У Бялыніцкім раёне педагогаў і сацыяльных работнікаў абавязалі адпрацаваць на зернетоках
У Бялыніцкім раёне кожны работнік сельскіх устаноў адукацыі і культуры, сельскіх саветаў, а таксама сацыяльныя работнікі, якія абслугоўваюць пажылых людзей у сельскай мясцовасці, у абавязковым парадку абавязаны адпрацаваць адну-дзве працоўныя змены на зернетоках у мясцовых гаспадарках.
Адпаведныя ўстаноўкі былі атрыманы з мясцовага райвыканкама, і зараз настаўнікі, выхавацелі дзіцячых садкоў і работнікі культуры ў сельскай мясцовасці, згодна складзенаму кіраўніцтвам устаноў графіку, працуюць у сельскагаспдарчых прадпрыемствах, аказваючы дапамогу па ўборцы ўраджаю.
Адпрацаваць на зернетоках былі вымушаныя нават тыя педагогі, якія зараз знаходзяцца ў адпачынку, такі загад яны атрымалі ад кіраўніцтва сваіх устаноў адукацыі. Як кажуць самі педагогі, такія “працоўныя вахты” будуць працягвацца да 18 жніўня, калі ўборка збожжа ў Бялыніцкім раёне павінна быць цалкам завершана.
Многія з педагогаў незадаволены такім вось “добраахвотна-прымусовым” абавязкам па аказанню дапамогі сельгаспрадпрыемствам, аднак неяк выказваць галосна свой пратэст яны асцерагаюцца, баючыся магчымых праблем на працы, і абмяжоўваюцца скаргамі ў прыватных гутарках.
Таксама работнікі на ніве адукацыі і культуры наракаюць на тое, што часцяком праца на зернетоках у гаспадарках арганізаваная вельмі дрэнна, збіраецца шмат людзей, а неабходнага для выканання аб’ёму работ няма, і іх дапамога там проста не патрэбная.
Чыноўнікі ж з Бялыніцкага райвыканкама кажуць пра тое, што супрацоўнікі бюджэтных арганізацый Бялыніцкага раёна самі ў добраахвотным парадку аказваюць неабходную дапамогу працаўнікам вёскі, дапамагаючы ім ва ўборцы ўраджаю.