У Горадні зьбіты Стас Пачобут – лiдэр рок-гурта “Deviation”. Ягоны брат -- журналiст гарадзенскай газеты “Glos zhad Niemna” Андрэй Пачобут абвінавачваецца ў “дробным хуліганстве”.
Мiлiцыянты збiлi 26-гадовага Стаса Пачобута, лiдара вядомага гарадзенскага рок-гурта “Deviation”. Цяпер Стас знаходзiцца ў аддзяленнi нейрахiрургii гарадзенскай бальнiцы хуткай дапамогi. Брат Стаса, журналiст гарадзенскай газеты “Glos zhad Niemna” Андрэй Пачобут, якi быў сведкай збiцця i настойваў, каб да збiтага выклiкалi медыкаў, арыштаваны.
7 верасьня апоўначы Стас з сябрамi вяртаўся з дня народзiнаў, калi да iх пад’ехалi мiлiцыянты, надзелi на Стаса кайданкi i завезлi яго i яшчэ трох хлопцаў у дзяжурную частку Ленiнскага РАЎС.
- Мiлiцыянт з машыны пачаў на нас крычаць, я запатрабаваў, каб ён прад’явiў свае дакуманты – тлумачыць Стас. – Замест гэтага ён надзеў на мяне кайданкi.
Па словах Стаса, збiваць яго пачалi ўжо ў машыне. Калi да дзяжурнай часткi падышоў Андрэй Пачобут, мiлiцыянты выкiдалi збiтага брата на вулiцу. Андрэй пачаў патрабаваць, каб да Стаса выклiкалi “хуткую дапамогу”. Медыкаў выклiкалi. “Хуткая” забрала Стаса ў бальнiцу, гэта зафiксавана ў журнале дастаўленых у дзяжурную частку.
На Андрэя складзены пратакол аб “дробным хулiганстве”, ён знаходзiцца да суда ў iзалятары часовага ўтрымання (IЧУ) Ленiнскага РАЎС. Тры хлопцы, якiх затрымалi разам са Стасам, таксама ў IЧУ.
Стас знаходзiцца ў аддзяленнi нейрахiрургii бальнiцы хуткай дапамогi, яму дагэтульне паставiлi дыягназ. У яго вялiкi кровападцек на левым воку i расцарапаны твар. Стас гаворыць, што яму млосна, кружыцца галава.
Браты намераны дамагацца ўзбуджэння крымiнальнай справы супраць мiлiцыянтаў, якiя збiлi Стаса Пачобута.