Шалкевіч і Бартосік возьмуць удзел у канцэрце «За Беларусь!»
23 чэрвеня – у дзень святкавання Купалля па старым стылі – у Гомелі запланаваны канцэрт «За Беларусь!», на якім выступяць вядомыя беларускія барды. Арганізоўваюць мерапрыемства гомельскае маладзёжнае грамадскае краязнаўчае аб`яднанне «Талака» і раённая арганізацыя Таварыства беларускай мовы.
Як паведаміла БелаПАН старшыня «Талакі» Ларыса Шчыракова, свой удзел у канцэрце пацвердзілі мінскі аўтар-выканаўца Зміцер Бартосік, Віктар Шалкевіч з Гародні, а таксама гомельскія барды Андрэй Мельнікаў, Вальжына Цярэшчанка і Зміцер Вінаградаў. Паводле слоў Л.Шчыраковай, гэтыя аўтары-выканаўцы ўпершыню разам выступяць у абласным цэнтры. «Ужо вельмі даўно ў Гомелі не было канцэртаў ні Бартосіка, ні Шалкевіча. Ды і мясцовых бардаў мы чуем нячаста. Спадзяемся, канцэрт будзе спрыяць папулярызацыі ў Гомелі беларускамоўнай аўтарскай песні і беларускамоўнай культуры ў цэлым», -- заўважыла Л.Шчыракова.
Як зазначылі арганізатары канцэрта, назва «За Беларусь!» была абавязковай умовай з боку адміністрацыі Дома культуры, у якім плануецца правядзенне мерапрыемства.