Віншаванні да гадавіны прыняцця Дэкларацыі аб суверэнітэце даслалі палітвязням з Бялыніцкага раёна
21 ліпеня грамадскія актывісты Бялыніцкага раёна напісалі і даслалі віншавальныя паштоўкі да гадавіны прыняцця Дэкларацыі аб суверэнітэце 27 ліпеня ўсім беларускім палітвязням.
У паштоўках актывісты жадалі палітвязням здароўя, мужнасці і цярпення, а таксама выказвалі спадзяванне на тое, што Беларусь ужо ў хуткім часе стане сапраўды незалежнай квітнеючай краінай з дэмакратычнымі традыцыямі.
Неабходна адзначыць, што большасць беларускіх палітвязняў – пяць чалавек – адбываюць сваё пакаранне менавіта на тэрыторыі Магілёўскай вобласці. Бялыніцкія актывісты імкнуцца аказваць палітвязням пастаянную падтрымку, дасылаючы ім лісты і паштоўкі з пажаданнямі дабра і надзеі на лепшую будучыню.
З 1991-га па 1996 год галоўнае нацыянальнае свята нашай краіны — Дзень Незалежнасці — адзначалася менавіта 27 ліпеня. 27 ліпеня 1990 года Вярхоўны Савет Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце. Яна абвясціла поўны дзяржаўны суверэнітэт БССР як вяршэнства, самастойнасць і паўнату дзяржаўнай улады рэспублікі ў межах яе тэрыторыі, правамоцнасць яе законаў і незалежнасць знешніх адносін.
25 жніўня 1991 года Дэкларацыя атрымала статус канстытуцыйнага закона, на падставе якога былі ўнесеныя змены і дапаўненні ў Канстытуцыю БССР 1978 года.