viasna on patreon

Чарнобыльскі пікет не для Гомеля

2007 2007-06-12T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Суд Цэнтральнага раёну Гомеля адхіліў пазоў актывісткі ПКБ Марыі Багдановіч да гарвыканкаму з прычыны забароны чарнобыльскага пікету, паведамляе Радыё Свабода.

У судзе заяўніца патлумачыла, што пікет быў замоўлены ёй і Сяргеем Шпакавым дзеля высьвятленьня стаўленьня гараджан да будаўніцтва ў Беларусі атамнай станцыі. Аднак гарвыканкам не дазволіў праводзіць пікет.

Спадарыня Багдановіч патрабавала адмены рашэньня гарвыканкаму №342 на забарону пікету, якое парушае ня толькі ейнае канстытуцыйнае права, але й падпісаны Беларусьсю Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Прадстаўніца гарвыканкаму Паліна Лабанава прадставіла суду водгук выканаўчага камітэту за подпісам старшыні Аляксандра Бяляева на пазоў актывісткі. У ім сказана, што з пісьмовага абавязацельства, прыкладзенага да замовы, ня бачна рэальнай магчымасьці двум заяўнікам пікету забясьпечыць ахову грамадзкага парадку, медычную дапамогу ўдзельнікам акцыі, а таксама ўборку тэрыторыі.

Паводле Лабанавай, заяўнікам неабходна было заключыць дамовы зь міліцыяй, шпіталем хуткай медычнай дапамогі й прадпрыемствам жыльлёва-камунальнай гаспадаркі на абслугоўваньне пікету й прадставіць выканкаму гарантыйныя пісьмы наконт мажлівасьці аплаты паслугаў гэтых службаў цягам 10 дзён.

Аднак гэта не азначае, што гарвыканкам дазволіў бы пікет. Як заявіла ў судзе спадарыня Лабанава, гарвыканкам, апрача заканадаўства, кіруецца яшчэ й мэтазгоднасьцю правядзеньня масавых акцыяў.

Судзьдзя Сяргей Шыцікаў, які разглядаў пазоў актывісткі ПКБ, прыняў бок гарвыканкаму й пакінуў пазоў без задавальненьня.

Як мяркуе спадарыня Багдановіч, жаданьне грамадзяніна рэалізаваць сваё права на мітынгі, сходы ды пікеты дастатковай прычынай не зьяўляецца. Галоўнае – мэтазгоднасьць, якую вызначае сама ўлада.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства