Пратэстанты моляцца на Канстытуцыйны суд
16 тысяч подпісаў сабралі беларускія пратэстанты за адмену закона «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях». Подпісы мяркуецца перадаць у Канстытуцыйны суд. А 17 чэрвеня з усіх куткоў Бларусі ў Мінск з'едуцца вернікі ўсіх евангельскіх цэркваў, каб правесці супольную малітву за змену заканадаўства.
Тыдзень таму каля царквы «Благадаць» ужо прайшла малітва, у якой удзельнічалі парадку 5 тысяч вернікаў. Гэта адбылося 3 чэрвеня каля царквы «Благадаць» - такім быў адказ пратэстантаў на ціск уладаў на рэлігійную абшчыну «Ян Прадвеснік».
27 мая на Троіцу ва ўласнай кватэры затрыманы пратэстанцкі пастар Антон Бокун, абвінавачаны ў правядзенні несанкцыянаванага богаслужэння. Суд Цэнтральнага раёна Мінска аштрафаваў святара на 20 базавых адзінак (620 тысяч рублеў). Аднак 3 чэрвеня Антон Бокун быў затрыманы зноў – гэтым разам за «несанкцыяванае богаслужэнне» святар адседзеў 3 сутак.
6 чэрвеня з Беларусі дэпартаваны пратэстанцкі святар Яраслаў Лукасік, грамадзянін Польшчы, якому забаронены ўезд на тэрыторыю Беларусі цягам пяці гадоў. На Беларусі, дзе святар пражыў 14 гадоў, засталіся ягоная жонка з трыма дзецьмі.
З прыняццем у канцы 2004 года закона «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях» пратэстанцкія цэрквы знаходзяцца пад магутным прэсам дзяржавы: святараў затрымліваюць, судзяць, штрафуюць, выдвараюць…
Крыніца: pahonia.promedia.by