viasna on patreon

Андрэй Макарэвіч: У Славянску працуюць фантаны, дзеці катаюцца на роварах

2014 2014-08-14T16:59:30+0300 2014-08-14T16:59:47+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/makarevich.jpg
Расійскі музыка Андрэй Макарэвіч

Расійскі музыка Андрэй Макарэвіч

Музыка распавёў Радыё Свабода пра паездку ў Славянск і канцэрт для дзяцей украінскіх уцекачоў у Сьвятагорску.

12 жніўня на запрашэньне Фонду валянтэраў Украіны расейскі музыка наведаў рэгіёны Данбасу, вызваленыя ад сэпаратыстаў.

Макарэвіч вядомы сваёй актыўнай антыкрамлёўскай пазыцыяй, якая выклікае жорсткую крытыку і нават абразы ў расейскіх СМІ. Так, расейскае выданьне «Камсамольскай праўды» матэрыял пра паездку Макарэвіча ва Ўкраіну выпусьціла пад загалоўкам «Поющие перед карателями: Андрей Макаревич выступит в городах, занятых украинскими войсками».

Як выглядае Славянск, ці бясьпечна яму ў Расеі і калі ўсё гэта скончыцца — пра гэта Андрэй Макарэвіч распавёў Радыё Свабода.

Пра Славянск

Там грае музыка на плошчы, працуюць фантаны, дзеці катаюцца на роварах.

У горадзе ідзе нармальнае жыцьцё, людзі вяртаюцца. Абстаноўка абсалютна мірная. За тры тыдні ўсё прывялі ў парадак.

Горад аднаўляецца досыць хутка. Цэнтар амаль адноўлены, а па ўскраінах яшчэ ёсьць сапраўды сур’ёзныя разбурэньні — там, дзе завод, дзе быў узарваны мост праз раку. Там сапраўды відаць, наколькі ўсё сур’ёзна было. Сам горад пацярпеў у меншай ступені. Таму яго ўдалося за такі кароткі тэрмін прывесьці ў парадак.

Але ў горадзе ідзе нармальнае жыцьцё, людзі вяртаюцца. Абстаноўка абсалютна мірная. За тры тыдні ўсё прывялі ў парадак.

Пра шлях ва Ўкраіну

Я лёгка пагадзіўся на гэтую прапанову. Складана было знайсьці час. І досыць складана было пракласьці правільны маршрут. Бо гэта за 100 км ад Харкава. Туды з Масквы самалёты ня лётаюць, паветраная прастора перакрытая. З Кіева ў Харкаў лётаюць не заўжды цяпер. Таму доўга думалі, як дабірацца. Давялося ляцець да Белгараду, а зь Белгараду на машыне ехаць да Харкава, там на машыне ўжо ехаць на Сьвятагорск. Але ўсё прайшло добра.

Ніякіх эксцэсаў па дарозе не было, і ніякіх ваенных дзеяньняў я ня бачыў. Але ў маю задачу і не ўваходзіла заяжджаць на тэрыторыю, дзе вядуцца ваенныя дзеяньні.

Пра людзей

У мяне не было зь мясцовымі жыхарамі нейкай доўгай камунікацыі. Зь вельмі простай прычыны. Вы ж цудоўна разумееце, што як толькі ты прыяжджаеш, — на цябе ўсе накідваюцца, пачынаюць дзякаваць, фатаграфуюцца з табой, а пасьля бяруць у цябе аўтограф. А іх адпіхваюць сотні іншых людзей. Вельмі цяжка было камунікаваць.

Пра лягер уцекачоў і працу валянтэраў

Я наведаў лягер (у Сьвятагорску. — Рэд.), у якім абстаноўка вельмі прыстойная. І гэты лягер ні ў чым ня мае нястачы, я сам гэта бачыў. Цалкам магчыма, што ёсьць і іншыя лягеры. Па ўсёй Украіне разьмеркавана каля ста тысяч уцекачоў, і я не магу сьцьвярджаць, што ў іх усё ў парадку.

Да мяне цудоўна ставіліся. Былі вельмі ўдзячныя і вельмі добра мяне прымалі. Вельмі добра працуюць валянтэры. Гэта людзі, якія не зьвязаныя з уладай, яны самі робяць вельмі шмат карыснага. У прыватнасьці, перад маім прыездам яны сабралі тры фуры гуманітарнай дапамогі для гэтых лягераў.

Там ёсьць некалькі валянтэрскіх фондаў, і ў звычайным жыцьці гэта самыя розныя людзі — і студэнты, і бізнэсоўцы. Мне вельмі спадабалася. Яны працуюць вельмі прафэсійна, вельмі зладжана. Напэўна, таму, што за час падзеяў ужо сабралі нялёгкі досьвед. У мяне да іх засталіся самыя цёплыя адчуваньні.

Пра канцэрт і дзяцей

Сьпяваў я для дзяцей. Гэта была вельмі вялікая заля, напоўненая дзецьмі ўцекачоў ва ўзросьце недзе ад 8 да 14 гадоў.

Сьпяваў я для дзяцей. Гэта была вельмі вялікая заля, напоўненая дзецьмі ўцекачоў ва ўзросьце недзе ад 8 да 14 гадоў. Прайшло тры тыдні, і, на мой погляд, гэтыя дзеці ўжо не адрозьніваюцца ад любых іншых

Я сьпяваў тры песьні: «Костер», «Три окна» і «Света на свете чуть больше, чем тьмы».

Прайшло тры тыдні, і, на мой погляд, гэтыя дзеці ўжо не адрозьніваюцца ад любых іншых. Але, напэўна, як толькі яны адтуль выбраліся, яны выглядалі інакш. Ведаю, што шмат з кім працавалі дзіцячыя псыхолягі. Але нічога трагічнага яны мне не распавядалі.

Пра цкаваньне ў Расеі

Гэта стаўленьне не расейскага грамадзтва, а афіцыйнай прэсы. Пра іхную прыстойнасьць даўно вядома. Яны абслугоўваюць дзяржаву, яны працуюць паводле прынцыпу «чего изволите». Яны заўжды так працавалі — і пры савецкай уладзе, і цяпер. Нічога новага для мяне тут няма. Я іх проста не чытаю — і ўсё.

Пакуль я сутыкаюся толькі з тымі, хто мяне падтрымлівае. Вось ані разу я не сутыкаўся з тымі, хто спрабаваў бы мне нешта нэгатыўнае выказаць. Не было такога. А тых, хто падтрымлівае мяне, іх вельмі шмат.

Ці бясьпечна адчувае Макарэвіч сябе ў Расеі?

У сьвеце цяпер увогуле складана пачувацца бясьпечна. Сьвет знаходзіцца ў нейкай няўстойлівай фазе. Але лепш думаць пра добрае. Я заўжды так раблю.

Чым усё скончыцца?

Я заўжды спадзяюся на лепшае. А меркаваць нешта цяпер складана. Бо невядома, што адбудзецца заўтра.

Расейскі сьпявак Андрэй Макарэвіч яшчэ ў лютым жорстка выказаўся супраць расейскага вайсковага ўварваньня ва Ўкраіну.

Ягоная пазыцыя наконт украінскіх падзеяў ня стала нечаканасьцю. Летам 2012 году музыка нават напісаў Уладзімеру Пуціну адкрыты ліст, у якім зьвяртаў увагу на надзвычайны ўзровень карупцыі ў краіне. Расейскі прэзыдэнт адказаў музыканту на сайце той жа газэты «Московский комсомолец», дзе быў апублікаваны ліст. Яшчэ раней Макарэвіч асудзіў прысуд Pussy Riot.

Апошнім часам Макарэвіч запісаў некалькі вострапалітычных песень, найбольш вядомыя зь якіх — «Пуцін едзе ў Халуёва» і «Амапаўскі вальсок». Песьні аб’яднаныя ў альбом з красамоўнай назвай «Хроника текущих событий». Менавіта такую назву меў самвыдатаўскі праваабарончы бюлетэнь, які выходзіў у Савецкім Саюзе.

Андрэя Макарэвіча часта бачаць на дэмакратычных мітынгах. Ён удзельнік акцыі «Кантрольная прагулка».

15 сакавіка Макарэвіч удзельнічаў у дэманстрацыі супраць вайны ва Ўкраіне, пасьля якой пакінуў у блогу наступны запіс: «В спину: „Андрюха! Жид Бандере продался!“. Боюсь, этот народ уже не спасти...»

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства