Газета "НАШ Магілёў" бярэ пад грамадскі кантроль рэканструкцыю гістарычных аб'ектаў горада
Мясцовыя журналісты збіраюцца кантраляваць ход рамонтных прац гісторыка-культурнай спадчыны Магілёва і інфармаваць пра гэта грамадзян.
- У гэтым годзе вызначана пяць дамоў, якія павінны быць капітальна адрамантаваны. Гэта гістарычныя будынкі, якія размяшчаюцца ў цэнтры горада. Прайшло ўжо паўгады, а там і "конь не валяўся", - кажа галоўны рэдактар незалежнай газеты "НАШ Магілёў" Ігар Барысаў.
"НАШ Магілёў" мае засцярогу, што рамонт некаторых будынкаў можа быць сарваны і ў некаторых выпадках зацягнецца на доўгія гады, як гэта адбываецца перыядычна ў горадзе.
Каб пазбегнуць зацягвання тэрмінаў, рэдакцыя незалежнага выдання падрыхтавала калектыўны зварот да магілёўскіх чыноўнікаў, ад якіх просіць даць грунтоўны адказ як адбываецца пошук інвестараў для продажу гэтых дамоў, а таксама як ідзе іх рэканструкцыя.
Нагадаем, што напачатку 2014 года магілёўскія чыноўнікі вызначылі 5 дамоў у гістарычным цэнтры Магілёва, якія будуць рэканструявацца . У гэты спіс увайшлі дом №17 па завулку Камісарыяцкаму, дамы №15 і №17 па вуліцы Першамайскай, дом №33 па вуліцы Піянерскай, а таксама дом №10 па завулку Пажарнаму.