Алеся Залеўскага пакаралі штрафам за журналісцкую дзейнасць
Аўтара і вядоўцу праграм “Людскія справы” ды “Рэпартаж Залеўскага” на тэлеканале “Белсат” пакаралі штрафам у 30 базавых велічыняў за нібыта незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ.
У Карэліцкім раённым судзе адбыўся суд у справе штатнага працаўніка Польскага грамадскага тэлебачання TVP, часткаю якога з’яўляецца тэлеканал “Белсат”. Улады абвінавацілі Алеся Залеўскага ў працы без акрэдытацыі паводле адміністратыўнага артыкулу 22.9 і прысудзілі штраф у 30 базавых велічыняў.
Журналіст з прысудам нязгодны і мае намер абскарджваць вырак.
Адметна, што гэта ўжо трэцяя падобная справа на Гродзеншчыне. Так 4 красавіка “за незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ” на 30 базавых велічынь быў аштрафаваны сябра ГА “БАЖ” Алесь Дзянісаў. 15 мая падобны пратакол быў складзены яшчэ на аднаго незалежнага журналіста – Андрэя Мялешку.
На думку юрыстаў, улады Гродзеншчыны такім чынам вырашылі выпрабаваць на незалежных журналістах нядаўна ўведзены ў Адміністратыўны кодэкс рэпрэсіўны артыкул 22.9, які фактычна скасоўвае для многіх карэспандэнтаў гарантаванае Канстытуцыяй Беларусі права на свабодны збор і распаўсюд інфармацыі. Паводле міліцыянтаў, палажэнні гэтага артыкула прадугледжваюць адказнасць за працу журналістаў без акрэдытацыі.
Адметна, што супрацоўнікі тэлеканала “Белсат”, а таксама “Беларускага Радыё Рацыя” ўжо некалькі гадоў дамагаюцца ад МЗС Беларусі адпаведнай акрэдытацыі, але ўвесь гэты час атрымліваюць адмовы па надуманых, на іх погляд, прычынах.