Звыш 40 пікетаў, планаваных у Гомелі, забаронены гарвыканкамам
Гомельскі гарвыканкам традыцыйна не даў дазвол на правядзенне ў абласным цэнтры пікетаў. Нагадаем, праваабаронцы і актывісты дэмакратычных арганізацый і палітычных партый планавалі правесці ў Гомелі 27 ліпеня, у гадавіну прыняцця Дэкларацыі аб суверэнітэце, 40 пікетаў.
Гарвыканкам адказаў, што заяўнікі не выканалі патрабаванні мясцовага рашэння, паводле якога кожны арганізатар мерапрыемства павінен папярэдне заключыць дамовы і аплаціць паслугі хуткай дапамогі і камунальных службаў. Таксама ў адмове чыноўнікі спаслаліся на тое, што заяўнікі планавалі правесці мерапрыемствы ў найбольш людных месцах абласнога цэнтру ў той час, як рашэнне дазваляе праводзіць пікеты ды іншыя мерапрыемствы толькі ў двух месцах – у аддаленым раёне, каля прамысловых збудаванняў і каля стадыёна на ўскраіне горада.
Тым часам, дамовы заключыць з «хуткай» і камунальнымі службамі немагчыма. «Хуткая» адказвае, што не хапае аўтамабіляў, а камунальнікі спасылаюцца на недахоп кадраў.
21 ліпеня атрымалі таксама адмову на сваю заяўку праваабаронцы, якія хацелі правесці пікет 4 жніўня з мэтай нагадаць грамадскасці пра наяўнасць у краіне палітвязняў.
У Гомелі з 2004 года ўлады не дазволілі правядзенне ніводнага пікету, мітынгу ці шэсця, якія ініцыявалі дэмакратычныя актывісты.