viasna on patreon

Баранавічы: грамадскі актывіст патрабуе ад суда вярнуць яму ўкраінскі сцяг

2014 2014-05-17T22:24:52+0300 2014-05-17T22:24:52+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/gundar-piket-baran-3.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Уладзімір Гундар, аганізатар пікета ў цэнтры Баранавічаў супраць вайны Расіі з Украінай, 16 траўня накіраваў заяву на імя старшыні суда Баранавіцкага раёна і г. Баранавічы Мікалая Кміты з просьбай вярнуць яму дзяржаўны сцяг Украіны.

Яшчэ 21 сакавіка суддзя Станіслаў Півавар прызнаў Уладзіміра Гундара вінаватым у правядзенні несанкцыянаванага пікета супраць агрэсіі Расіі ў адносінах да братняй Украіны і прысудзіў адміністрацыйны штраф у памеры 15 базавых велічынь. Суддзя адмовіўся вярнуць спадару Гундару ўкраінскі сцяг і плакат “Пуцінскія банд-агрэсары -- геть з Украіны, прэч з Беларусі”, паведаміўшы, што гэтыя рэчавыя доказы па закону павінны застацца ў яго адміністрацыйнай справе.

Але 15 траўня Уладзімір Гундар атрымаў копію пастановы гарадского суда ад 8 траўня, у якой паведамлялася, што Баранавіцкі суд пастанавіў знішчыць дзяржаўны ўкраінскі сцяг і плакат.

– У сваёй заяве я напісаў, што грамадзяне нашага горада абураныя варварскім рашэннем гарадскога суда аб знішчэнні дзяржаўнага сімвала братняй нам Украіны. Такія дзеянні суда разбураюць цывілізаваныя міждзяржаўныя і міжнацыянальныя зносіны Рэспублікі Беларусь з суседнімі дзяржавамі. Таму ў гэтай заяве я патрабую вярнуць мне дзяржаўны сцяг Украіны, – патлумачыў Уладзімір Гундар.

Заяву Уладзіміра Гундара аб вяртанні дзяржаўнага сцяга Украіны яго законнаму ўладальніку падпісалі актывісты грамадскіх арганізацый і палітычных партый Анжаліка Камбалава, Вячаслаў Болбат, Віктар Сырыца, Мікалай Чарнавус, Аляксандр Вайцешык і Сяргей Гоўша.

 

Фота: Уладзімір Гундар перад будынкам суда Баранавіцкага раёна і г. Баранавічы

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства