Мікалай Статкевіч: пачасьціліся дробныя правакацыі
Былы кандыдат на прэзыдэнта Мікалай Статкевіч падчас тэлефоннай размовы з жонкай паведаміў пра новыя дробныя правакацыі супроць яго ў магілёўскай турме.
Марына Адамовіч: «Кажа, што рэальна нешта адбываецца: нейкая мітусьня, дробныя правакацыі пачасьціліся, газэты прыносяць, толькі калі тры разы нагадаеш, а некаторыя не даносяць зусім, лісты блякуюць. Плюс дружна сталі праводзіць зь ім розныя выхаваўчыя гутаркі. Ня ведаю, з чым ён гэта зьвязвае, але ад сябе скажу, што такая рэакцыя звычайна супадае з прыкметамі перамоваў уладаў з прадстаўнікамі Эўропы».
Таксама Мікалай Статкевіч падзяліўся навіной пра турэмнае харчаваньне, перадае Марына Адамовіч.
«Першы раз за апошнія 4 ці колькі месяцаў раптам далі бігас. У іх лета заўсёды галоднае, нічога з вітамінаў не бывае, а тут раптам далі бігас. Для яго гэтак неяк паказальна».
Капуста, як мяркуе Мікалай Статкевіч, зь мінулага ўраджаю, і таму якасьць бігасу была ня лепшай. Увогуле ў магілёўскай турме, дзе сядзіць Мікалай Статкевіч, вязьні трывала адчуваюць недахоп вітамінаў.
А як Статкевіч перажывае цяперашнюю сьпякоту? Паводле Марыны Адамовіч, на сьпякоту ў камэры ён пакуль ня скардзіўся: «Ягоная камэра знаходзіцца пад дахам і збольшага там сапраўды сьпякотна. Але, магчыма таму, што камэра з паўночнага боку турмы, то яшчэ можна трываць. Горш тым, каму сонца ўвесь дзень сьвеціць у вакно. Але ўсё роўна цяжка».
Былога кандыдата на прэзыдэнта Мікалая Статкевіча асудзілі на 6 гадоў зьняволеньня нібыта за арганізацыю масавых беспарадкаў у дзень прэзыдэнцкіх выбараў 19 сьнежня 2010 году. Статкевіч сваёй віны не прызнаў. Палітык тлумачыць перасьлед помстай за крытыку на адрас Лукашэнкі.