Абаронцы салігорскага лесапарку зноўку б'юць трывогу
Актывістам салігорскай грамадскай ініцыятывы “Абаронім лес” стала вядома аб намеры мясцовых уладаў знішчыць чарговы кавалак катэгарыйнага лесапарку пад буданіцтва жылля. Гаворка пра зялёную зону па вуліцы Лясной, на месцы якой ужо шмат год чыноўнікі імкнуцца змясціць так званы сацыяльны дом.
- У 2010 годзе, падчас перадвыбарчай кампаніі, адваяваць гэтую частку лесу ў нас атрымалася. Тады давераная асоба дзеючага кіраўніка краіны, старшыня Мінаблвыканкаму Барыс Батура на сустрэчы з салігорскімі выбаршчыкамі публічна заявіў пра неабходнасць захавання лесапарку, - кажа адзін з абаронцаў салігорскага лесапраку Уладзімір Шыла. - Батура сышоў на пенсію, а мясцовыя чыноўнікі дзеля эканоміі сродкаў пры будаўніцтве жылля зноўку рэанімавалі ідэю па знішчэнні зялёнай зоны па вуліцы Лясной. Рыхтуем зварот з гэтай нагоды ў пракуратуру і Адміністрацыю прэзідэнта. Урэшце, хутка новыя прэзідэнцкія выбары, а значыцца ўладзе, прынамсі на гэты перыяд, будзе складаней ісці супраць волі народу.
Актывісты ініцыятывы “Абаронім лес” адзначаюць, што плануемы да высечкі лес адносіцца да першай катэгорыі, і дазвол на яго высечку мусіць быць атрыманы ў прэзідэнта. Да таго ж гэта тэрыторыя ўваходзіць у ахоўную зону з-за наяўнасці каля яе трох свідравін, з якіх у Салігорск падаецца пітная вада. Абаронцы лесу нагадваюць, што нават на генплане развіцця горада гэта зоная з’яўляецца рэзервовай, а буданіцтва мусціць весціся на велізарным полі ў напрамку вёсцы Краснадворцы.
На фота: Лесапаркавая зона па вуліцы Лясной