Жонка зьніклага палітыка Віктара Ганчара Зінаіда Ганчар накіравала ліст міністру юстыцыі ў абарону Праваабарончага цэнтру “Вясна”.
У лісьце, які накіравала Зінаіда Ганчар міністру юстыцыі В. Галаванаву, жонка выкрадзенага ў верасьні 1999 году палітыка піша: “На працягу чатырох гадоў пасьля выкраданьня майго мужа Праваабарончы цэнтр “Вясна” аказваў і працягвае аказваць дапамогу і падтрымку мне і маёй сям’і. Я не юрыст, і калі адбылася гэтае старшная падзея, мне было цяжка зарыентавацца, што рабіць, да каго зьвяртацца, ад каго залежыць лёс майго мужа. У Праваабарончым цэнтры “Вясна” мне дапамаглі парадай, добрым словам, матэрыяльна, а таксама садзейнічаньнем у арганізацыі юрыдычнай дапамогі.
Мне вельмі шкада, што Міністэрства юстыцыі вынесла зыск аб ліквідацыі гэтай арганізацыі. На жаль, у гэты цяжкі час для краіны і для яе грамадзянаў засталося так мала добрых і спагадлівых людзей, якія здольныя прыйсьці на дапамогу ў чяжкую хвіліну.
Я вельмі прашу вас выкарыстаць усе магчымасьці дзеля таго, каб Праваабарончы цэнтр захаваўся. Не пазбаўляйце нас магчымасьці атрымліваць падтрымку а людзей, якія неабыякавыя да маёй бяды”.