Праваабаронцы: Змяніць сітуацыю ў Крыме можа толькі моцная грамадзянская супольнасць
Старшыня Крымскай палявой місіі па правах чалавека Андрэй Юраў лічыць, што ў Крыму неабходна ўзмацняць арганізацыі грамадзянскай супольнасці, паколькі за год грамадзянскія свабоды будуць згорнутыя, як у Расіі за 15 гадоў.
Пра гэта ішла гаворка падчас прэс-канферэнцыі прадстаўнікоў Крымскай палявой місіі па правах чалавека 4 жніўня ў Кіеве.
Крымская палявая місія па правах чалавека, якая працуе на тэрыторыі паўвострава з пачатку сакавіка, фіксуе шматлікія парушэнні правоў чалавека. Сярод іх не толькі парушэнні правоў асобных грамадзянаў, але і цэлых групаў - этнічных, рэлігійных, моўных.
Сярод такіх парушэнняў - адразу некалькі сур'ёзных абмежаванняў свабоды мірных сходаў. У прыватнасці, забарона мітынгу памяці ахвяраў дэпартацыі 18 траўня і разгон мітынгу супраць карупцыі ў Севастопалі ў красавіку.
Дагэтуль не расследаваныя выпадкі катаванняў і забойстваў, учыненых з сакавіка па красавік: крымскага татарына Рашата Аметава, маёра ўкраінскіх ВМС Станіслава Карачэўскага і выхадца Ровенскай вобласці 16-гадовага Марка Іванюка.
Прадстаўленая пракуратурай інфармацыя выклікае сур'ёзныя сумневыў тым, наколькі эфектыўна вядзецца расследаванне выкраданняў актывістаў, якія адбыліся ў канцы траўня. А менавіта, 22 траўня знік удзельнік ініцыятыўнай групы «Украінскі народны дом» Леанід Корж; 26 траўня знік Цімур Шаймарданаў; 30 траўня быў выкрадзены Сяйран Зінедзін. Усе трое зніклых былі актывістамі руху за цэласнасць Украіны і аказвалі дапамогу ўкраінскім вайскоўцам у Крыме ў перыяд іх блакады (у лютым-сакавіку 2014 года).
Крымская палявая місія таксама зафіксавала шэраг выпадкаў ціску на журналістаў. Гэта незаконныя канфіскацыі тэхнікі, збіццё і незаконныя затрыманні журналістаў пры выкананні сваіх абавязкаў.
Акрамя таго, КПМ звяртае ўвагу на сістэмныя парушэнні правоў нарказалежных і зняволеных. У прыватнасці, гаворка ідзе пра адмену метадонавай тэрапіі і немагчымасці выйсці на волю паводле ўкраінскіх законаў аб амністыі.
«Цэлы шэраг парушэнняў правоў чалавека ў Крыме таксама звязаны з дзеяннямі мясцовай самаабароны. Зафіксаваныя неаднаразовыя выпадкі незаконнага затрымання і прымянення фізічнай сілы з боку гэтага незаконнага ваенізаванага фармавання. Пры гэтым крымская ўлада спрабуе нават легалізаваць такія незаконныя фармаванні», - адзначыў Андрэй Юраў.
Істотнай для многіх людзей у Крыме застаецца міграцыйная і пашпартная праблема, а таксама праблема грамадзянства.
Па інфармацыі кіраўніка КПМ, у складанай сітуацыі апынуліся людзі, якія не паспелі адмовіцца ад расійскага грамадзянства:
«Ёсць вялікая праблема з людзьмі, якія хацелі б адмовіцца, але не паспелі ў мінулыя месяцы. Справа ў тым, што само «дараванне» расейскага грамадзянства вельмі нагадвала сітуацыю з прыгонам. Калі людзі разам з зямлёй аўтаматычна перайшлі ў грамадзянства іншай краіны. То бок з пункту гледжання міжнароднага права, людзі, якія хацелі б атрымаць расійскае грамадзянства, павінны былі пісаць заяву, а не людзі, якія хацелі б пакінуць грамадзянства, павінны былі адмысловым дзіўным чынам пісаць заяву», - заявіў Юраў.
Як паведаміла Вольга Скрыпнік, намесніца старшыні Крымскай палявой місіі і кіраўнік Цэнтра грамадзянскай асветы «Альменда», украінскія ўлады не могуць вырашыць усіх праблемаў крымчан, якія засталіся грамадзянамі Украіны.
«Закон аб забеспячэнні правоў і свабодаў грамадзянаў на часова акупаванай тэрыторыі Украіны ў поўнай меры не працуе, бо дагэтульне створаны канкрэтныя механізмы для яго рэалізацыі. Каб ён у поўнай меры працаваў, Кабінет міністраў Украіны павінен быў прыняць больш за дзесяць пастаноў яшчэ ў пачатку траўня, але да цяперашняга часу гэтых дакументаў няма. Гэта стварае шмат праблемаў і прававую нявызначанасць для тых жыхароў Крыма, якія хочуць заставацца грамадзянамі Украіны», - сказала Вольга Скрыпнік.
Праваабаронца адзначыла, што крымскія ўлады з дапамогай законаў РФ і мясцовых рашэнняў па сутнасці ствараюць такія ўмовы, якія вымушаюць крымчанаў браць расійскія пашпарты.
Па словах Андрэя Юрава, сітуацыя з правамі чалавека ў Крыме зможа змяніцца да лепшага толькі калі там з'явіцца моцная грамадзянская супольнасць. «Само сабой нічога не зменіцца, карціна будзе станавіцца толькі больш змрочнай, - дадаў ён. - Менавіта таму важна, насуперак нарастаючаму ціску, захоўваць і развіваць грамадзянскія інстытуты ў Крыме».