viasna on patreon

Калінкавічы: Дзяніс Рабянок збіраецца скардзіцца ў Камітэт ААН на несправядлівае правасуддзе

2014 2014-07-16T11:04:34+0300 2014-07-16T11:04:34+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kalinkavichy-rabianok-dzianis.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Дзяніс Рабянок

Дзяніс Рабянок

Больш за паўтары гады шукае справядлівасці ў судовых інстанцыях актывіст АГП Дзяніс Рабянок. Днямі ён атрымаў адказ на сваю скаргу з Вярхоўнага суда, які прызнаў законнымі рашэнні Калінкавіцкага раённага суда.

Нагадаем, яшчэ ў красавіку 2013 года Дзяніс Рабянок стаў ахвярай нападу суседа па дому, які распыліў маладому чалавеку ў твар газавы балончык. У выніку актывіст атрымаў апёк вачэй. Міліцыя ж склала пратакол на ахвяру нападзення, абвінаваціўшы яго ў нападзе на суседа.

У чэрвені 2013 года суд Калінкавіцкага раёна прызнаў Дзяніса Рабянка вінаватым у парушэнні артыкула 9.1 адміністрацыйнага кодэксу і пакараў штрафам. Пасля скаргі ў абласны суд пастанова раённага суда была адменена, а справа накіравана на новы разгляд. Новы разгляд прайшоў «па-старому» - суддзя зноў прызнала Дзяніса вінаватым, але спыніла справу з-за таго, што сышоў тэрмін прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці.

У той жа час Дзяніс Рабянок дабіваўся прыцягнення да адказнасці нападніка-суседа.

Шматмесячная эпапея мностваў зваротаў у розныя інстанцыі скончылася тым, што суд над грамадзянінам, які распыліў у вочы актывісту АГП газавы балончык, усё ж такі адбыўся (пасля падачы 2-х скаргаў у абласны суд), але ўсё тая ж суддзя раённага суду Савасцянава прызнала дзеянні нападніка законнымі і спыніла справу.

Дзяніс Рабянок абскардзіў дадзеную пастанову ў Гомельскі абласны суд, старшыні Гомельскага абласнога суда і, нарэшце, у Вярхоўны суд. Днямі актывіст АГП атрымаў адказ на сваю скаргу з Вярхоўнага суда, згодна з якім пастанова суддзі Савасцянавай прызнаная «абгрунтаванай», а «падстаў для скасавання судовых пастаноў, якія былі вынесеныя па дадзенай справе... не маецца».

Сам Дзяніс Рабянок лічыць, што атрыманы адказ з Вярхоўнага суда нагадвае звычайную бюракратычную адпіску, а не адказ па сутнасці з аналізам выкладзеных у скарзе довадаў.

«У дасланай у Вярхоўны суд скарзе я паслядоўна і абгрунтавана выклаў усе супярэчнасці і парушэнні заканадаўства, якія былі зафіксаваныя падчас разгляду справы ў судзе Калінкавіцкага раёна. Раённы суд цалкам адкінуў сведчанні трох маіх сведак, ніяк не патлумачыўшы, чаму ён іх не прымае. Суд Калінкавіцкага раёна, а следам за ім і Вярхоўны суд, як выглядае, дзеляць грамадзян на людзей першага і другога гатунку», - пракаментаваў справу актывіст.

«Я не верыў у справядлівы разбор дадзенай справы з самага пачатку, але свядома прайшоў усе прыступкі сістэмы. Я яшчэ раз пераканаўся, што наша дзяржава не абараняе законныя правы і інтарэсы грамадзян, а наадварот – свядома парушае іх. Я атрымаў апёк вачэй (яшчэ невядома чым гэта адгукнецца ў будучыні), з моцнай алергічнай рэакцыяй быў дастаўлены ў шпіталь і мяне ж зрабілі вінаватым! Той жа, каго я як быццам «моцна збіў» нават не звярнуўся за медыцынскай дапамогай, а сеў у машыну і задаволены паехаў па сваіх справах», - звяртае ўвагу Дзяніс Рабянок.

Зараз Дзяніс Рабянок плануе падаць скаргу ў Камітэт ААН па правах чалавека на парушэнне яго правоў згодна артыкулам 14 і 26 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах. Так, артыкул 14 Пакту сцвярджае, што «кожны мае права... на справядлівы і публічны разбор справы кампетэнтным, незалежным і бесстароннім судом». Згодна артыкулу 26, усе людзі роўныя перад законам і маюць права без усякай дыскрымінацыі на роўную абарону закону.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства