viasna on patreon

Civil Rights Defenders заклікала да вызвалення азербайджанскіх праваабаронцаў

2014 2014-08-18T09:45:11+0300 2014-08-18T09:54:43+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/robert-hord.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Роберт Хорд, выканаўчы дырэктар Civil Rights Defenders

Роберт Хорд, выканаўчы дырэктар Civil Rights Defenders

Шведская праваабарончая арганізацыя Civil Rights Defenders ад імя выканаўчага дырэктара Роберта Хорда звярнулася ў адкрытым лісце да прэзідэнта Азербайджана Ільхама Аліева, міністра юстыцыі Фікрэта Мамедава і генеральнага пракурора Закіра Гаралава.

"CivilRightsDefenders хацелі б выказаць нашу глыбокую занепакоенасць у сувязі з нядаўнімі арыштамі, па меншай меры, чатырох праваабаронцаў: Расула Джафарава, Інтыгама Аліева, Лэйлы Юнус і Арыфа Юнуса. Мы разглядаем гэтыя арышты як яшчэ адну прыкмету пагаршэння становішча з правамі чалавека ў вашай краіне. Азербайджан з'яўляецца ўдзельнікам Еўрапейскай канвенцыі па правах чалавека, якая гарантуе свабоду выказвання меркаванняў і свабоду аб'яднанняў. Таму мы заклікаем вас неадкладна вызваліць усіх чатырох праваабаронцаў.

Расул Джафараў быў арыштаваны ў Баку 2 жніўня і заключаны пад варту на тэрмін да трох месяцаў. Сп. Джафараў з'яўляецца старшынёй і адным з заснавальнікаў Клуба па правах чалавека, арганізацыі, якая займаецца абаронай і ўмацаваннем правоў чалавека ў Азербайджане. У ліпені ўлады замарозілі яго банкаўскія рахункі і пазбавілі яго пашпарта. Сп. Джафараў быў абвінавачаны ва ўхіленні ад выплаты падаткаў, незаконным прадпрымальніцтве і злоўжыванні ўладай. Здаецца, падобныя абвінавачванні вылучаныя супраць Інтыгама Аліева, Лэйлы Юнус і Арыфа Юнуса - абвінавачванні, якія відавочна маюць на мэце прымусіць іх замаўчаць. Іншы праваабаронца, Анар Мамедлі, заснавальнік Цэнтра маніторынгу выбараў і дэмакратыі, быў нядаўна прысуджаны да пяці гадоў пазбаўлення волі па тых жа абвінавачваннях, якія зараз вылучаюцца супраць сп. Джафарава ды ягоных калег.

З моманту стварэння Праваабарончага Клуба ў 2010 годзе, сп. Джафараў сутыкаўся з супрацівам з боку ўладаў у Азербайджане. Сярод іншага, арганізацыі было незаконна адмоўлена ў рэгістрацыі ў якасці некамерцыйнай, што цяпер дае магчымасць вылучаць абвінавачванні ва ўхіленні ад выплаты падаткаў і незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці ў дачыненні да сп. Джафарава. Тое ж адбылося з некалькімі іншымі арганізацыямі, указваючы на дзяржаўны супраціў стварэнню незалежных арганізацый грамадзянскай супольнасці.

Нядаўнія падзеі ў вашай краіне асабліва шакуюць у сувязі з цяперашнім старшынствам Азербайджана ў Камітэце міністраў Рады Еўропы. Праз сваё сяброўства ў Радзе Азербайджан заявіў пра сваю прыхільнасць павазе і абароне правоў чалавека. Звяртаем вашую ўвагу на тое, што Упаўнаважаны па правах чалавека Рады Еўропы неаднаразова выказваў сур'ёзную заклапочанасць з нагоды працяглых парушэнняў свабоды выказвання меркаванняў і свабоды аб'яднанняў у вашай краіне.

Мы заклікаем вас спрыяць неадкладнаму і безумоўнаму вызваленню Расула Джафарава, Інтыгама Аліева, Лэйлы Юнус і Арыфа Юнуса. Акрамя таго, мы заклікаем Вас гарантаваць ім бесперашкодны доступ да прававой і медыцынскай дапамогі падчас зняволення ў адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі.

Civil Rights Defenders таксама заклікаюць улады Азербайджана прыняць усе неабходныя меры ў адпаведнасці з Дэкларацыяй ААН аб праваабаронцах дзеля забеспячэння абароны ўсіх праваабаронцаў і развіцця асяроддзя, у якім яны маглі б працягваць сваю законную дзейнасць ва ўмовах бяспекі і міру".

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства