viasna on patreon

У Магілёве падчас агульнагарадскога суботніка пашкодзілі гістарычны будынак

2014 2014-04-22T18:13:56+0300 2014-04-22T18:13:56+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/subotniki.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Гэта сцярджае старшыня Магілёўскага абласнога Таварыства аховы помнікаў Уладзімір Краўчанка. З гэтай нагоды гісторык і правааабронца рыхтуе скаргі ў Магілёўскую гарадскую пракуратуру і Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.

“Уся тэрыторыя ўздоўж высокага берага Дняпра ад ракі Дзебра (па леваму берагу) да Дубравенкі з’яўляецца гістарычным помнікам. Гэта месца старога горада. Гэтая тэрыторыя ахоўваецца законам”, - кажа Уладзімір Краўчанка.

Са слоў кіраўніка Магілёўскага абласнога Таварыства аховы помнікаў, падчас суботніка грамадзяне, якія прыбіралі тэрыторыю былога Школішча, пашкодзілі падмурак будынка 18 стагоддзя.

“Ідэя зрабіць парк на гэтым месцы – гэта цудоўна, аднак не трэба гэта рабіць вандалаўскім метадам. Падмурак быў прыхаваны зямлёй і ўзвышаўся над агульным ландшафтам. Удзельнікі суботніка вырашылі яго зраўняць і ў выніку пашкодзілі скляпенне і падмурак гістарычнага будынка”, - кажа Уладзімір Краўчанка.

У якасці аргумента ён прыводзіць тое, што цэгла падмурка самаробная, клалася з выкарыстаннем вапны, а не цэмента, а на цэглах прысутнічаюць адбіткі чалавечых пальцаў, што сведчыць, што яны вырабляліся не прамысловым метадам, які быў распаўсюджаны ў 18 стагоддзі.

“Зараз на Школішчы стаяць паўразбуранымі чатыры дамы. Яны датуюцца канцом 19 – пачаткам 20 стагоддзя. Яны даволі трывалыя і іх можна яшчэ прывесці ў парадак. Аднак, кіраўніцтва горада плануе іх знесці. На гэтым месцы таксама шмат падмуркаў іншых дамоў, якія застаюцца недаследаванымі”, - адзначае Краўчанка.

У сваіх скаргах старшыня Магілёўскага абласнога Таварыства аховы помнікаў будзе звяртаць таксама ўвагу на бесгаспадарчасць чыноўнікаў. Паводле яго слоў, будынкі можна захаваць і мэтава скарыстаць.

Нагадаем, што 29 сакавіка ў Магілёве адбыўся агульнагарадскі суботнік. У ім прыняла ўдзел каля 800 чалавек і 50 адзінак тэхнікі. Кіраўнік Магілёўскага гарвыканкама Уладзімір Цумараў распарадзіўся, каб на месцы Падміколля і раёна былога Школішча паўстаў гарадскі парк. Зялёныя зоны былі замацаваны і размеркаваны паміж рознымі прадпрыемствамі горада.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства