viasna on patreon

Толькі пасля правядзення талакі на разбураным пахаванні ўлады «выявілі» занядбаныя могілкі

2014 2014-05-02T16:48:31+0300 2014-05-02T17:01:19+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/mogilki.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У вёсцы Люшаў Буда-Кашалёўскага раёна знаходзяцца з 16-19 стагоддзя месцы пахавання прадстаўнікоў шляхетнага роду ВКЛ Перасвет-Солтанаў. Дадзеныя старажытныя могілкі ў жахлівым стане выявілі падчас падарожжа некалькі гадоў таму актывісты гомельскай кааліцыі «Наша альтэрнатыва». Маладыя людзі ўбачылі закінуты слеп з разбуранымі магіламі, перавернутыя надмагільныя пліты, раскіданыя часткі труны, і вырашылі правесці добраўпарадкаванне родавых пахаванняў. У жніўні 2013 года тут была праведзена актывістамі кааліцыі «Наша альтэрнатыва» і «ТБМ ім.Ф.Скарыны» першая талака. Маладыя людзі навялі парадак на магілах, спілавалі некаторыя дрэвы, пачысцілі надмагільныя пліты, перапісалі дадзеныя з помнікаў.

У канцы красавіка 2014 года актывісты зноў правялі прыборку месцаў родавых пахаванняў Перасвет-Солтанаў. Вёска Люшаў у 16-19 стагоддзях належала вядомаму шляхетнаму роду. Раней у вёсцы быў касцёл. Зараз засталіся некалькі хат.

Цікава, што толькі пасля неаднаразовага наведвання могілак гомельскімі актывістамі мясцовыя ўлады нарэшце раптам «заўважылі», і нават «выявілі» занядбаныя могілкі. У раённай газеце «Авангард» з'явілася невялікая інфармацыя з дзіўнай назвай «Дзе выяўлена месца пахавання?». Аўтар піша, што «на тэрыторыі раёна ў населеным пункце Люшаў выяўлена месца пахавання». «Па папярэдняй інфармацыі, у дадзеным месцы быў касцёл і грамадзянскія могілкі. Просім жыхароў, якія валодаюць дадатковай інфармацыяй па дадзенаму факту, паведаміць яе вусна ці пісьмова ў сельскі Савет ці рэдакцыю газеты «Авангард» з мэтай вывучэння гісторыі і неабходнасці аднаўлення месцаў пахавання».

Дзесяцігоддзямі дадзеныя родавыя могілкі руйнаваліся, адыходзілі ў нябыт, прыцягваючы ўвагу розных «чорных капальнікаў», якія нават труны выкапалі і выкінулі ў пошуках каштоўнасцяў, - і ўлады гэтага не заўважалі. Дзіўнай выглядае і інфармацыя ў газеце пра тое, што могілкі «выяўлены», калі яны там існавалі некалькі стагоддзяў.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства