viasna on patreon

Тры гады даказвае былы рабочы Гомельскага хімзаводу, што атрымаў траўму на вытворчасці

2014 2014-04-25T00:25:49+0300 2014-04-25T00:25:49+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/trauma.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Тры гады дамагаецца справядлівасці ў розных інстанцыях былы рабочы ААТ «Гомельскі хімічны завод» Аляксандр Клімаў, які пасля траўмы на прадпрыемстве зрабіўся інвалідам і страціў працу. Нарэшце толькі ў канцы красавіка 2014 года экспертыза, прызначаная судом Навабеліцкага раёна Гомеля, прыйшла да высновы, што траўма сапраўды была цяжкай - «адносіцца да катэгорыі менш цяжкіх цялесных пашкоджанняў». А гэта значыць, што ўрачы туберкулёзнай бальніцы, куды трапіў пасля траўмы рабочы, выставілі хвораму няпоўны дыягназ, на падставе якога траўма і была прызнана не цяжкай, а адміністрацыя хімзаводу, адпаведна, не прызнала траўму вытворчай. Аляксандр Клімаў стаў інвалідам, яго звольнілі з працы, і ніякіх выплат ці дапамогі, кампенсацыі маральнай шкоды ён не атрымаў.

Жыхар Гомеля 32 гады адпрацаваў на хімзаводзе. Вясной 2011 года Аляксандр Клімаў, які працаваў на той час апаратчыкам абпалу на заводзе, у працоўны час зайшоў на эстакаду разгрузкі вадкай серы, страціў прытомнасць і ўпаў. Па словах былога рабочага, ён адчуў пах серы і страціў прытомнасць. У туберкулёзнай бальніцы, куды яго прывезлі, вызначылі, што ў пацыента пераломы рэбраў, пашкоджанне ўлоннага сачлянення, траўматычны сімфізіт.

Разам з тым, варта звярнуць увагу, што першапачаткова ў дыягназе было пазначана, што рабочы атрымаў «разрыў лоннага сачлянення», толькі потым, пры выпісцы, дадзеныя ў дыягназе былі пазначаны як «пашкоджанне лоннага сачлянення». Менавіта гэтае «пашкоджанне», а не «разрыў», далі нагоду прыйсці да высновы, што траўма не з'яўляецца цяжкай.

Далей – болей. На прадпрыемстве быў складзены акт аб невытворчай траўме, якую апаратчык атрымаў «з прычыны хваравітага стану». Падставай для такога заключэння паслужыў той факт, што Клімаў раней звяртаўся ў кардыялагічны дыспансер з нагоды падвышанага ціску. Маўляў, раз чалавек некалі звяртаўся ў кардыядыспансер, хоць і не стаяў там на ўліку, то цалкам магчыма, што яму раптам магло зрабіцца блага. І гэта ўлічваючы той факт, што ён працаваў па Спісе №1, праходзіў рэгулярна медыцынскія агляды і атрымліваў допуск да працы.

Пасля траўмы ён атрымаў інваліднасць 3 групы, быў звольнены з роднага прадпрыемства з-за стану здароўя. Праз працоўныя абавязкі Аляксандр Клімаў і стаў інвалідам, а потым на заводзе не знайшлося ніякага месца. Аляксандр Клімаў спрабаваў дамагчыся справядлівасці ў Дэпартаменце інспекцыі аховы працы, пракуратуры, Міністэрстве аховы здароўя. Але безвынікова.

На дапамогу былому рабочаму прыйшоў гомельскі праваабаронца, прававы інспектар прафсаюза РЭП Леанід Судаленка. Ён дапамог падрыхтаваць безліч скаргаў і зваротаў. Нарэшце былы рабочы звярнуўся ў суд Навабеліцкага раёна Гомеля. Сутнасць скаргі была ў тым, што ўрачы туберкулёзнай бальніцы, куды трапіў пасля траўмы рабочы, выставілі яму няпоўны дыягназ, што дазволіла прызнаць траўму няцяжкай.

Урачы замест «разрыў лоннага сачлянення» напісалі «пашкоджанне лоннага сачлянення», што і змяніла фармулёўку ў заключэнні пра ступень цяжкасці траўмы. Але судмедэкспертыза ўсё ж прыйшла да высновы, што быў менавіта разрыў, а не пашкоджанне, і прызнала траўму «менш цяжкай».

«Прадпрыемствы як могуць хаваюць факты вытворчых траўмаў, і хімічны завод тут не выключэнне. Толькі дзякуючы настойлівасці Аляксандра Клімава справа скранулася з мёртвай кропкі. Але на гэта пайшло тры гады! Каб толькі давесці, што траўма – цяжкая. Урачы схавалі дыягназ, у выніку чаго наймальнік – хімзавод, адмовіўся прызнаць траўму вытворчай. Калі суд прызнае заключэнне туберкулёзнай бальніцы аб ступені траўмы несапраўдным, то Дэпартаменту інспекцыі працы трэба будзе правесці адмысловае расследаванне па дадзеным выпадку і прызнаць траўму вытворчай», - лічыць Леанід Судаленка.

Слуханні ў судзе працягнуцца ў траўні.

Варта дадаць, што ў 2011 годзе гэта быў не адзіны выпадак траўматызму на хімічным заводзе. Так, у красавіку працоўны, што выконваў працы па фасоўцы гатовай прадукцыі, упаў у бункер фасоўкі і загінуў. У чэрвені тут загінуў рабочы, траўмаваны электратокам.

У верасні працоўны атрымаў апёк і пералом. Апёк - у выніку выкіду серы з цыстэрны, пералом пятачнай косці пры падзенні з назіральнага мастка. Гэта здарылася прыкладна ў тым жа месцы, дзе быў траўмаваны і Аляксандр Клімаў.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства