Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Красавік 2014 года
У красавіку сітуацыя з правамі чалавека захоўвалася стабільна цяжкай. Праваабароцы віталі вызваленне 8 красавіка з Гроденскай турмы палітвязня Мікалая Аўтуховіча, адзначаючы пры гэтым, што адбылося гэта ў выніку сканчэння тэрміну пакарання, не ў сувязі з палітычнай воляй уладаў да скасавання такой ганебнай з’явы, як палітычныя зняволеныя, таму не разглядалі дадзеную падзею як пазітыўную прыкмету. Яшчэ падчас знаходжання ў турме над М. Аўтуховічам быў устаноўлены прэвентыўны нагляд тэрмінам на 1 год і 4 месяцы, што стала сігналам па паслядоўным намеры ўладаў выкарыстоўваць дадзеную форму кантролю за палітвязнямі дзеля абмежавання іх актыўнасці пасля адбыцця пакарання.
Прэвентыўны нагляд застаецца не толькі сур’ёзным абмежавальным фактарам для былых палітычных зняволеных, але і стварае магчымасць прыцягнення іх да адказнасці, у тым ліку – крымінальнай. Пра рэальнасць такой пагрозы сведчаць пакаранні ў выглядзе арыштаў былых палітычных зняволеных за парушэнне правіл прэвентыўнага нагляду: двойчы -- Васіля Парфянкова (6 месяцаў у 2012-2013 гг., 1 год – 2013-2014 гг.) і Уладзіміра Яроменка (3 месяцы ў 2-13-2014 гг.). У красавіку, акрамя М. Аўтуховіча, прэвентыўны нагляд дзейнічаў у адносінах да яшчэ двух былых палітвязняў – Дзмітрыя Дашкевіча і Паўла Вінаградава. Яны абавязаны знаходзіцца дома ў начны час, не могуць выязджаць за межы населенага пункта без дазволу адказнага органа; на іх распаўсюджваецца шэраг забарон, у тым ліку на наведванне публічных месцаў і інш, істотна абмяжоўваецца іх свабода. Таксама 28 былых палітвязняў знаходзіліся на прафілактычным уліку органаў унутраных спраў, які дазваляе супрацоўнікам міліцыі рэгулярна наведваць іх. Яны знаходзіліся пад пастаяннай пагрозай (пры прыцягненні тройчы да адміністрацыйнай адказнасці на працягу года) усталявання прэвентыўнага нагляду.
Самая вострая праблема – наяўнасць палітвязняў – заставалася нявырашанай. У месцах пазбаўлення волі працягвалі ўтрымлівацца 9 палітычных зняволеных: Алесь Бяляцкі, Мікалай Статкевіч, Эдуард Лобаў, Мікалай Дзядок, Яўген Васьковіч, Арцём Пракапенка, Ігар Аліневіч, Васіль Парфянкоў і Андрэй Гайдукоў. Не апраўдаліся чаканні некаторых экспертаў пра іх магчымае датэрміновае вызваленне, як пэўнай дэманстрацыі добрай волі ўладаў перад міжнароднай супольнасцю, перад чэмпіянатам свету па хакеі, які запланаваны ў Мінску з 9 па 25 траўня. 21 красавіка стала вядома, што ў парламент унесены законапраект аб амністыі на 2014 год. Тэкст закона да канца месяца заставаўся невядомым, але змест аналагічных законаў папярэдніх гадоў пакідаў мала аптымізму на тое, што ён можа быць распаўсюджаны на палітычных зняволеных. У падобнай сітуацыі толькі палітычная воля ўладаў магла б быць вырашальным фактарам вызвалення палітвязняў, але яна адсутнічала. Ніякіх рэальных крокаў у гэтым накірунку не было прадэманстравана беларускім кіраўніцтвам ні сыходзячы з уласнага рашэння, ні як крок насустрач патрабаванням Еўрапейскага Саюзу, які ў сваю чаргу не выказваўся за дадзены перыяд па дадзенай праблеме, засяродзіўшы сваю ўвагу на перамовах з беларускім МЗС па пытанні пагаднення аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі паміж ЕС і Беларуссю.
У красавіку зафіксаваны сур’ёзныя абмежаванні свабоды мірных сходаў і прэвентыўныя адвольныя затрыманні і арышты. Так, напярэдадні дазволенага мінскімі гарадскімі ўладамі традыцыйнага шэсця “Чарнобыльскі шлях” было прэвентыўна затрымана і асуджана да розных тэрмінаў адміністрацыйнага арышту 8 палітычных і грамадскіх актывістаў, пасля масавага мерапрыемства – яшчэ 8 яго ўдзельнікаў.
Таксама пачалася хваля адвольных затрыманняў і арыштаў актывістаў перад чэмпіянатам свету па хакеі. Дзеля таго, каб тэрмін ізаляцыі максімальна павялічыць, у адносінах да затрыманых вылучаліся абвінавачанні ў парушэнні двух артыкулаў Адміністрацыйнага кодэксу: 17.1 (дробнае хуліганства) і 23.4 (непадпарадкаванне патрабаванням супрацоўнікам міліцыі), што давала магчымасць тэрмін арышту прызначыць да 25 сутак. Судовая сістэма прадэманстравала поўную залежнасць ад палітычнай замовы выканаўчай улады, ні адзін з затрыманых не быў апраўданы.
Варта адзначыць, што адвольным затрыманням і арыштам з мэтай забеспячэння прыгожага знешняга фону сталіцы падчас хакейнага чэмпіянату былі падвергнуты не толькі іншадумцы, але і “асацыяльныя элементы” -- бяздомныя, алкаголікі і прастытуткі. Маштаб гэтай “зачысткі” можа быць ацэнены толькі праз некаторы час.
На працягу месяца Вярхоўны суд Беларусі разгледзеў касацыйныя скаргі асуджаных да смяротнага пакарання 26-гадовага Аляксандра Грунова (паўторна) і 53-гадовага Эдуарда Лыкава, абодва прысуды пакінуты ў сіле. Таксама стала вядома пра прывядзенне ў выкананне смяротнага прысуду ў адносінах да 23-гадовага Паўла Селюна. Такім чынам, змякчэння пазіцыі дзяржавы адносна ўжывання смяротнага пакарання не адбылося, як і гуманізацыі судовай сістэмы і сістэмы прывядзення пакаранняў у выкананне.
Палітычныя зняволеныя, крымінальны пераслед грамадскіх актывістаў
2 красавіка шведская праваабарончая арганізацыя Civil Rights Defenders абвесціла, што кіраўнік ПЦ "Вясна" і віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека Алесь Бяляцкі стаў лаўрэатам узнагароды "Абаронца грамадзянскіх правоў года". Узнагарода Civil Rights Defenders уручаецца 4 красавіка, у дзень забойства доктара Марціна Лютэра Кінга, падчас штогадовай канферэнцыі “Дні праваабаронцаў”. 10 красавіка Паліна Сцепаненка, сяброўка і калега Алеся Бяляцкага, паведаміла, што новая кніга палітвязня, якая актыўна рыхтуецца да выдання, будзе мець назву “Халоднае крыло Радзімы”. Кніга будзе складацца з занатовак, эсе, інтэрв’ю, успамінаў зняволенага праваабаронцы. 19 красавіка праваабаронца Таццяна Рэвяка атрымала з Гродзенскага абласнога суда вызначэнне судовай калегіі па справе, датычнай рашэння суда Ашмянскага раёна аб рээкспарце літаратуразнаўчай кнігі зняволенага праваабаронцы Алеся Бяляцкага “Асьвечаныя Беларушчынай”. “Азнаёміўшыся са зместам кнігі ў судзе касацыйнай інстанцыі, судовая калегія лічыць, што выснова суда пра тое, што інфармацыя, якая ў ёй утрымліваецца, можа нанесці шкоду палітычным інтарэсам Рэспублікі Беларусь, дзяржаўнай бяспецы і маральнасці грамадзян, з’яўляецца правільнай”. Пры гэтым Гродзенскі абласны суд падставай для забароны выдання называе зусім іншыя цытаты, чым эксперты В.Ягорычаў і В. Хілюта з Гродзенскага ўніверсітэта (вынікі абедзьвух праведзеных імі экспертыз прызнаны судом Ашмянскага раёна непрымальнымі), але высновы аднолькавыя: “вытрыманы аўтарам стыль выкладання і рыторыка могуць падштурхнуць чытача да ложных высноваў і меркаванняў, сфармаваць няправільнае ўяўленне пра Рэспубліку Беларусь, яе гістарычнае мінулае і сённяшняе, правакуе сацыяльна-палітычную напружанасць у грамадстве”. 30 красавіка споўнілася роўна 1000 дзён знаходжання за кратамі Алеся Бяляцкага. Гэты дзень палітвязень сустрэў у турэмным шпіталі, куды патрапіў у выніку атручвання. Таксама стала вядома, што ў яго пачаліся праблемы з ціскам, якіх раней не было.
6 красавіка палітвязень Андрэй Гайдукоў быў пераведзены з калоніі ў Магілёве ў папраўчую калонію “Віцьба-3”. 8 траўня сканчаецца тэрмін ягонага зняволення, і магчымай прычынай такога паспешлівага пераводу з’яўляецца тое, што паколькі следства і суд над ім адбываліся ў Віцебску, мясцовыя сілавікі пажадалі трымаць Гайдукова “пад рукой”, у калоніі з больш жорсткім рэжымам.
7 красавіка палітвязня Васіля Парфянкова, які адбывае пакаранне ў папраўчай калоніі № 9 строгага рэжыму ў Горках, на 6 месяцаў змясцілі ў так званае памяшканне камернага тыпу. Пра гэта сам Васіль Парфянкоў напісаў у лісце да актывісткі грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Юліі Сцяпанавай. Да гэтага ў яго было 10 спагнанняў, палітвязень адбыў 23 сутак у ШЫЗА. На ўвесь тэрмін адседкі ў ПКТ ён пазбаўлены перадач і спатканняў.
8 красавіка ў 8 гадзін раніцы з гродзенскай турмы №1 выйшаў на волю палітвязень Мікалай Аўтуховіч. Сустракаць яго пад сценамі гродзенскай турмы сабраліся блізкія, палітычныя актывісты і журналісты — агулам каля 30 чалавек. М.Аўтуховіч паведаміў, што ў турме яму двойчы прапаноўвалі пісаць прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі, але ён адмовіўся, каб не чуць потым здзекі пра сваю "слабасць". Ён адзначыў, што найперш хоча адпачыць пасля турмы і заняцца здароўем, далей -- высветліць сітуацыю з Саюзам афганцаў і працягнуць працу па яго стварэнні. Мікалай Аўтуховіч распавёў, што за час зняволення яму прыйшло 2292 лісты, апошні з якіх аддалі ў дзень вызвалення.
9 красавіка Валянціна Аліневіч, маці палітвязня Ігара Аліневіча, паведаміла, што начальства Наваполацкай калоніі № 10 адмаўляецца тлумачыць, чаму больш чым паўгода для зняволенага забаронены тэлефонныя званкі. В. Аліневіч адзначыла, што яе муж Уладзімір Аліневіч размаўляў па прамой лініі з намеснікам начальніка калоніі і спрабаваў высветліць прычыну забароны, але той не стаў тлумачыць. Яна дадала, што ў дадзенай калоніі няма таксафонаў, а ёсць толькі гарадскі тэлефон, і каб атрымаць дазвол на званок, трэба пісаць заяву. 26 красавіка Уладзімір Аліневіч паведаміў, што ад сына пачалі прыходзіць дадому вялікія канверты з лістамі салідарнасці, якія раней прыйшлі да яго ў калонію ад сяброў і актывістаў розных дэмакратычных арганізацый. Адміністрацыя калоніі дазволіла адправіць гэтыя лісты, бо іх вельмі шмат і ўжо не хапае месца, каб усё захоўваць.
12 красавіка Рушанія Васьковіч, маці палітвязня Яўгена Васьковіча, паведаміла, што ў апошніх лістах дадому яе сын дэманструе ранейшы аптымізм і волю, на здароўе не скардзіцца. Прашэнне аб памілаванні ён адмовіўся падпісваць, і больш яму гэта не прапануюць. 14 красавіка аргкамітэт па стварэнні партыі "Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя" распаўсюдзіў інфармацыю, якая ім стала вядома з крыніц у магілёўскай турме №4, што на Яўгена Васьковіча адміністрацыя пачала аказваць усебаковы ціск праз асуджаных.
14 красавіка, пасля даволі працяглай паўзы ў ліставанні, Марына Адамовіч атрымала ад свайго мужа-палітвязня Мікалая Статкевіча адразу некалькі лістоў. Яна адзначыла, што як толькі публічна агучваецца чарговая прапанова напісаць прашэнне, у яго заўсёды пасля гэтага пачынаюцца пэўныя праблемы. На гэты раз пасля выступу А. Лукашэнкі ў дзень мясцовых выбараў некалькі лістоў яна не атрымала, яны былі канфіскаваны. На заяву М. Статкевіча аб прычынах гэтай канфіскацыі, начальнік турмы адказаў яму, што не абавязаны тлумачыць прычыны канфіскацыі, хаця гэта не адпавядае заканадаўству.
19 красавіка, напярэдадні Вялікадня, з Івацэвіцкай калоніі №22 дадому патэлефанаваў палітвязень Эдуард Лобаў і змог асабіста павіншаваць сваю сям’ю са святам. Ён паведаміў маці, Марыне Лобавай, што ў чэрвені скончыць навучанне па спецыяльнасці «электрагазазваршчык» і атрымае адпаведны дыплом.
Смяротнае пакаранне
8-га красавіка ў Вярхоўным судзе паўторна разглядалася касацыйная скарга 26-гадовага гамельчука Аляксандра Грунова на вынесены яму смяротны прысуд Гомельскім абласным судом. Малады чалавек абвінавачаны па ч.6 п.2 арт.139 Крымінальнага кодэксу – забойства, здзейсненае з асаблівай жосткасцю. Амаль паўтары гады цягнулася судовае разбіральніцтва, прайшло каля 20 судовых паседжанняў. Пракурор адразу запрошваў максімальнае пакаранне – расстрэл, і Гомельскі абласны суд падтрымаў гэтае патрабаванне. А.Груноў разам са сваім адвакатам звярнуўся з касацыйнай скаргай у Вярхоўны суд. У кастрычніку 2013 года на паседжанні ВС абаронца Сяргей Красноў падкрэсліў, што крымінальнае заканадаўства Беларусі прадугледжвае, акрамя смяротнага пакарання, і іншыя меры пакарання - пазбаўленне волі на тэрмін ад 8 да 25 гадоў або пажыццёвае зняволенне. Абаронца, спасылаючыся на нормы міжнароднага права і звязаныя з імі нормы нацыянальнага заканадаўства, прадставіў судовай калегіі шэраг парушэнняў, якія знайшлі сваё адлюстраванне ў матэрыялах крымінальнай справы, на якія суд першай інстанцыі не звярнуў увагі. Рашэннем калегіі па крымінальных справах ВС справа Грунова была накіравана на паўторны разгляд у Гомель, які паўторна вынес смяротны прысуд, а Вярхоўны суд пакінуў гэта рашэнне ў сіле. Старшынстваваў падчас судовага паседжання Валер Калінковіч, які неаднаразова заяўляў пра тое, што ў Беларусі ўсё гатова да адмены смяротнага пакарання. Адвакат Грунова Сяргей Красноў адзначыў, што Аляксандр у вельмі падаўленым стане і пакуль не хоча падаваць прашэнне аб памілаванні на імя прэзідэнта. “Трэці раз пачуць у судзе вырак – смяротнае пакаранне праз расстрэл – вельмі цяжка, у яго зараз пэўны адчай, - адзначыў абаронца. – Для мяне дзіўна, чаму Вярхоўны суд адправіў справу на новы разгляд, а пасля не ўлічыў новыя змякчаючыя абставіны, якія былі выяўленыя ў Гомельскім абласным судзе”. У гэты ж дзень стала вядома, што КПЧ атрымаў зварот ад імя Аляксандра Грунова. У адпаведнасці з п. 92 Правілаў працэдур Камітэта дзяржава не павінна прыводзіць у выкананне смяротны прысуд да разгляду звароту па сутнасці ў ААН. 17 красавіка А. Груноў накіраваў наглядную скаргу на смяротны прысуд і прашэнне аб памілаванні. Асуджаны адзначыў, што суд, выносячы яму смяротнае пакаранне, не ўлічыў змякчаючыя абставіны – яго чыстасардэчнае раскаянне, поўнае прызнанне віны, яўку з павіннай, дабраахвотнае супрацоўніцтва са следствам і супрацьпраўныя/амаральныя дзеянні пацярпелай Наталлі Емільянчыкавай.
8 красавіка стала вядома, што Генеральная пракуратура адмовіла сваякам Уладзіслава Кавалёва ў аднаўленні справы. У сакавіку маці і сястра Уладзіслава Кавалёва, аднаго з расстраляных два гады таму па абвінавачанні ў здзяйсненні тэракту ў мінскім метро, накіравалі заяву Генеральнаму пракурору Беларусі Аляксандру Канюку, дзе прасілі аднавіць вытворчасць па гэтай крымінальнай справе ў сувязі з новавысветленымі акалічнасцямі. З адказу Генпракуратуры вынікае, што рашэнне Камітэта па правах чалавека па справе Уладзіслава Кавалёва не ўваходзіць у пералік падстаў для перагляду справы па новаадкрытых акалічнасцях, прадугледжаны артыкулам 218 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу Беларусі.
14 красавіка судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда Беларусі разгледзела касацыйную скаргу асуджанага да смяротнага пакарання 53-гадовага Эдуарда Лыкава, якому інкрымінавана пяць эпізодаў забойства ў стане алкагольнага ап’янення. Прысуд быў вынесены Мінскім абласным судом 26 лістапада 2013 года. Старшыня судовай калегіі -- Валерый Калінковіч, прадстаўнік абвінавачвання - пракурор Дударава, адвакат – Клюкач. У судзе абвінавачаны віну не адмаўляў, раскаяўся, супрацоўнічаў са следствам. Адзначыў, што з боку следства яго спайвалі, каб больш ахвотна даваў паказанні, а таксама збівалі. Адзначыў, што ўсе забойствы адбыліся ў выніку сваркі. Лічыць, што не мог дзейнічаць па-іншаму ў той сітуацыі, інакш забілі б яго. Абаронца на судзе сказаў толькі, што падтрымлівае касацыйную скаргу. Пракурор адзначыла, што віна Лыкава даказаная цалкам, з улікам змякчальных абставінаў яму вынесена справядлівае пакаранне - смяротнае пакаранне. У выніку касацыйная скарга не задаволена, прысуд Мінскага абласнога суда пакінуты ў сіле.
15 красавіка стала вядома, што Вярхоўны суд таксама лічыць скаргу родных Уладзіслава Кавалёва адносна месца пахавання расстралянага непадведамаснай агульным судам. Такое рашэнне ўтрымліваецца ў адказе на скаргу Любові Кавалёвай (маці Уладзіслава Кавалёва) і сястры Таццяны Казяр за подпісам намесніка старшыні Вярхоўнага суда Андрэя Забары. У рашэнні паведамляецца пра тое, што рашэнні суда Кастрычніцкага раёна г. Мінска і Калегіі па грамадзянскіх справах Мінскага гарадскога суда аб непадведамаснасці разгляду скаргі агульным судам застаюцца ў сіле. Любоў Кавалёва і Таццяна Казяр у сваёй скарзе ў Вярхоўны суд патрабавалі адмяніць рашэнне суда Кастрычніцкага раёна г. Мінска і Калегіі па грамадзянскіх справах гарадскога суда, якія адмовілі ва ўзбуджэнні грамадзянскай справы на дзеянні КДБ, МУС і Дэпартамента выканання пакаранняў на адмову прадаставіць інфармацыю пра месца пахавання Уладзіслава. Вярхоўны суд адзначыў, што ёсць іншы парадак для абскарджвання адмовы прадастаўлення інфармацыі пра месца пахавання Уладзіслава Кавалёва, але іншага парадку не прадугледжана Крымінальна-выканаўчым кодэксам РБ. Магчымасці даведацца для Любові Кавалёвай пра месца пахавання яе расстралянага сына больш няма.
18 красавіка стала вядома, што ў адносінах да 23-гадовага студэнта гістфаку БДУ выкананы смяротны прысуд. Ягоны зварот яшчэ знаходзіцца на разглядзе КПЧ ААН. Гэта значыць, Рэспубліка Беларусь у чарговы раз парушыла ўзятыя на сябе міжнародныя абавязальніцтвы. 12 чэрвеня 2013 Гродзенскі абласны суд прызнаў Паўла Селюна вінаватым па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэкса: забойства дзвюх асоб, учыненае з асаблівай жорсткасцю; крадзёж; здзек над трупамі; крадзёж асабістых дакументаў. Да гэтага малады чалавек не меў судзімасцяў. Свае дзеянні ён патлумачыў рэўнасцю – забітыя – ягоная жонка і яе каханак, якіх ён застаў у адной кватэры. Па сукупнасці злачынстваў суд першай інстанцыі прыгаварыў Паўла да выключнай меры пакарання - расстрэлу. Працэс вёў суддзя Анатоль Заяц. Сялюн падаў касацыйную скаргу на прысуд. 17 верасня 2013 яе разглядала судовая калегія Вярхоўнага суда пад старшынствам Валера Калінковіча. Вызначэнне - пакінуць прысуд у сіле. Маці Паўла Селюна звярнулася да Лукашэнкі і тагачаснага кіраўніка БПЦ Філарэта з просьбай паспрыяць таму, каб яе сына памілавалі – замянілі смяротнае пакаранне на альтэрнатыўнае – пажыццёвае зняволенне. Сам Павел таксама звярнуўся з прашэннем аб памілаванні на імя Лукашэнкі. Маці Паўла Селюна даведалася ад адваката, што прысуд прыведзены ў выкананне. Адвакат прыйшла на сустрэчу з падабаронным, аднак у СІЗА ёй паведамілі, што Сялюн “убыл по приговору”. На звычайнай мове гэта значыць расстрэл. Ніякіх пісьмовых дакументаў ці паведамленняў сваякам Паўла не даслалі. Маці да апошняга не ведала рашэння камісіі аб памілаванні, дату выканання прысуда. У бліжэйшыя дні яна збіралася на спатканне з сынам.
Пераслед праваабаронцаў і праваабарончы арганізацыі
3 красавіка праваабаронцы Віктар Сазонаў, Уладзімір Хільмановіч і Раман Юргель правялі 6 гадзін у РАУС Ленінскага раёна Гродна. На іх былі спачатку складзены пратаколы апытання, потым на кожнага па тры пратаколы за нібыта адміністрацыйныя правапарушэнні, пасля пратаколы адміністрацыйнага затрымання. Пратаколы афармлялі супрацоўнікі Ленінскага РАУС Павел Лапато, Аляксей Вайцешка і Мікалай Нічыпар, якія пазней выступалі ў якасці сведак. Пратаколы за нібыта адміністрацыйныя правапарушэнні былі складзены на праваабаронцаў выключна на падставе іх фотаздымкаў у інтэрнэце з беларускімі і ўкраінскімі сцяжкамі ў некалькіх гістарычных мясцінах Гродна 25 сакавіка. Праваабаронцаў абвінавацілі ў правядзенні некалькіх несанкцыянаваных пікетаў. Грамадскія актывісты некалькі гадзін чакалі дзяжурнага суддзю ў будынку РАУС. Разгляд адміністрацыйных спраў фактычна ў закрытым працэсе правяла суддзя Ленінскага раённага суда Наталля Козел. Суддзя адхіліла хадайніцтва перанесці разгляд спраў у будынак суду Ленінскага раёну і зрабіць працэсы адкрытымі. У выніку разгляду пратаколаў Наталля Козел аштрафавала кожнага з грамадскіх актывістаў на 25 базавых велічынь. 14 красавіка Віктар Сазонаў, Уладзімір Хільмановіч і Раман Юргель падалі касацыйныя скаргі ў Гродзенскі абласны суд на рашэнне суда Ленінскага раёна Гродна.
26 красавіка ў Бярозаўскі РАУС былі выкліканы праваабаронцы Тамара Шчапёткіна і Сяргей Русецкі. Выклік быў ініцыяваны суддзёй суда Бярозаўскага раёна Алены Нямковай, якая даручыла міліцыі даведацца пра абставіны забароны пікета, які праваабаронцы планавалі правесці 25 сакавіка. Ад райвыканкаму праваабаронцы атрымалі адмову, пасля чаго падалі заяву ў суд на дзеянні мясцовага выканаўчага органа. З Сяргеем Русецкім размаўляў старэйшы інспектар аддзела аховы грамадскага правапарадку Сяргей Галёнка, са Шчапёткінай – участковы інспектар Сяргей Несцяровіч. Тамара Шчапёткіна тлумачэнні па неадбыўшамуся пікету даваць адмовілася. Яна сказала, што ўся неабходная інфармацыя выкладзена ў заяве ў суд, і калі для суддзі Нямковай штосці незразумела, то растлумачыць асабіста ёй пад час судовага працэсу, пра час і дзень якога праваабаронцам яшчэ не паведамлялася.
Адміністрацыйны пераслед грамадска-палітычных актывістаў, адвольныя затрыманні
3 красавіка паэт Славамір Адамовіч быў затрыманы за ўкраінскую стужку на вопратцы. У пастарунку ў яго праверылі дакументы, агледзелі рэчы. Пасля таго, як Адамовіч паказаў выпіску пра аналагічнае папярэдняе затрыманне, яго адпусцілі
9 красавіка брэсцкаму актывісту Дзмітрыю Рабцэвічу патэлефанавалі з міліцыі і выклікалі ў пастарунак, дзе склалі пратакол паводле артыкула 23.34 КаАП за парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў. Акцыя, у якой браў удзел Дзмітрый Рабцэвіч, адбылася 28 сакавіка, калі ён выйшаў у цэнтр горада з плакатам, на якім было напісана “Не - хуткім расстрэлам” і “Жыццё альбо смерць”. Актывіст хацеў прыцягнуць увагу грамадскасці да праблемы хуткага выканання смяротных прысудаў у Беларусі пасля ўступлення іх у законную сілу. Дзмітрый Рабцэвіч прастаяў з плакатам літаральна 10 хвілін, пасля чаго да яго падыйшлі супрацоўнікі міліцыі і адвезлі ў РАУС Ленінскага раёна Брэста. Там у затрыманага ўзялі тлумачэнні, канфіскавалі плакат і адпусцілі без складання пратаколу.
15 красавіка віцебская актывістка Алена Каваленка была прызнана вінаватай у парушэнні парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў і аштрафавана на 20 базавых велічынь за пікет супраць удзелу ва ўжо мінулых мясцовых выбарах, які адбыўся 22 сакавіка ў Віцебску. Працэс у Першамайскім райсудзе Віцебска працягваўся менш за паўгадзіны, Алена Каваленка адмовілася даваць тлумачэнні, адзначыўшы толькі, што падчас пікету выражала сваю грамадзянскую пазіцыю. Судзіла Алену Каваленку тая самая суддзя Натальля Карабліна, якая раней пакарала другога ўдзельніка той самай акцыі, сябра КХП БНФ Яна Дзяржаўцава на 7 сутак арышту.
17 красавіка гомельскіх актывістаў «Маладога Фронту» Станіслава Була, Андрэя Цянюту і Наталлю Крывашэй суд Цэнтральнага раёна Гомеля прызнаў вінаватымі ў парушэнні парадку пікетавання і вынес ім папярэджанне. Маладзёнаў абвінавацілі ў тым, што яны яшчэ 22 лютага правялі несанкцыянаваную акцыю на «Нулявым кіламетры» ў памяць ахвяраў Еўрамайдана ў Кіеве. Станіслава Була, які не прысутнічаў на пасяджэнні, суд прызнаў вінаватым завочна. А выклікалі актывістаў у суд не позвай, а СМС-паведамленнем. Таксама толькі ў судзе яны ўбачылі адміністрацыйныя пратаколы. Андрэй Цянюта адзначыў, што адміністрацыйную справу неабходна спыніць, бо пратаколы складаліся ў міліцыі без удзелу актывістаў. Сваю віну маладафронтаўцы не прызналі. Яны патлумачылі, что «Нулявы кіламетр» - гэта месца, дзе традыцыйна ладзяцца акцыі салідарнасці і раней тых, хто ўскладаў кветкі і ставіў лампадкі ў памяць ахвяраў тэракту ў Мінску, Валгаградзе, да адказнасці не прыцягвалі.
20 красавіка на пункце пропуску «Каменны Лог» Ганну Аземшу прымусілі выехаць з тэрыторыі Беларусі і пакінуць за мяжой 130 асобнікаў інфармацыйнага бюлетэня “Восем цікавых фактаў пра выбары” і 65 асобнікаў бюлетэня “Назіральнік паведамляе”. Толькі зрабіўшы гэтага, Ганна змагла ўехаць у краіну.
22 красавіка суд Фрунзенскага раёна Мінска вынес рашэнне аб арышце Максіма Вінярскага на 12 сутак. Актывісту, у якога вострая ангіна, у судзе стала дрэнна. Медыкі "хуткай дапамогі", якія прыехалі на выклік, сказалі, што яму неабходна шпіталізацыя, аднак міліцыянты запрацівіліся - ён паедзе адбываць пакаранне. У адказ на гэта Максім у судзе абвясціў сухую галадоўку. Маскіма Вінярскага затрымалі супрацоўнікі міліцыі, калі ён выходзіў з гандлёвага цэнтра “Карона”, паведаміўшы, што ён падобны на злачынцу. У адзяленні міліцыі яго абвінавацілі ў непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі склалі пратакол за правапарушэнне. Максім Вінярскі нядаўна вызваліўся пасля 15-суткавага арышту з Цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў. Перад вызваленнем супрацоўнік міліцыі прапанаваў яму часова з’ехаць са сталіцы: маўляў, калі вы разумныя людзі, дык павінны зразумець, што ў вас ёсць два варыянты: альбо з’ехаць з краіны, альбо выехаць у вёску на час правядзення чэмпіянату свету па хакеі. Бо “пытанне з вамі ўсімі” будзе абавязкова вырашана, папярэдзіў супрацоўнік ЦІПа.
22 красавіка ў Мінску былі затрыманыя актывісты “Альтэрнатывы” Аляксандр Сцепаненка і Уладзімер Сяргееў. 23 красавіка па абвінавачанні ў дробным хуліганстве суд Цэнтральнага раёна пакараў кожнага з іх арыштам на 5 сутак кожнага.
23 красавіка суддзя суда Заводскага раёна Мінска Анастасія Асіпчык пакарала арыштам на 10 сутак актывіста Іллю Дабратвора. Ён быў затрыманы 22 красавіка, калі ён ехаў на ўласным аўтамабілі. Яго спынілі па падазрэнні ва ўгоне аўтамабіля. Супрацоўнікі міліцыі склалі на актывіста два адміністрацыйныя пратаколы: парушэнне артыкула 17.1 КаАП (дробнае хуліганства) і 23.4 (непадпарадкаваньні супрацоўнікам міліцыі). Ілля вёз у аўтамабілі украінскія і бел-чырвона-белыя сцяжкі, усяго 30 штук. Па кожнаму артыкулу было вынесенае пакаранне па 7 сутак арышту, а пасля канчаткова, шляхам частковага складання, суддзя Асіпчык пакарала яго арыштам на 10 сутак.
24 красавіка суд Маскоўскага раёну Мінска прыняў рашэнне аб працягненні тэрміну прэвентыўнага нагляду над лідэрам моладзевай арганізацыі «Zмена» Паўлам Вінаградавым (тэрмін нагляду заканчваўся 25 красавіка). Павел Вінаградаў - адзін з фігурантаў крымінальнай справе, узбуджанай пасля акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў у 2010 годзе. Ён датэрмінова выйшаў на волю, аднак адразу над ім быў усталяваны прэвентыўны нагляд. За гэты час шматразова падвяргаўся адміністратыўнаму пераследу за грамадскую актыўнасць. Актывісту ў РУУС далі зразумець, што альбо ён з’яжджае ў Беразіно да 3 чэрвеня (завяршэння чэмпіянату свету па хакеі), альбо паедзе на Акрэсціна. Павел Вінаградаў выбраў Беразіно.
24 красавіка ў Мінску прыкладна ў 22 гадзіны каля пад’езду дома быў затрыманы лідэр “Маладога Фронту”, былы палітвязень Дзмітрый Дашкевіч. Супрацоўнікі міліцыі праверылі ягоныя рэчы, а затым адвезлі ў РУУС Першамайскага раёна. 25 красавіка ў судзе Першамайскага раёна адбыўся разгляд адміністрацыйнай справы Дзмітрыя Дашкевіча па абвінавачанні ў парушэнні двух артыкулаў КаАП: 24.12 (парушэнне правілаў адбывання прэвентыўнага нагляду) і 23.4 (непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі). Суддзя Юрый Гарбатоўскі прыняў рашэнне арыштаваць актывіста на 25 сутак.
28 красавіка ў судзе Савецкага раёна Мінску адбыліся суды над удзельнікамі «Чарнобыльскага шляху», якія былі затрыманыя 26 красавіка пасля адразу пасля завяршэння масавага мерапрыемства, а над затрыманым прэвентыўна Аляксандрам Францкевічам 25 красавіка пасля працы. Суддзя Марына Фёдарава прызнала Дзяніса Карнова вінаватым у парушэнні 2 артыкулаў Адміністрацыйнага кодэксу: 17.1-дробнае хуліганства і 23.34 – удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве і пастанавіла арыштаваць яго на 20 сутак. Суддзя Кірыл Палелух вынес пастанову аб арышце тэрмінам 15 сутак Мікалая Коласа. Пры затрыманні яго збівалі ў мікрааўтобусе, ён скардзіўся, што ў яго анямела рука. Справу Леаніда Смаўжа разгледзела суддзя Лаўкова, сведкай выступаў камандзір групы АМАП Сыраватаў. Пастанова суддзі – 20 сутак арышту. Л.Смоўж паведаміў, што больш за 3 гадзіны іх трымалі тварам да сценкі у РУУС на расцяжцы. Грамадзянік Расіі Уладзімір Новікаў арыштаваны на 15 сутак арышту па абвінавачанні ў 2 правапарушэннях: непадпарадкаванне міліцыі і хуліганства. Аляксандр Курбаскін арыштаваны на 20 сутак. Суддзя Марына Фёдарава вынесла рашэнне аб арышце Валерыя Таміліна на 20 сутак па абвінавачанні ў дробным хуліганстве і супраціўленні супрацоўнікам міліцыі. Гэтая ж суддзя асудзіла Аляксандра Стукіна на 20 сутак арышту. Гамяльчанін Юрыя Рубцоў, які пры затрыманні быў апрануты ў майку з надпісам на спіне: “Арыштуйце мяне. Нагода? Я супраць Лукашэнкі” і на грудзях “Лукашэнка, сыходзь”, быў дастаўлены ў суд без кашулі, у адных штанах. Суддзя Палулех пакараў яго арыштам на 25 сутак, быў складзены пратакол за непавагу да суда. Аляксандр Францкевіч арыштаваны на 25 сутак.
Абмежаванні свабоды слова і права на распаўсюд інфармацыі, пераслед журналістаў
2 красавіка ў судзе Бешанковіцкага раёна адбыўся разгляд адміністрацынай справы мясцовага настаўніка Георгія Станкевіча па абвінавачанні ў парушэнні парадку распаўсюду газеты "Крывінка" (ч. 2 арт. 22.9 КаАП), якую той выдае за ўласныя сродкі. Суддзя Наталля Рэут катэгарычна адмовілася перанесці працэс, каб на яго змог трапіць адвакат з Мінску, абазнаны ў заканадаўстве аб СМІ. А потым выдаліла з залы і самога Георгія Станкевіча нібыта за парушэнне правапарадку. Парушэннем суддзя палічыла просьбу Г. Станкевіча выклікаць у суд перакладчыка, бо ён ужо 18 гадоў размаўляе толькі па-беларуску, і выказаў апасенне, што нечага можа не зразумець у юрыдычнай тэрміналогіі. Выдалены з залы суду Георгій Станкевіч пайшоў у пракуратуру і падаў скаргу на дзеянні суддзі Наталлі Рэут. Пракурор паабяцаў даць пісьмовы адказ, а ўмяшацца ў справу неадкладна не палічыў патрэбным. Была напісана і другая скарга на імя старшыні суду. Тым часам суддзя завяршыла працэс, вынесшы пастанову аб накладанні на Г. Станкевіча штрафу ў памеры 50 базавых велічынь. Рашэнне аб прызнанні віны суддзя вынесла на падстве ананімнага ліста, напісанага нібыта аднавяскоўцамі настаўніка, якія "выкрываюць" факты ягонай незаконнай выдавецкай дзейнасці.
3 красавіка суддзя Бабруйскага раённага суда Наталля Чарапуха прызнала блогера Алега Жалнова вінаватым у парушэнні артыкула 23.4 КаАП – «Непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні службовых паўнамоцтваў» і вынесла пакаранне памерам 46 базавых велічынь. Правапарушэннем прызнана то, што 4 лютага Алег Жалноў, ідучы на прыём да выканаўцы абавязкаў начальніка Бабруйскага адзела Следчага камітэта, не здаў дзяжурнаму УУС мабільныя тэлефоны, 3G мадэм і карту памяці. Супрацоўнікі міліцыі даводзілі, што УУС – рэжымны аб'ект, і што дзяжурны дзейнічаў у адпаведнасці з загадам міністра ўнутраных спраў №185 (для службовага карыстання) і інструкцыі да яго, якая вызначае забароненыя да праносу на рэжымныя аб'екты рэчывы і прадметы. Блогер будаваў сваю абарону на тым, што загады і распараджэнні міністра не распаўсюджваюцца на цывільных асобаў. Па яго перакананні, не ўстаноўлена, ці з'яўляецца УУС Бабруйскага гарвыканкама рэжымным аб'ектам. Таксама існуе Пастанова Савета міністраў, у адпаведнасці з якой усе датычныя грамадзян нарматыўна-прававыя акты павінныя быць апублікаваныя і мець адкрыты статус. А паколькі загад № 185 не зарэгістраваны ў рэестры дзяржаўных актаў, то ён не з'яўляецца абавязковым для выканання грамадзянамі, лічыць ён.
4 красавіка бабруйская незалежная журналістка Марына Малчанава атрымала ліст з пракуратуры, якога яна даведалася, што адміністрацыйная справа супраць яе закрыта. Пасля асвятлення антываеннага пікета, журналістку выклікалі ў міліцыю. Там, на прыёме ў маёра Сяргея Рудзько Марына Малчнава даведалася, што яе спрабуюць прыцягнуць да адказнасці за парушэнне артыкула 23.34 КаАП "парушэнне парадку арганізацыі ці правядзення масавага мерапрыемства". У сувязі з гэтым яна накіравала скаргу на дзеянні супрацоўніка міліцыі Рудзько ў пракуратуру, у якой прасіла разгледзець выкладзеныя ёю факты з пункту гледжання артыкула 198 КК РБ «Перашкода законнай прафесійнай дзейнасці журналіста». У адказе з пракуратуры Марыне паведамілі толькі тое, што ў адносінах да яе 19 сакавіка вынесена пастанова аб спыненні справы аб адміністрацыйным правапарушэнні.
15 красавіка Віцебская абласная пракуратура вынесла папярэджанне незалежнай журналістцы Святлане Сцяпанавай пра магчымую адказнасць па артыкуле 22.9. ч 2 КаАП (“незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ”)” за супрацоўніцтва з замежным СМІ без акрэдытацыі. У пракуратуры палічылі, што незалежная журналістка без акрэдытацыі супрацоўнічае з замежным СМІ – беларускай службай “Польскага радыё для замежжа”. Пракурор аддзела па наглядзе за выкананнем заканадаўства Павел Зайцаў гутарыў з журналісткай на працягу 20 хвілін, і што ніякія тлумачэнні з яе боку фактычна не спатрэбіліся. Пракурор паказаў нейкія раздрукоўкі з сайту, а потым выйшаў у суседні пакой і прынёс гатовую пастанову аб вынясенні папярэджання. Папера была падрыхтавана загадзя, пад ёй стаяў подпіс намесніка пракурора вобласці Георгія Каранько.
15 красавіка глыбоцкую газету “Прэфект-інфо” аштрафавалі за парушэнне закону аб рэкламе. Заснавальнік газеты, мясцовы актывіст Яраслаў Берніковіч і рэдактар выдання Зміцер Лупач падкрэсліваюць, што цікаўнасць да газеты з боку кантралюючых структур узмацняецца якраз падчас выбарчых кампаній, у якіх абодва актывісты ўдзельнічаюць шмат гадоў запар. Штраф памерам 25 базавых велічынь прысудзіў суддзя Глыбоцкага суду Андрэй Тарасевіч. Падставай для спагнання стаў пратакол, складзены супрацоўніцай упраўлення гандлю і паслуг Віцебскага аблвыканкаму Жаннай Лістападавай. У пратаколе ўказана, што ў адным з нумароў газеты за кастрычнік мінулага года былі дапушчаны некалькі парушэнняў Закону аб рэкламе. Бараніцца ад прэтэнзій аддзела гандлю і паслуг Віцебскага аблвыканкаму ў актывістаў не атрымалася: 15 студзеня прадстаўніка газеты выклікалі ў Віцебск, каб узяць тлумачэнні адносна парушэння п.4 артыкула 10 закону "Аб рэкламе". Аднак ліст з патрабаваннем прыехаць у рэдакцыі атрымалі са спазненнем на тыдзень.
17 красаіка Уладзіміра Шульжыцкага Смаргонскі раённы суд асудзіў за распаўсюд праваабарончага бюлетэня «Смаргонскі грак» на 20 базавых велічынь. Паводле праваабаронцы Алеся Дзергачова, які выдае «Смаргонскі грак», Шульжыцкага асудзілі на падставе таго, што ён ня меў дамовы з юрыдычнай асобай на распаўсюд бюлетэня. У сваіх пярэчаннях на пратакол аб адміністрацыйным пакаранні Шульжыцкі хадайнічаў, каб суддзя ў пастанове растлумачыла, з якой юрыдычнай асобай ён мусіў заключыць дамову на распаўсюд, калі выдаўцом з’яўляецца фізічная асоба. Гэтаму хадайніцтву ў пастанове не было дадзена ніякай ацэнкі, паколькі, паводле Дзергачова, няма нормы закона, на якую б мог спаслацца суд. Суддзя прызнала, што СМІ накладам да 299 асобнікаў не падлягаюць рэгістрацыі, таму не трэба ствараць юрыдычную асобу-рэдакцыю для распаўсюду такіх СМІ. Тым не менш, пакарала за тое, што Шульжыцкі не меў дамовы з юрыдычнай асобай на распаўсюд бюлетэня. Дзергачоў звярнуў увагу яшчэ на адзін факт: наклад бюлетэня законны, тым не менш, адабраныя падчас распаўсюду асобнікі «Смаргонскага грака» падлягаюць знішчэньню паводле пастановы суда.
18 красавіка падчас гутаркі ў Кастрычніцкім РАУС Віцебску незалежнай журналістцы Алене Сцяпанавай паведамілі, што яе вінавацяць у супрацоўніцтве без акрэдытацыі з замежным СМІ. Позву выпісаў старшы інспектар Аддзелу аховы правапарадку і прафілактыкі Сяргей Вяракса. Ён жа і паведаміў, што ініцыяваў адміністрацыйную справу за парушэнне заканадаўства аб СМІ. У журналісткі ўзялі тлумачэнні наконт матэрыяла “Віцебскія школьнікі адмаўляюцца вучыць гімн”, які 28 студзеня з’явіўся на інтэрнэт сайце Радыё Свабода. Сяргей Вяракса паведаміў журналістцы, што праінфармуе яе пра далейшае развіцце наяўнай адміністрацыйнай справы.
23 красавіка Вярхоўны суд Беларусі адмовіўся распачаць дысцыплінарную вытворчасць у дачыненні да суддзі Аляксандра Якунчыхіна, які забараніў журналістам карыстацца дыктафонамі падчас разгляду адміністратыўнай справы. Паводле адказу намесніка старшыні Вярхоўнага суда Валерыя Калінковіча, падчас адміністратыўнага працэсу супраць грамадскага актывіста Сяргея Фінкевіча, які праходзіў 3 сакавіка, ніякіх нараканняў на дзеянні суддзі Якунчыхіна не паступала. У сувязі з гэтым Вярхоўны суд не бачыць падставаў для ўзбуджэння дысцыплінарнай вытворчасці ў дачыненні да суддзі. Разам з тым, па сведчаннях журналістаў, якія прысутнічалі на працэсе, Аляксандр Якунчыхін зрабіў заўвагу журналістам пасля таго, як пабачыў у руках карэспандэнтаў дыктафоны. Суддзя заявіў, што аўдыёзапіс у працэсе можна весці толькі з яго дазволу, і што ў выпадку непадпарадкавання журналістаў могуць прыцягнуць да адказнасці.
25 красавіка заснавальнік інтэрнэт-старонкі http://freeregion.info Вадзім Драздоў, які ўжо некалькі гадоў жыве ў Швейцарыі, паведаміў, што яго шукалі супрацоўнікі міліцыі. Пра гэта яму сказалі жыхары суседняй кватэры, якая знаходзіцца побач з той, дзе ён раней жыў. В. Драздоў папрасіў сваякоў звярнуцца да адваката, і ў выніку ўдалося высветліць, што ў дачыненні да яго праводзіцца праверка з пачатку красавіка. Паводле Вадзіма Драздова, які спасылаецца на словы адваката, супрацоўнікі міліцыі звярнулі ўвагу на тое, што на сайце freeregion.info, з'яўляюцца артыкулы крытычнага зместу.
Абмежаванне свабоды сходаў
9 красавіка Мінюст і Брэсцкае абласное ўпраўленне ўнутраных спраў паведамілі, што звернуцца ў Бярозаўскі райвыканкам, каб на афіцыйным узроўні ўпарадкаваць пытанне заключэння дамоў з міліцыяй пры падрыхтоўцы да масавых мерапрыемстваў. Як вынікае з адказаў гэтых устаноў праваабаронцам Сяргею Русецкаму і Тамары Шчапёткінай, якія звярталіся да іх з адпаведнымі зваротамі, рашэнне Савета Міністраў РБ № 207 ад 05.03.2012 г. больш важнае, чым рашэнне Бярозаўскага райвыканкама ад 09.02.2010 № 138. Згодна з Пастановай Саўміна, пасля падачы заявы на масавае мерапрыемства ў выканкам цягам сутак выканаўчы орган улады павінен даслаць копію заявы ў міліцыю для ўзгаднення пытанняў па абслугоўванні мерапрыемства. Разам з тым, у рашэнні Бярозаўскага райвыканкама (як і аналагічных рашэннях выканкамаў у многіх рэгіёнах Беларусі) патрабуецца прадставіць копію дамовы з міліцыяй пры падачы заявы на правядзенне масавага мерапрыемства. Як паведамілі з Міністэрства юстыцыі за подпісам першага намесніка міністра А.У. Білейчыка і з Брэсцкага абласнога ўпраўлення ўнутраных спраў за подпісам намесніка начальніка ўпраўлення В.П.Угляніцы, рашэнне райвыканкама павінна быць выпраўлена згодна з Пастановай Саўміна. Раней бярозаўскія праваабаронцы Сяргей Русецкі і Тамара Шчапёткіна не раз у пісьмовай форме звярталіся ў Бярозаўскі райвыканкам з прапановай рашэнне ад 09.02.2010 № 138 прывесці ў адпаведнасць патрабаванням Пастановы Саўміна, але безвынікова. Падчас суду, у якім яны аспрэчвалі забарону пікету, праваабаронцы таксама сканцэнтравалі ўвагу на неадпаведнасць рашэння райвыканкама Пастанове Саўміна, і ў прысутнасці суддзі і памочніка пракурора папрасілі ліквідаваць супярэчнасць. Тады юрыст райвыканкаму Яўген Кашталян сказаў, што Саўмін да іх з гэтым пытаннем не звяртаўся. Цяпер да іх звернецца Мінюст і Брэсцкае абласное ўпраўленне ўнутраных спраў. Праваабаронцы спадзяюцца, што надалей пры падрыхтоўцы да масавых мерапрыемстваў больш не будзе праблем у пытанні заключэння дамоў з міліцыяй.
16 красавіка касацыйная скарга салігорскага грамадскага актывіста Уладзіміра Шыла на забарону мясцовымі ўладамі пікета да Дня правоў чалавека засталася не задаволенай. Калегія Мінскага абласнога суда пакінула ранейшае рашэнне суда Салігорскага раёна па дадзенай справе без зменаў. Ніводны з аргументаў, прыведзены актывістам у скарзе, не быў прызнаны судовай калегіяй слушным. У прыватнасці, просьбу актывіста ўскласці на органы мясцовай улады меры па забеспячэнні грамадскага парадку былі вытлумачаны як нежаданне арганізатара прымаць адпаведныя меры ўвогуле. Спасылкі Уладзіміра Шылы на ігнараванне судом Салігорскага раёна норм Канстытуцыі і Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах Мінскі абласны суд палічыў нявернымі. На думку судовай калегіі, дзеючы Закон “Аб масавых мерапрыемствах” падлягае непасрэднаму выкананню і цалкам адпавядае Канстытуцыі і міжнароднаму праву.
22 красавіка стала вядома, што акцыі, прымеркаваныя да ўгодкаў Чарнобыльскай трагедыі, забаронены ў Віцебску і Наваполацку. Чацвёра віцебскіх прадстаўнікоў КХП БНФ накіравалі заяўку ў адміністрацыю Чыгуначнага раёна на правядзенне пікета ў Парку культуры і адпачынку чыгуначнікаў. Атрымалі адмову за подпісам намесніцы кіраўніка адміністрацыі Чыгуначнага раёну Наталлі Ляпёшкінай. Прычына адмовы ў тым, што заяўнікі, маўляў, на далучылі да заяўкі дамовы, прадугледжаныя рашэннем № 881 Віцебскага гарвыканкаму. Там гаворыцца, што папярэдне арганізатары імпрэз мусяць заключыць дамовы на абслугоўванне акцыі з міліцыяй, службай ЖКГ і паліклінікай. Але гэтыя службы ад заключэння дамоў з актывістамі ўхіляюцца любым чынам. Таму актывісты прасілі, каб улады не зважалі на рашэнне Віцебскага гарвыканкаму «Аб масавых мерапрыемствах у г. Віцебску», а кіраваліся непасрэдна законам Беларусі «Аб масавых мерапрыемствах» і Канстытуцыяй, бо згаданае рашэнне фактычна робіць немагчымым рэалізацыю жыхарамі горада сваіх правоў на выказванне меркаванняў і мірных сходаў. Дамовы, якія патрабуюць улады Віцебску, не ўдалося заключыць яшчэ нікому з апазіцыянераў за амаль 5 гадоў дзеяння рашэння гарвыканкаму. У Наваполацку заяўку на пікет да ўгодкаў Чарнобыльскай трагедыі падаваў Яўген Парчынскі. Ён атрымаў адказ ад намесніка старшыні гарвыканкаму Альберта Шакеля. Той напісаў, што пікет забараняе, бо заяўка на яго правядзеньне пададзеная з парушэннем дзеючага заканадаўства.
23 красавіка сябры Гродзенскай Рады Партыі БНФ Вадзім Саранчукоў і Мікола Лемяноўскі паведамілі, што атрымалі з гарвыканкаму афіцыйныя адмовы ў правядзенні інфармацыйных пікетаў. Дзве заяўкі падаваліся на 26-га красавіка – на дзень чарговых угодкаў чарнобыльскай катастрофы. Чыноўнікі з гарвыканкаму сцвярджаюць, што ў заяўках на правядзенне пікету не выкананы ўсе патрабаванні заканадаўства – нібыта не ўказаны ўсе патрэбныя звесткі. Пад адмовай стаіць подпіс намесніцы старшыні гарвыканкаму Зоі Кулешы. Заяўнікі ж лічаць адмовы гарвыканкаму палітычнай дыскрымінацыяй і парушэннем канстытуцыйных правоў грамадзян. Ужо больш дванаццаці гадоў у горадзе над Нёманам забараняюцца ўсе пікеты, дзе заяўнікамі выступаюць грамадскія і палітычныя актывісты.
26 красавіка, у дзень гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС, у Мінску адбылося санкцыянаванае масавае мерапрыемства (дэманстрацыя і мітынг). Падчас дадзенай акцыі ажыццяўлялася грамадскае назіранне па ініцыятыве РПГА “Беларускі Хельсінкскі Камітэт” і Праваабарончага цэнтра “Вясна” ў складзе 10 назіральнікаў. Масавае мерапрыемства насіла мірны характар. Пры гэтым мелі месца факты абмежавання права на мірныя сходы ў выніку адмовы аднаму з арганізатараў у правядзенні масавага мерапрыемства (І. Дабратвору),а таксама адвольнай змены часу і маршруту масавага мерапрыемства,празмерна неабгрунтаваных мер бяспекі пад час збору на месца правядзення мітынгу. Асаблівую занепакоенасць выклікалі факты адвольных затрыманняў як прэвентыўна (8 чалавек: Максім Вінярскі, Ілля Дабратвор, Аляксандр Сцепаненка, Уладзь Сяргееў, Дзмітрый Дашкевіч, Аляксандр Францкевіч, Анатоль Мірашнічэнка і Уладзіслаў Запасаў), так і пасля мерапрыемства (Дзяніс Карноў, Мікалай Колас, Леанід Смоўж, Уладзімір Новікаў, Аляксандр Курбаскін, Валерый Тамілін, Аляксандр Стукін, Юрый Рубцоў), што з’яўляецца грубым парушэннем правоў дадзеных асобаў. Затрыманні ўдзельнікаў масавага мерапрыемства насілі незаконны характар, і былі скіраваныя на запалохванне ўдзельнікаў акцыі, а таксама як працяг практыкі палітычных рэпрэсій у дачыненні да палітычнай апазіцыі і грамадскіх актывістаў. Адзначалася немагчымасць ідэнтыфікаваць на масавым мерапрыемстве супрацоўнікаў праваахоўных органаў як такіх праз адсутнасць у значнай часткі форменнай вопраткі, а таксама адсутнасць ідэнтыфікацыйных бэйджаў на пераважнай большасці супрацоўнікаў у форме.
Абмежаванне свабоды асацыяцый
7 красавіка Міністэрства юстыцыі Беларусі вынесла афіцыйнае папярэджанне адной з найбуйнейшых беларускіх апазіцыйных структур - Аб'яднанай грамадзянскай партыі (АГП). Папярэджанне звязана з дзейнасцю АГП падчас мясцовай выбарчай кампаніі. АГП падчас выбарчай кампаніі ў мясцовыя саветы падчас дазволеных пікетаў заяўляла "аб вызваленні палітвязняў, падымала ўкраінскую тэму".