ГА «БАЖ» звярнулася да міжнародных журналісцкіх арганізацый
Зварот ГА «БАЖ» да міжнародных журналісцкіх арганізацый
Расійска-украінскі канфлікт, як ніколі дагэтуль, абвастрыў пытанне журналісцкага прызначэння і адказнасці. Журналісты гінуць і церпяць на многіх войнах – іх выкрадаюць, вярбуюць, забіваюць, але не кожная вайна пагражае журналістыцы як прафесіі.
У расійска-украінскім канфлікце мы cутыкаемся з абуральнымі фактамі фальсіфікавання рэчаіснасці і маніпулявання грамадскай свядомасцю. Некаторыя расійскія журналісты адкрыта прызнаюць, што ўказанні адносна скажэння фактаў прыходзяць ад іх кіраўніцтва з Масквы. Супраць удзелу ў прапагандысцкай агрэсіі выступілі і некаторыя журналісты ў самой Расіі, пра што сведчыць ініцыятыва стварэння там незалежнага прафесійнага саюза.
Розгалас ад гэтай інфармацыйнай вайны даўно перасягнуў межы канфлікту дзвюх краін. Яна непасрэдна ўплывае на свядомасць людзей у памежных краінах, у тым ліку і Беларусі. Таму мы лічым, што сітуацыя з асвятленнем падзеяў на ўсходзе Украіны вымагае тэрміновай ацэнкі міжнароднымі журналісцкімі арганізацыямі. Калі не зрабіць гэтага своечасова, наступствы размывання стандартаў журналістыкі адчуюць на сабе людзі ва ўсім свеце.
Мы заклікаем Міжнародную і Еўрапейскую федэрацыі журналістаў, Асацыяцыю еўрапейскіх журналістаў, Еўрапейскі вяшчальны саюз, іншыя прафесійныя арганізацыі неадкладна правесці маніторынг асвятлення расійска-украінскага канфлікту, ацаніць выкананне прынцыпаў журналісцкай этыкі, паслядоўна дамагацца захавання стандартаў прафесіі, каб спыніць нахабнае выкарыстанне СМІ палітыкамі ў інфармацыйных войнах.
24.06.2014