Прысуд былому гомельскаму вэртыкальніку Піліпцу абвесьцяць 22 красавіка
Магілёўскі абласны суд 22 красавіка мае абвясьціць прысуд былому старшыні Гомельскага гарвыканкаму Віктару Піліпцу.
«Плянуецца, што прысуд будзе абвешчаны ў бліжэйшы аўторак», — паведамілі ў судзе.
Віктара Піліпца вінавацяць у злоўжываньні службовым становішчам пры разьмеркаваньні кватэраў. Абвінавачанымі па крымінальнай справе праходзяць чацьвёра службоўцаў з гомельскай управы капітальнага будаўніцтва.
З абвінавачаньня вынікае, што Віктар Піліпец ды яшчэ трое дзяржаўных службоўцаў дзеля карысьлівых інтарэсаў арганізавалі злачынны мэханізм — пазьбягаючы нарматыўных перашкодаў, разьмяркоўвалі кватэры між сваякамі і знаёмымі па заніжаных коштах.
У матэрыялах справы фігуруюць 27 кватэраў. Іх прадавалі па цэнах, якія былі на момант прыёму ў эксплюатацыю, а не па рынкавых. Розьніца між цаной продажу і рынкавай, як гаворыцца ў абвінавачаньні, склала больш за 3 мільярды 652 мільёны рублёў. Кватэры павінны былі выдзяляцца людзям, якія жывуць у дамах пад знос ці непрыдатных для пражываньня.
У абвінавачаньні гаворыцца, што сам Віктар Піліпец зьбіраўся набыць па заніжаных коштах 4 кватэры — дзьве сабе і дзьве дачцэ.