viasna on patreon

Суд абмяжоўвае магчымасць знаёміцца з матэрыяламі справы

2014 2014-05-26T12:51:13+0300 2014-05-26T13:04:59+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/suddzia.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Ленінскім раённым судзе Магілёва не даюць азнаёміцца з матэрыяламі справы. У сувязі з гэтым член валейбольнай каманды "Тэхнапрыбор" Антон Бандарэнка напісаў скаргу на дзеянні намесніка старшыні Ленінскага раённага суда суддзі Лапацінай у Магілёўскі абласны суд, Вярхоўны суд і Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь. 

Хлопец просіць, каб яму дазволілі сфатаграфаваць матэрыялы яго справы.

"У сярэдзіне траўня мною была пададзена заява на азнаямленне з матэрыяламі справы метадам фотаграфавання па майму пазову да ААТ "Магілёўскі клуб "Тэхнапрыбор"" аб спагнанні заробку. Аднак, мне было адмоўлена ў гэтым, бо я ўжо 3 траўня азнаёміўся з матэрыяламі справы. Таксама мне было патлумачана, што адпаведнасці з артыкулам 56 Грамадзянска-працэсуальнага кодэкса не прадугледжана права юрыдычна зацікаўленых у выніках справы асоб рабіць фотаздымкі матэрыялаў справы", - распавядае Антон.

Аднак хлопец не пагадзіўся з такой фармулёўкай і звярнуўся па дапамогу ў незалежны прафсаюз Радыёэлектроннай прамысловасці.

"У артыкуле 56 ГПК гаворыцца, што можна азнаёміцца з матэрыяламі справы, рабіць выпіскі з іх, здымаць копіі прадастаўленых дакументаў і патрабаваць іх сапраўднасці. "Здымаць копіі" дакладна ў артыкуле не прапісана, адпаведна можна рабіць, як ксеракопіі, так і фотакопіі. Колькі раз чалавек можа азнаямлівацца з матэрыяламі справы нідзе не прапісана і гэтая інфармацыя, у адпаведнасці з заканадаўствам, мусіць быць даступнай", - кажа юрыст незалежнага прафсаюза Алена Барысава.

Хлопец адзначае, што ў грамадзянскай справе ён з'яўляецца пазоўнікам і праз суд хоча дабіцца спагнання з адміністрацыі валейбольнага клуба "Тэхнапрыбор" заробку, які яму не выплачваюць аж з кастрычніка 2013 года. 

Валейбаліст лічыць, што ў судзе такім чынам хочуць зацягнуць справу, каб ён не здолеў падаць абгрунтаваную касацыйную скаргу. Антон кажа, што ўвогуле магілёўскія суддзі  паводзяць сябе некарэктным чынам -  падчас адбыўшагася раней судовага пасяджэння на яго крычалі, пагражалі і хацелі выгнаць з залы суда.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства