viasna on patreon

Саша Кулаева: Вызваленне Алеся - гэта знак надзеі для праваабаронцаў, якія падвяргаюцца рэпрэсіям у іншых краінах

2014 2014-06-24T19:10:01+0300 2014-06-24T19:16:37+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sasha_kulaeva_23.06.2014.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Саша Кулаева падчас гутаркі з журналістамі. Мінск, 23.06.2014

Саша Кулаева падчас гутаркі з журналістамі. Мінск, 23.06.2014

Кіраўнік аддзела Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) Саша Кулаева 23 чэрвеня прыязджала ў Мінск, каб павіншаваць віцэ-прэзідэнта арганізацыі Алеся Бяляцкага з вызваленнем ад імя яго калегаў з розных куткоў свету. "Вядома, гэта вельмі шчаслівы дзень. Шчаслівы дзень для мяне асабіста, для ўсіх нас, для дзясяткаў, сотняў людзей па ўсім свеце - тых, хто змагаўся за гэтае вызваленне, а такіх людзей было вельмі шмат. Гэта вялікае свята для людзей ва ўсіх краінах Лацінскай Амерыкі, у Азіі, Афрыцы, вядома ж у нашым рэгіёне, ва Усходняй Еўропе, Цэнтральнай Азіі... Але, акрамя гэтага пачуцця свята, ва ўсіх нас ёсць пачуццё горычы - ад таго, што практычна тры гады Алесь быў у зняволенні, чаго не павінна было быць. Я цалкам згодная з тым, што сказаў Алесь падчас сваёй прэс-канферэнцыі: горка яшчэ і таму, што сітуацыя ў цэлым не змянілася. Хоць мы бязмежна шчаслівыя, што ён выйшаў на волю і зноў з намі, але мы памятаем пра ўсіх тых, хто застаецца ў зняволенні, і пра тое, што гэтая рызыка ў Беларусі па-ранейшаму існуе для ўсіх, хто займаецца праваабарончай дзейнасцю, хто займаецца апазіцыйнай дзейнасцю", - сказала Саша Кулаева.

Прадстаўнік FIDH таксама адзначыла, што вызваленне Алеся Бяляцкага - тое, да чаго імкнуліся вельмі многія, і да ўсеагульнай радасці гэтае вызваленне адбылося на паўтары годы раней менавіта дзякуючы мабілізацыі ўсёй міжнароднай супольнасці. "Не пакладаючы рук за гэта змагаліся ў ЗША, Еўрасаюзе, ва ўсім свеце. І я думаю, што гэта ўсё ж такі перамога. Я ўпэўненая, што гэтае пачуццё падзяляюць вельмі многія".

На працягу ўсяго часу зняволення Алеся Бяляцкага FIDH прыкладала вялікія намаганні не толькі для вызвалення свайго віцэ-прэзідэнта, але і для падтрымкі грамадзянскай супольнасці Беларусі ў цэлым, наладзіўшы кантакты з рознымі яе прадстаўнікамі. Па словах Сашы Кулаевай, беларускі напрамак у працы FIDH будзе развівацца і далей. "Па-за ўсякім сумневам, праца ў гэтым кірунку будзе можа быць і большай, чым раней, паколькі зараз з намі Алесь, а яго энергія, мужнасць і ўпартасць нададуць нам усім яшчэ больш сілаў і надзеі". Вызваленне Алеся Бяляцкага яго калега расцэньвае як знак надзеі не толькі для беларускага, але і для іншых рэпрэсіўных грамадстваў. "Яго вызваленне - гэта таксама вялікі знак надзеі, які паказвае, што нельга апускаць рукі, што нашыя намаганні, няхай яны часам і здаюцца безнадзейнымі, прыносяць свой плён. І я думаю, што як знак надзеі гэта расцэньваюць і тыя, хто яшчэ застаюцца ў зняволенні ў Беларусі, і праваабаронцы, якія ў іншых краінах працягваюць цярпець рэпрэсіі... У апошнія дні мы бачылі, як людзі тэлефануюць адзін аднаму і віншуюць - не толькі Алеся, але і адзін аднаго - з яго вызваленнем. Я думаю, гэтым шмат сказана. Гэта надае мужнасці, гэта надае сілы...
Працы па правах чалавека ў Беларусі яшчэ вельмі-вельмі шмат, і яна безумоўна будзе працягвацца, дзякуючы тым кантактам, якія завязаліся за апошнія гады, і той працы, якая была праведзена, а зроблена было сапраўды нямала... І гэта станоўчы фактар, нягледзячы на ​​агульную трагічнасць сітуацыі, што гэтыя кантакты сталі мацнейшымі. Салідарнасць як на нацыянальным, так і на рэгіянальным, міжнародным узроўні ўмацавалася. І я вельмі спадзяюся, што гэтая салідарнасць будзе выяўляцца і надалей".
Нагадаем, што з 2004 года Праваабарончы цэнтр “Вясна” ўваходзіць у Міжнародную федэрацыю за правы чалавека (FIDH), цэнтральны офіс якой знаходзіцца ў Парыжы. У 2007 годзе Алесь Бяляцкі стаў першым віцэ-прэзідэнтам FIDH з Усходняй Еўропы і двойчы  пераабіраўся на гэтай пасадзе - у 2010-м, а таксама ў 2013-м, калі праваабаронца знаходзіўся ў зняволенні.

Алесь Бяляцкі і Саша Кулаева

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства