Пад Оршай затрымалі распаўсюднікаў расійскіх сцяжкоў
Пытанне, чаму за выкарыстанне бел-чырвона-белага сцяга забіраюць у пастарунак, а расійскія сцяжкі бесперашкодна распаўсюджваюцца, нават калі гэта выклікае абурэнне грамадзян, паўстала ўжо даўно. Урэшце аршанская міліцыя адрэагавала.
Аршанец Яўген Анішчанка, актывіст аргкамітэту па стварэнні партыі БХД, распавёў пра інцыдэнт каля станцыі Хорабрава пад Оршай:
"Мы ўбачылі двух хлопцаў са сцяжкамі, сцяжкоў у іх было шмат – яўна не для ўласнага выкарыстання. І выклікалі міліцыю. Міліцыянты адрэагавалі хутка: прыехалі, затрымалі распаўсюднікаў - а гэта аказаліся хлопцы з Барысава – і склалі адміністрацыйныя пратаколы за несанкцыянаваны гандаль. Абодва хлопцы глуханямыя, аднак яны здолелі патлумачыць, што сцяжкі ім прывозяць з Расіі бясплатна, а ў Беларусі яны іх прадаюць за грошы. Такім чынам зарабляюць".
Гэта першы выпадак, калі міліцыя адэкватна адрэагавала на скаргі наконт распаўсюду расійскіх трыкалораў. Бо некалькі месяцаў таму падобны інцыдэнт адбыўся ў Віцебску, але міліцыянты так і не прыехалі разбірацца са скаргай праваабаронцы Паўла Левінава:
"Я бачыў, што расійскія сцяжкі дзяўчына распаўсюджвае проста на дарозе: пакуль машыны стаяць на светлафоры, яна падыходзіць да кіроўцаў і прадае сцяжкі. І адбываецца гэта ў самым цэнтры Віцебску, каля плошчы Перамогі. Такім чынам, ствараеца аварыйная сітуацыя, парушаны правілы дарожнага руху, могуць пацярпець людзі…. Пра ўсё гэта я распавёў дзяжурнаму па тэлефоне 109. Патэлефанаваў і ў ДАІ, мне паабяцалі, што "прыедуць і разбяруцца", аднак ніхто так і не прыехаў".