Бяроза: хто забараніў пікет – не кажуць нават суду
Сёння, 21 траўня, у Бярозе працягнуўся разгляд справы па іску бярозаўскіх праваабаронцаў Сяржука Русецкага і Тамары Шчапёткінай, а таксама грамадскай актывісткі Таццяны Тарасевіч, якія аспрэчвалі забарону Бярозаўскім райвыканкамам пікета 25 сакавіка. Нагадаем, прычынай забароны было названа “распальванне нацыянальнай варожасці” – менавіта такім чынам бярозаўскія чыноўнікі расцанілі адну з мэтаў пікета: пратэст супраць увядзення Расійскай Федэрацыяй войскаў на тэрыторыю Украіны.
На гэты раз у судзе прадстаўнік райвыканкама -- юрыст Яўген Кашталян нечакана запярэчыў сваім жа словам, якія прагучалі на папярэднім судовым паседжанні, калі 13 траўня сцвярджаў, што адклікаць дазвол на пікет Бярозаўскі райвыканкам прымусіла вышэйстаячая арганізацыя, а менавіта – Брэсцкі аблвыканкам.
Сёння ён ужо сцвярджаў, што Брэсцкі аблвыканкам тут ні пры чым, а менавіта ў райвыканкаме знайшлася светлая галава, якая праз дзень пасля выдачы дазволу раптоўна ўбачыла “нацыянальную варожасць” у пратэсце супраць агрэсіі Расіі адносна Ўкраіны. Але назваць гэтага прадстаўніка выканкаму Яўген Кашталян катэгарычна адмовіўся: маўляў, тады пра яго напішуць у СМІ. Цікава, што суддзю Алену Нямкову не зацікавіла прозвішча гэтага чыноўніка, як і прадстаўніка пракуратуры Аксану Гардзеюк. Падтрымалі яны Яўгена Кашталяна і ў тым, што няма неабходнасці рабіць лінгвістычную экспертызу. Судовае рашэнне будзе вынесена а 9 гадзіне 22 траўня.