“Вясна” вітае на волі калегу з Бахрэйна Набіла Раджаба!
Прэзідэнт Бахрэйнскага Цэнтра правоў чалавека і намеснік Генеральнага сакратара Міжнароднай Федэрацыі за правы чалавека (FIDH) Набіл Раджаб 24 траўня выйшаў з турмы пасля больш як 600 дзён зняволення.
Навіну пра вызваленне калегі з радасцю вітаюць сябры Праваабарончага цэнтра “Вясна”, кіраўнік якога і віцэ-прэзідэнт FIDH Алесь Бяляцкі застаецца за кратамі па палітычных матывах.
“Набіл Раджаб спрабаваў рэалізаваць права на мірныя сходы ў краіне, дзе татальна і сістэмна парушаюцца правы чалавека. І за сваю праваабарончую дзейнасць ён быў незаконна асуджаны, - кажа сябра Рады ПЦ “Вясна” Уладзімір Лабковіч. – Знаходзячыся за кратамі, Набіл працягваў падтрымліваць сваіх калегаў-палітвязняў з іншых краінаў. Ён неаднаразова выказваў салідарнасць з Алесем Бяляцкім і ўважліва сочыць за яго лёсам. Унутраная мужнасць Набіла натхняе ўсіх нас, праваабаронцаў, якія працуюць пад пастаяннай пагрозай зняволення”.
Як нагадвае ў сваім прэс-рэлізе FIDH, 11 снежня 2012 года Апеляцыйны суд прысудзіў Набіла Раджаба да двух гадоў турэмнага зняволення за “заклікі да ўдзелу ў маніфестацыі”. Ён утрымліваўся у цэнтральнай турме ў горадзе Джаў.
Набіл Раджаб на волі з сям'ёй
“Велізарнае задавальненне зноў убачыць нашага сябра і калегу Набіла. Мы так доўга чакалі гэтага моманту”, — кажа Генеральны сакратар FIDH Аміна Буаяш, якая наведала Манану, каб прысутнічаць пры вызваленні Набіла Раджаба.
“Набіл адбыў увесь тэрмін. Яго не памілавалі і не вызвалілі датэрмінова, хоць закон і прадугледжвае гэта. Гэта ўсяго толькі адзін прыклад (сярод шматлікіх падобных) рашучасці ўладаў прымусіць замаўчаць любога, хто выкрывае парушэнні правоў чалавека ў Бахрэйне”, — сказаў Прэзідэнт FIDH Карым Лахіджы.
Супрацоўнікі парыжскага офісу FIDH у падтрымку Набіла Раджаба
Супрацоўнікі брусельскага офісу FIDH у падтрымку Набіла Раджаба
На сваёй 66-й сесіі ў чэрвені 2013 года Працоўная група ААН па адвольных затрыманнях прызнала адвольным затрыманне Набіла Раджаба.
Многія людзі па-ранейшаму знаходзяцца ў турмах Бахрэйна за ажыццяўленне свайго права на свабоду слова, свабоду перакананняў, свабоду аб’яднанняў. FIDH адзначае, што, нягледзячы на неаднаразовыя абяцанні, улады Бахрэйна не выканалі рэкамендацыі Незалежнай камісіі расследавання ў Бахрэйне (BICI) ад лістапада 2011 года, санкцыянаванай каралём Бахрэйна. BICI, якая расследавала парушэнні, учыненыя падчас падаўлення пратэстаў у 2011 годзе, асобна заклікала ўлады вызваліць усіх вязняў сумлення.