ПАСЕ вітае вызваленне "выдатнага беларускага праваабаронцы" Алеся Бяляцкага
Прэзідэнт Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы Ан Брасер заявіла, што шчаслівая, што Алесь Бяляцкі на волі. Шмат гадоў Алесь Бяляцкі быў адданым партнёрам ПАСЕ, які нястомна змагаўся за правы чалавека ў Беларусі.
«Яго арышт у 2011 годзе стаў для нас шокам, і мы ніколі не гублялі магчымасць, каб запатрабаваць яго безумоўнага вызвалення. Ад усяго сэрца я віншую яго сям'ю і калег з "Вясны" і Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека», - заявіла прэзідэнт асамблеі Ан Брасер.
Брасер падкрэсліла: «Я сапраўды веру, што настане дзень, калі не будзе ніякіх палітвязьняў - у Беларусі ці дзе-небудзь яшчэ. І мы ўсе будзем узмоцнена працаваць над тым, каб наблізіць гэты дзень », паведамляе прэс-служба ПАСЕ.
Алесь Бяляцкі быў вызвалены 21 чэрвеня па амністыі, ён правёў у зняволенні 1 050 дзён. Лідэр ліквідаванага ўладамі праваабарончага цэнтра "Вясна", віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека быў арыштаваны 4 жніўня 2011 года і прысуджаны да чатырох з паловай гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці за ўтойванне даходаў у асабліва буйным памеры.
Падставай для крымінальнага пераследу стала наяўнасць у Бяляцкага замежных банкаўскіх рахункаў, сродкі з якіх выкарыстоўваліся для праваабарончай дзейнасці. Адкрыць рахункі ў Беларусі не ўяўлялася магчымым, бо праваабарончы цэнтр "Вясна" працуе нелегальна - улады неаднаразова адмаўлялі ў афіцыйнай рэгістрацыі арганізацыі. Суд таксама не прыняў да ўвагі тое, што шкода, якую нібыта нанёс дзяржаве Бяляцкі, была цалкам пагашана за кошт добраахвотных ахвяраванняў грамадзян.
Праваабаронца, якога міжнародныя арганізацыі прызналі вязнем сумлення, адбываў пакаранне ў папраўчай калоніі № 2 Бабруйска (Магілёўская вобласць). У 2012 годзе, а таксама 2013-м і 2014-м Бяляцкі вылучаўся прэтэндэнтам на Нобелеўскую прэмію міру.