viasna on patreon

Пракуратура Хоцімскага раёна зноў прыйшла да высновы, што затрымліваць кандыдата ў дэпутаты на выбарчым участку правільна

2014 2014-06-19T13:05:22+0300 2014-06-19T13:05:22+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/karankev-prakuratura.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Валер Каранкевіч

Валер Каранкевіч

Грамадскі актывіст з Хоцімска Валерый Каранкевіч 18 чэрвеня атрымаў адказ на сваю скаргу ў пракуратуру Магілёўскай вобласці з пракуратуры Хоцімскага раёна.

У адказе, які падпісала пракурор Хоцімскага раёна Ірына Хучава, грамадскаму актывісту паведамілі, што пракуратурай раёна праведзена праверка, і дзеянні супрацоўнікаў Хоцімскага РАУС, якія 23 сакавіка 2014 года каля 20-00 затрымлівалі кандыдата ў дэпутаты Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў па Хоцімскай выбарчай акрузе №54 і кандыдата ў дэпутаты Хоцімскага райсавета па Узбярэжнай выбарчай акрузе №13 Валерыя Каранкевіча каля ўвахода на Інтэрнацыянальны выбарчы участак №3 у Хоцімску “з’яўляюцца правамернымі, не супярэчаць дзеючаму заканадаўству, у сувязі з чым праверка па вашай скарзе спынена”.

Таксама Ірына Хучава паведаміла экс-кандыдату, што ён можа абскардзіць рашэнне пракуратуры Хоцімскага раёна ў вышэйстаячай інстанцыі.

Сам Валерый Каранкевіч дадзеным адказам з пракуратуры проста абураны і кажа, што будзе яго абавязкова абскарджваць.

“Пракурор Хоцімскага раёна даслала мне вялікі адказ на дзве старонкі, у якім сцвярджае, што факты, якія выкладзены ў маёй скарзе, не пацвердзіліся, і што я сапраўды быў затрыманы каля 20-00 23.03 супрацоўнікамі Хоцімскага РАУС і дастаўлены імі ў РАУС “для правядзення апытання з захаваннем артыкула 10.10.12 ПВКаАП РБ па заяве Тамашова М. В. аб прыцягненні Вас да адміністрацыйнай адказнасці за паклёп” і рабілася гэта на законных падставах, - абураецца Валерый Каранкевіч. – Ірына Хучава чамусьці зноў абыходзіць той факт, што я не злосны злачынца і не збіраўся куды-небудзь уцякаць, чаму ж супрацоўнікі Хоцімскага РАУС тэрмінова мяне затрымалі і даставілі ў РАУС? Якая была неабходнасць супрацоўнікам міліцыі затрымліваць мяне непасрэдна на выбарчым участку напярэдадні падліку галасоў нават калі і была нейкая, невядома адкуль з’явіўшаяся, заява?

Нават памочнік пракурора Хоцімскага раёна малодшы саветнік юстыцыі Белавусаў М. М., які мяне апытваў па маёй скарзе, у прыватнай гутарцы здзіўляўся такім дзеянням супрацоўнікаў Хоцімскай міліцыі, зараз жа ў адказе пракурор піша зусім іншае. Гэта і зразумела, яны прыкрываюць “гонар мундзіра”. Я вельмі расчараваны дадзеным адказам з пракуратуры Хоцімскага раёна, які, па сутнасці, зноў паўтарае высновы з папярэдняга адказу пракурора Хоцімскага раёна І. Савасцеева, што “дзеянні супрацоўнікаў Хоцімскага РАУС з’яўляюцца правамернымі і не супярэчаць дзеючаму заканадаўству”.

Ужо заўтра я паеду ў Магілёў, каб звярнуцца за дапамогай да праваабаронцы Барыса Бухеля, і абавязкова буду абскарджваць адказ пракуратуры Хоцімскага раёна ў вышэйстаячай інстанцыі. Нельга дапускаць, каб пракуратура прыкрывала міліцэйскае бязмежжа”, - кажа Валерый Каранкевіч.

Нагадаем, што раней 3 чэрвеня Валерый Каранкевіч атрымаў адказ на сваю скаргу з пракуратуры Магілёўскай вобласці.

Намеснік пракурора Магілёўскай вобласці С. Сільвановіч паведаміў спадару Каранкевічу, што яго зварот аб нязгодзе з прынятым пракуратурай Хоцімскага раёна рашэннем па факту яго дастаўкі ў дзень выбараў 23 сакавіка супрацоўнікамі міліцыі ў Хоцімскі РАУС пракуратурай вобласці разгледжана з вывучэннем нагляднай вытворчасці пракуратуры раёна.

“Устаноўлена, што рашэнне па Вашаму звароту пракуратурай Хоцімскага раёна прынята па няпоўна даследаваных абставінах таго, што адбылося, а таму матэрыялы накіраваны для правядзення дадатковай праверкі ў пракуратуру Хоцімскага раёна. Пра вынікі і прынятым рашэнні Вам паведаміць пракурор раёна. За неналежны разгляд звароту памочнік пракурора Хоцімскага раёна Белавусаў М.М. будзе пазбаўлены прэміяльных даплат за травень 2014 года”, - напісаў Валерыю Каранкевічу намеснік пракурора Магілёўскай вобласці.

Да гэтага Валерый Каранкевіч ужо звяртаўся у пракуратуру Хоцімскага раёна з просьбай правесці праверку абставін свайго затрымання без складання пратакола, правесці расследванне ўказаных парушэнняў і прыцягнуць вінаватых да адказнасці.

У сваім адказе на скаргу Валерыя Каранкевіча пракурор Хоцімскага раёна І. Савасцееў напісаў экс-кандыдату, што “дзеянні супрацоўнікаў Хоцімскага РАУС з’яўляюцца правамоцнымі і не супярэчаць дзеючаму заканадаўству”.

23 сакавіка каля 20-00 кандыдат у дэпутаты Валерый Каранкевіч быў затрыманы супрацоўнікамі Хоцімскага РАУС на Інтэрнацыянальным выбарчым участку №3 у Хоцімску. Двумя супрацоўнікамі мясцовай міліцыі ў чыне маёра кандыдат у дэпутаты быў дастаўлены ў Хоцімскі РАУС, дзе яго ўтрымлівалі каля 40 хвілін без складання пратакола затрымання, а пасля адпусцілі. Падставай для тэрміновага затрымання супрацоўнікі назвалі заяву на адрас Каранкевіча з боку сябра акруговай выбарчай камісіі Хоцімскай выбарчай акругі №54 Мікалая Тамашова. З-за незаконнага затрымання Валерый Каранкевіч не змог прысутнічаць пры падліку выбарчых бюлютэней.

Валерый Каранкевіч з’яўляецца сябрам Партыі БНФ, ён таксама супрацоўнічае з кампаніяй “Гавары праўду”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства