viasna on patreon

Анджэй Пачобут: Ідзе барацьба са СМІ, што працуюць з-за мяжы

2014 2014-08-20T09:46:47+0300 2014-08-20T09:46:47+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/pachobuta.jpg
Журналіст Андрэй Пачобут

Журналіст Андрэй Пачобут

Беларускія ўлады не спыняюць барацьбу з незалежнымі медыя. Пра гэта заявіў у інтэрв'ю сайту charter97.org  журналіст польскай «Газеты Выборчай» Анджэй Пачобут.

- Апошнім часам павялічыўся ціск на незалежных журналістаў. Дырэктара «Радыё Рацыя» не пусцілі ў Беларусь. Берасцейскага журналіста спрабавалі завербаваць супрацоўнікі КДБ, блакуюць сайт charter97.org, магілёўскіх журналістаў пераследуюць за супрацоўніцтва з тэлеканалам «Белсат». З чым гэта можа быць звязана?

- Я думаю, што гэта пастаянны працэс. Нават не пагаджуся, што з'явілася нейкая актывізацыя. У «беларускім клімаце» ўвесь час ідзе барацьба з інтэрнэтам. Улады шукаюць розныя спосабы ўплыву на яго. У прыватнасці, ідзе барацьба са сродкамі масавай інфармацыі, якія транслююць свае перадачы з-за мяжы. Па сутнасці, мы бачым праяву беларускай «стабільнасці». Гэта значыць, са свабодай слова ў Беларусі стабільна ўсё дрэнна.

- Ці звязана гэта з падзеямі ва Украіне?

- З аднаго боку, падзеі ва Украіне спалохалі Лукашэнку. Мне здаецца, што тут небяспека крыху ў іншым. У грамадстве з'явіўся вельмі магутны «прарасійскі трэнд», які не кантралюецца ўладамі і з'яўляецца вынікам замежнай прапаганды, якая ліецца на беларускае грамадства праз расійскія СМІ. І гэта, мне здаецца, галоўнае, што спалохала беларускія ўлады. Яны не ведаюць, што рабіць у гэтай сітуацыі.

Папярэджанні «за працу без акрэдытацыі» былі заўсёды. У Гародні, я думаю, ужо няма журналістаў, якія працуюць на СМІ ў Польшчы і не былі б выкліканыя ў пракуратуру. Цяпер дайшла чарга і да Магілёва. Галоўная пагроза, на мой погляд, - гэта «магутны прарасейскі трэнд», які не ёсць вынікам дзейнасці беларускіх дзяржаўных СМІ, а ёсць вынікам дзейнасці расейскіх СМІ, якія не кантралююцца рэжымам Лукашэнкі. І што рабіць з гэтай сітуацыяй, відавочна, беларускія ўлады не ведаюць.

- Што ў гэтай сітуацыі варта рабіць журналістам, грамадзянскай і міжнароднай супольнасці?

- Тут сітуацыя вельмі простая. Той, хто знаходзіцца ў Беларусі і працуе ў сферы СМІ, павінен усведамляць, што ён можа патрапіць пад рэпрэсіі. І калі ён гэта ўсведамляе - ён падрыхтаваны. Горш, калі гэтага ўсведамлення няма, і чалавек можа патрапіць «пад раздачу», тады ўсё можа скончыцца вельмі дрэнна. Як вы і казалі: розныя вярбоўкі і гэтак далей. Гэта самае небяспечнае. Мне здаецца, што гэта пастанова чалавека. Што тычыцца вялікай палітыкі і нейкіх замежных рэакцый... У такіх умовах, калі ўсе глядзяць на Украіну, калі там адбываюцца страшныя рэчы, ідзе вайна, гінуць людзі, замежная дзяржава (я маю на ўвазе Расею) пастаўляе зброю, пасылае сваіх жаўнераў ва Украіну, гэты канфлікт з'яўляецца пагрозай бяспекі ўсіх суседзяў. Гэта цяпер цэнтральная сусветная падзея.

На гэтым фоне Лукашэнка, які робіць нейкія дробныя рэчы ў параўнанні з тым, што адбываецца ва Украіне, выпадае з поля зроку Захаду. Я думаю, што ён будзе карыстацца гэтым, каб мацней «прыкруціць гайкі» ўнутры краіны. На сённяшні дзень у дачыненні да апазіцыі, грамадскіх актывістаў гайкі ўжо настолькі закручаныя, што мне цяжка ўявіць, куды яшчэ можна далей закруціць - хіба што масава пачаць саджаць у турму на вялікія тэрміны.

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства