Экс-кандыдат у дэпутаты паскардзіўся ў ААН на адсутнасць суду
Экс-кандыдат у дэпутаты Гомельскага абласнога Савету ад Аб'яднанай грамадзянскай партыі (АГП), эканаміст Мікалай Новікаў прайшоў усе судовыя інстанцыі, але так і не змог дамагчыся ўзбуджэння справы па скарзе супраць ААТ "Палесдрук", дзе падчас мінулай выбарчай кампаніі яму адмовілі вырабіць агітацыйныя ўлёткі. Зараз АГПэшнік шукае абароны сваіх правоў у Камітэце ААН па правах чалавека, куды ён звярнуўся з індывідуальнай скаргаю.
Нагадаем, падчас правядзення мясцовых выбараў вясной бягучага году кандыдату ў дэпутаты ад АГП Мікалаю Новікаву дзяржаўная друкарня адмовілася друкаваць агітацыйныя ўлёткі. Дырэктар ААТ "Палесдрук" Аляксандр Курыленкапалічыў, што ўлётка АГПэшніка заклікае да зрыву выбараў.
Суд першай інстанцыі, куды незалежны кандыдат звярнуўся са скаргай, узбуджаць справу адмовіўся. На думку суддзі Чыгуначнага раёну ГомеляВіталя Козырава такога права не дае Выбарчы кодэкс. Аналагічную пазіцыю занялі і суддзі касацыйнай інстанцыі, а таксама старшыні абласнога і Вярхоўнага судоў.
"Звяртаючыся ў суды, я нагадаў аб канстытуцыйным праве кожнага на судовую абарону правоў і свабодаў. Таксама прывёў артыкул 6 ГПК, дзе чорным па белым напісана "адмова ў судовай абароне па матывах адсутнасці, непаўнаты, супярэчлівасці, няяснасьці нарматыўнага акта не дапускаецца. Калі Выбарчы кодэкс не дае права звярнуцца ў суд, ці азначае гэта, што не павінна дзейнічаць Канстытуцыя і міжнародныя гарантыі на доступ да правасуддзя, якія нам дае Міжнародны акт аб грамадзянскіх ды палітычных правах", - падвёў рысу экс-кандытат.
Мікалай Новікаў з дапамогаю Гомельскага Цэнтру стратэгічнай цяжбы просіць ААНаўскі Камітэт усталяваць факт парушэння яго права на доступ да правасуддзя паводле артыкула 14 у сукупнасці з артыкулам 2 Пакта, а таксама рэкамендаваць Ураду Беларусі змяніць Выбарчы кодэкс такім чынам, каб практыка яго прымянення не прыводзіла да адмовы ў правасуддзі.