Новая спроба рэгістрацыі аб'яднання “Спадчына”
Бярозаўскія і лідзкія актывісты аднавілі спробу зарэгістраваць грамадзкае культурна-асьветніцкае аб’яднаньне “Спадчына”.
Пасьля правядзеньня ўстаноўчага сходу, прадстаўнікі аргкамітэту па стварэньні арганізацыі падалі неабходныя дакумэнты ва Ўпраўленьне юстыцыі Гарадзенскага аблвыканкаму.
Мэта аб’яднаньня — спрыяць захаваньню роднай мовы, набыткаў продкаў, культурных традыцыяў, таму назва “Спадчына” абраная не выпадкова.
Сяргей Трафімчык, ініцыятар стварэньня аб’яднаньня, спадзяецца на рэгістрацыю арганізацыі, бо ў заснавальнікаў “Спадчыны” шмат ідэяў і напрацовак:
— Людзі хочуць працаваць, і хочуць працаваць легальна. Не хавацца, не хвалявацца за артыкул 193.1 КК РБ, які прадугледжвае адказнасьць за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі.
У мінулы раз грамадзяне спрабавалі зарэгістраваць “Спадчыну” як гарадзкую арганізацыю, гэтым разам — як раённую. Па словах спадара Трафімчыка, цягам апошніх пяці гадоў актывісты значна пашырылі кола сваіх знаёмых і аднадумцаў, таму абралі новы фармат, каб дзейнічаць ня толькі ў Бярозаўцы, але на тэрыторыі ўсяго Лідзкага раёну.
Галоўнае ўпраўленьне юстыцыі Гарадзенскага аблвыканкаму ў 2009 годзе ўжо адмаўляла ў рэгістрацыі грамадзкаму культурна-асьветніцкаму аб’яднаньню “Спадчына”. Асноўная падстава адмовы — некалькі хібаў, неадпаведнасьцяў у статуце арганізацыі. Праз суд адстаяць сваю пазыцыю актывістам не ўдалося.
Вынікі другой спробы рэгістрацыі арганізацыі “Спадчына” стануць вядомыя цягам месяца.