перасяленцаў - тыя, каго эвакуююць з зоны баёў. “Сярод іх шмат інвалідаў, але ёсць і звычайныя мірныя людзі, якім стала цяжка выжываць у зоне баявых дзеянняў. Гэтыя людзі самастойна не выбіралі якога-небудзь пункту прызначэння, іх вязуць валанцёры або іншыя людзі ў спантанна арганізаваныя часовыя месцы знаходжання ў розных рэгіёнах Украіны”.

Большую частку дапамогі перасяленцам аказваюць, па звестках прадстаўніка УВКБ ААН ва Украіне, прыватныя асобы, прыватныя кампаніі і няўрадавыя арганізацыі. "Менавіта яны прадастаўляюць усё - пачынаючы ад прадуктаў і заканчваючы гігіенічнымі сродкамі. Нават у некаторых пунктах прыёму часовых перасяленцаў, створаных уладай, у большай ступені забеспячэнне прадастаўляецца няўрадавымі арганізацыямі. Адзін з такіх пунктаў я наведаў на мінулым тыдні і высветліў, што харчаваннем яго забяспечвае Фонд Рыната Ахметава".

Пры гэтым ён указаў на складанасці на дзяржаўным узроўні ў арганізацыі працы з перасяленцамі. Так, ва Украіне няма цэнтралізаванай сістэмы рэгістрацыі людзей, якія былі вымушаныя пакінуць свае дамы. “Праз гэта вельмі цяжка падлічыць нават такія рэчы, як, скажам, колькасць новых дзяцей, якія павінны пайсці ў школы ў тым ці іншым рэгіёне з пачаткам новага навучальнага года”.

Олдрых Андрысек таксама закрануў заканадаўчы аспект працы. “Наяўнае ва Украіне заканадаўства не дазваляе хутка і гнутка адрэагаваць на выклік, які мы маем. Закон, напрыклад, не дазваляе двайную рэгістрацыю, а гэта выклікае праблемы”, - сказаў Андрысек. Ён выказаў упэўненасць у тым, што Украіне неабходна новая сістэма рэгістрацыі, якая змагла б ахапіць кожную сям'ю перасяленцаў і дала б магчымасць зразумець, якія патрэбы ў такіх сем'яў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства