viasna on patreon

Праект закона «Аб абароне інфармацыі» накіраваны на дапрацоўку

2007 2007-06-20T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

19 чэрвеня адбылося першае абмеркаванне праекта закона "Аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі". Ад Беларускай асацыяцыі журналістаў прыняць удзел у дапрацоўцы рэдакцыі закона “Аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі” запрошаны доктар юрыдычных навук, кіраўнік Цэнтра прававой абароны СМІ Міхаіл Пастухоў. Пасяджэнне працоўнай групы ладзілася на базе парламенцкай камісіі па прамысловасці, паліўна-энергетычнага комплексу, транспарту, сувязі і прадпрымальніцтва.

Менавіта гэтая камісія рыхтавала тэкст законапраекта. Разгляд яго быў запланаваны на сёлетнюю вясновую сесію беларускага парламента. Але пасля абмеркавання стваральнікі накіраваны закон на дапрацоўку.

19 чэрвеня адбылася першая сустрэча распрацоўшчыкаў праекта закона і прадстаўнікоў устаноў і арганізацый, якія выказалі зацікаўленасць да гэтай праблематыкі: Нацыянальнага цэнтра заканатворчай дзейнасці, Інстытута праблем інфарматыкі НАН, юрфака БДУ, ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” і інш.

Працоўнай групе ў складзе 10-12 чалавек прапанавана сустракацца раз на тыдзень і паэтапна абмяркоўваць кожны артыкул Закона аб інфармацыі, выказваць свае заўвагі. За аснову працы ўзята зводная табліца заўваг і прапаноў да гэтага законапраекта, якую падрыхтавалі спецыялісты Галоўнага дзяржаўнага прававога ўпраўлення пры Адміністрацыі Прэзідэнта.

“Канцэптуальна закон не абмяркоўваецца, пытанне яго мэтазгоднасці таксама не ўздымалася. Нам прапанавана выказваць заўвагі па тэксце падрыхтаванага праекта”, – паведаміў прэс-службе БАЖ Міхаіл Пастухоў па выніках першага пасяджэння працоўнай групы.

Удзельнікі працэсу разгледзелі першы артыкул праекта закона “Аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі”.

“Як станоўчы факт можна адзначыць тое, што законапраект накіраваны на дапрацоўку, – кажа намеснік старшыні БАЖ, юрыст Андрэй Бастунец, які прымаў ўдзел у падрыхтоўцы асноўных заўваг і прапаноў да гэтага законапраекта ад БАЖ.

Але, па яго словах, у табліцы, што прапанавана да разгляду працоўнай групы, толькі шэраг лакальных прапаноў. А праект, на думку А.Бастунца, трэба перапрацоўваць прынцыпова.

“Да таго ж, з усімі заўвагамі і прапановамі, якія юрысты БАЖ выклалі на 8 старонках, у гэтай зводнай табліцы супадаюць толькі 5, і то не ў поўнай меры, – звяртае ўвагу А.Бастунец.

Нагадаем, пасля запыту ў беларускі парламент БАЖ сёлета ў красавіку атрымаў тэкст праекта закона “Аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі”. У суправаджальным лісце прапаноўвалася “прыняць удзел у дапрацоўцы дадзенага законапраекта ў складзе працоўнай групы”. У юрыстаў БАЖ узніклі пытанні практычна да кожнага артыкула законапраекта. І ў неабходны тэрмін яны падрыхтавалі свае заўвагі і прапановы па ўдасканаленні рэдакцыі закона.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства