viasna on patreon

Віцебск: грамадскасць рэагуе на знікненне планаў будаўніцтва новай паліклінікі

2014 2014-05-18T07:20:52+0300 2014-05-18T07:20:52+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/vicebsk-paliklinika-podpisy.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Жыхары мікрараёнаў Білева-1 і Білева-2 патрабуюць захавання сацыяльных стандартаў, прынятых уладамі Беларусі. Для тутэйшых насельнікаў гэта вельмі важна: яшчэ летась павінна было распачацца будаўніцтва паліклінічнага комплексу, але сёлета з планаў інвестыцыйнай праграмы гэты пункт знік, нібыта яго і не было.

Ініцыявала кампанію за будаўніцтва паліклінікі Тацяна Севярынец, каардынатарка аргкамітэту па стварэнні партыі БХД у Віцебскай вобласці:

"Праблему я ведаю з уласнага досведу: у мікрарёне Білева жыве мая дачка з сям'ёй, і я неаднаразова назірала, як гэта няпроста – калі захварэла дзіця, а ў паліклініку яго трэба везці на аўтобусе з перасадкамі. Мае перажыванні "падзялілі" мясцовыя жыхары: мы збіралі ў гэтых мікрараёнах подпісы за вылучэнне нашай сяброўкі Алены Шабуні, і людзі, з якімі даводзілася размаўляць, аднагалосна казалі: без сваёй паліклінікі нам вельмі кепска. А бліжэйшыя, ды якіх мы прыпісаны, перапоўнены".

Тацяна Севярынец пацікавілася планамі гарадскога будаўніцтва на бліжэйшыя гады. І даведалася, што ў 2012 годзе ўжо была зробленая праектная дакументацыя на будаўніцтва ў Білеве паліклінічнага комплексу. Аднак у 2013 анансаванае будаўніцтва так і не распачалося, а ў 2014 – увогуле знікла з планаў…

Жыхары мікрараёнаў Білева-1 і Білева-2 далучыліся да кампаніі: яны дапамагаюць актывістам у зборы подпісаў, сёння іх назбірана каля 1 500. Вырашана, што трэба сабраць 3-4 тысячы, каб ўлады горада бачылі ўсю глыбіню праблемы і людскога абурэння непавагай да іх і абыякавасцю да іх здароўя. Між тым, выявілася і яшчэ адна вострая праблема, таксама вартая асобнага звароту да ўладаў. Гэта – недахоп дзіцячых устаноў, перадусім дзіцячых садкоў, бо пераважная колькасць насельніцтва новых мікрараёнаў – гэта маладыя сем'і з маленькімі дзецьмі.

"У абодвух мікрараёнах жывуць амаль 23 тысячы чалавек. А тут – усяго адна школа і два дзіцячыя садкі, будаўніцтва трэцяга толькі запланавана. Маладыя бацькі наўпрост кажуць: "Мусіць, нашы дзеці ўжо павырастаюць, пакуль тут пабудуць яшчэ адну школу, і ўжо дакладна вырастуць з "дзетсадаўскага" узросту, пакуль мы чакаем месца ў садку". Пакуль дзяцей "цягаюць" у перапоўненых зранку аўтобусах", -- працягвае Тацяна Севярынец.

Дарэчы, сітуацыя з транспартным рухам у гэтых мікрараёнах стала меньш крытычнай у параўнанні з той, якая была 3-4 гады таму. Тады ў Білева былі лічаныя аўтобусныя рэйсы не больш як па 1-2 маршрутах. Але актывісты аргкамітэту па стварэнні партыі БХД узяліся за збор подпісаў, і здолелі настояць, каб грамадскага транспарту ў гэтым накірунку пабольшала.

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства