Натальля Лукасік: Мы перадусім ставім сямейныя каштоўнасьці вышэй пад падзеямі, што сёньня адбываюцца з намі
Пастар царквы «Ян Прадвесьнік» Яраслаў Лукасік, які на пачатку чэрвеня быў дэпартаваны зь Беларусі за сваю дзейнасьць у абарону рэлігійнай свабоды, цяпер жыве ў Польшчы. Польскае радыё для замежжа зьвязалася з пастарам і запытала, як ён сам ацэньвае сытуацыю, у якой апынуўся.
Я. Лукасік: Пакуль я знаходжуся тут, на Падляшшы, дома ў маіх бацькоў. Стараюся неяк арганізаваць сваю працу, таму што ня веру ў гэтыя савецкія суды й думаю, што там ужо ўсё даўно за мяне вырашана. Ніхто не зьбіраецца вярнуць мяне ў Беларусь. Але ўсё роўна змагацца трэба, пратэставаць трэба. Такім чынам, я стараюся арганізаваць сваю працу на эміграцыі.
Я меў духоўнае адчуваньне, калі мяне выганялі, што ўсё адбываецца пад кантролем Госпада, і з гэта будзе выцягнутае значнае дабро. Што датычыць агульнай грамады, то ўся гэтая вельмі сур’ёзная канфрантацыя, асабліва паміж эвангельскімі хрысьціянамі і ўладамі, у нейкім сэнсе мае свой пачатак у тым, што беларускія ўлады хацелі мяне дэпартаваць, пасьля арыштавалі пастара Антонія Бокуна. Усё гэта толькі вельмі моцна абурыла людзей. Шчыра скажу, усе гэтыя падзеі адбываюцца з пэўным прызначэньнем.
Гасподзь Бог хоча прабудзіць хрысьціянаў і паказаць, што сапраўды ёсьць вялікае зло. Мы гэта называем духам камунізму, які застаўся тут. Я веру, што сапраўды 2007 год — гэта своеасаблівы год. Усявышні ён будзе моцна дзейнічаць. Будуць адбывацца суды над гэтым духам камунізму, у якім ніхто не раскаяўся, якога ніхто з гэтай краіны на самой справе й не выганяў. І гэта ганьба, гэта агульнанацыянальны грэх Беларусі. А зараз адбываецца такое нарастаньне гэтай сьвядомасьці й нейкай волі для дзеяньня.
Я з самага пачатку маю веру, што сапраўдныя перамены ў Беларусі будуць адбывацца толькі тады, калі людзі, якія ведаюць Бога, якія маюць кантакт з Тварцом, возьмуць адказнасьць за краіну, будуць актыўныя ва ўсіх грамадзкіх працэсах. Я думаю, што гэта ўжо адбываецца.
Жонка Яраслава Лукасіка разам з трыма дзяцьмі засталіся ў Беларусі. Натальля Лукасік пакуль змагаецца ў судах за адмену рашэньня аб дэпартацыі мужа. У яе застаўся апошні крок — зварот у Абласны менскі суд. Калі рашэньне суду чарговы раз будзе адмоўным, то Натальля разам зь дзяцьмі паедзе ў Польшчу да мужа, паколькі, як кажа сужонства Лукасікаў, сям’я — гэта найважнейшая каштоўнасьць.
Н. Лукасік: Мы перадусім ставім сямейныя каштоўнасьці вышэй пад падзеямі, што сёньня адбываюцца з намі. Хаця сапраўды сытуацыя вельмі непрыемная й балючая. Мы ніколі ня думалі пра тое, каб пакідаць Беларусь.
У нас трое дзетак — Ян, Марцін і Міра. Яну 7 гадоў, Марціну 6, і Мірачцы 4 годзікі. Яны вельмі сумуюць па таце. Кожны дзень у мяне пытаюцца: «Ну, калі мы нарэшце пабачымся. Мама, ты казала, што хутка, ужо прайшло шмат часу». Я іх супакойваю й расказваю пра ўсё, што адбываецца. Мы разам молімся. Я кажу ім, што тата паехаў, каб для нас усё падрыхтаваць. Таксама я кажу сваім дзецям: «Вас чакае вялікая ўзнагарода за тое, што вы маленькія, але вельмі адважныя.» Гэта іх, канешне, суцяшае.
А ў мяне таксама вельмі добрая падтрымка маіх сяброў, зь якімі мы ў адной царкве. Многія пастары тут, у Менску, тэлефануюць і пытаюцца, чым яны могуць нам дапамагчы. Заўсёды кажуць, што яны моляцца за нас, яны падтрымліваюць надзею ў маім сэрцы.