Малады Фронт выступіў у абарону Праваабарончага цэнтру “Вясна”
Тэкст ліста:
“Малады Фронт выказвае абурэньне з прычыны перасьледу й пагрозы ліквідацыі Праваабарончага цэнтру "Вясна". Цэнтар "Вясна" вядомы ў Беларусі й па-за яе межамі як арганізацыя, што актыўна адстойвае правы беларускіх грамадзянаў і няўрадавых арганізацыяў перад недэмакратычнаю рэпрэсіўнаю ўладаю.
Праваабарончая арганізацыя прымала ўдзел у шэрагу агульнанацыянальных кампаніяў, скіраваных на забесьпячэньне адкрытых і свабодных выбараў, за што неаднаразова падвяргалася перасьледу з боку беларускага рэжыму.
Малады Фронт уважае пагрозу ліквідацыі Цэнтру "Вясна" як наступны крок па запалохваньні й зьнішчэньні арганізацыяў, што абараняюць іншых ад свавольства, перасьледу й рэпрэсіяў лукшэнкаўскага рэжыму, а таксама разглядае судовы працэс над "Вясной" як працяг мэтаскіраванай кампаніі супраць грамадзянскай супольнасьці, непадкантрольнай уладам.
Малады Фронт расцэньвае факт перасьледу Цэнтру "Вясна" як палітычна скіраваную агрэсію супраць праваабаронцаў і патрабуе ад Міністэрства юстыцыі неадкладна спыніць усе дзеяньні па зьнішчэньні праваабарончай арганізацыі”.