viasna on patreon

Беларусь зноў унесена ў спецпараграф МАП як краіна, дзе груба парушаюцца правы прафсаюзаў

2014 2014-06-04T10:35:21+0300 2014-06-04T10:35:21+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/mot-ilo.jpg

Беларусь зноў унесена ў спецпараграф Міжнароднай арганізацыі працы (МАП) як краіна, дзе груба парушаюцца правы прафсаюзаў. Такі вынік пасяджэння Камітэта па нормах і стандартах МАП у межах 103-й сесіі Міжнароднай канферэнцыі працы ў Жэневе, паведаміў БелаПАН старшыня Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП) Аляксандр Ярашук.

"Тое, што Беларусь сёмы раз унеслі ў спецпараграф, — абсалютна заканамерны вынік, які вельмі балюча ўспрынялі прадстаўнікі нашага ўрада, — сказаў Ярашук. — Верагодна, яны разлічвалі на іншы зыход, улічваючы, што ў студзені ў Мінску знаходзілася кантактная місія МАП, вынікам працы якой стала справаздача з планам дзеянняў па паляпшэнні сітуацыі з правамі працоўных і прафсаюзаў".

На думку лідара БКДП, згоду на студзеньскі візіт місіі МАП беларускія ўлады маглі разглядаць як жэст добрай волі, пасля якога не абавязкова рабіць іншыя захады для аднаўлення правоў прафсаюзаў і працоўных. "Мы стварылі неабходны градус дыскусіі, на канкрэтных прыкладах паказалі, што сітуацыя ў краіне не палепшылася. Узнімалася тэма прымусовай працы. Мы згадалі пра тое, што аграпрамысловаму комплексу пагражае новае "прыгоннае права", — паведаміў Ярашук.

Ён адзначыў, што прайшло ўжо больш за дзесяць гадоў з таго часу, як Адміністрацыйны савет МАП пачаў расследаванне парушэння правоў прафсаюзаў у Беларусі ў сувязі са скаргай незалежных прафсаюзаў, што стала прычынай выключэння краіны з Генеральнай сістэмы прэферэнцый Еўрасаюза ў чэрвені 2007 года. "Мы заходзім ужо на другое дзесяцігоддзе, і МАП поўная рашучасці прымусіць беларускія ўлады выканаць рэкамендацыі", — сказаў кіраўнік БКДП, маючы на ўвазе 12 рэкамендацый, выкананне якіх дазволіць Мінску вярнуцца ў сістэму прэферэнцый (даць незалежным прафсаюзам магчымасць рэгістраваць пярвічныя арганізацыі; даць ім права працаваць нароўні з афіцыйнымі прафсаюзамі; спыніць пераслед грамадзян па прафсаюзнай прыналежнасці; забяспечыць усім прафсаюзным аб'яднанням права ўдзелу ў вырашэнні важных сацыяльных праблем краіны і інш.).

Паводле слоў Ярашука, вырашаць праблему правоў працоўных і прафсаюзаў трэба ў межах дыялогу, "зразумець, якімі цяжкімі перамоўшчыкамі з'яўляюцца беларускія ўлады". "Пасля рашэння пра ўключэнне Беларусі ў спецпараграф МАП мы жадаем пачуць ад улад, збіраюцца яны працягваць ранейшую практыку ці нарэшце перайсці да рэальных дзеянняў па паляпшэнні сітуацыі", — заявіў ён. 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства