viasna on patreon

Зліквідаванае "Местное время-пресс".

2003 2003-09-24T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

23 верасьня Мінскі абласны гаспадарчы суд прыняў рашэнне аб ліквідацыі Таварыства з абмежаванай адказнасцю "Местное время-пресс", задаволіўшы такім чынам зыск Мінскага абласнога выканаўчага камітэта, паведаміла прэс-служба Беларускай асацыяцыі журналістаў.
Гэткае рашэнне было прынятае нягледзячы на тое, што Мінскі гарадскі гаспадарчы суд перад гэтым двойчы прызнаваў рашэнне Мінаблвыканкама аб скасаванні рэгістрацыі таварыства несапраўдным.
Зыск Мінаблвыканкама грунтаваўся на "прадстаўленні" інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах Мінскай вобласці ад 21 ліпеня. Падаткавая інспекцыя лічыць, што "Местное время-пресс" своечасова не ўнесла ў статутныя дакументы інфармацыі пра змену свайго юрыдычнага адрасу. Прадстаўнікі Міністэрства па падатках і зборах прысутнічалі ў судзе ў якасці трэцяга боку.
Разгляд зыску Мінаблвыканкаму распачаўся 22-га верасня, аднак суддзя Аксана Ахрыменка прыняла рашэнне адкласці слуханні, запатрабаваўшы дадатковых дакументаў. Аднак ужо на наступны дзень суддзя вынесла рашэнне на карысць зыскоўцаў, пастанавіўшы ліквідаваць ТАА "Местное время-пресс".
Акрамя гэтага, суддзя канстатавала, што пры рэгістрацыі і Таварыства і самой газеты "Местное время" Мінаблвыканкам і Міністэрства інфармацыі парушылі закон. Суддзя вынесла ў бок згаданых установаў "прыватнае вызначэнне" - свайго роду вымову, тэкст якой будзе даступны праз некалькі дзён.
Намеснік галоўнага рэдактара "Местного времени" Аляксандр Коктыш лічыць, што "выкарыстоўваючы схему, паводле якой зліквідавана "Местное время-пресс", можна цягам вельмі кароткага часу зліквідаваць любы няўгодны ўладам сродак масавай інфармацыі".
Рашэнне аб ліквідацыі "Местное время-пресс" пачне дзейнічаць праз 10 дзён. Да гэтага часу таварыства мае права падаць касацыйную скаргу у Мінскі абласны гаспадарчы суд.
БАЖ нагадвае: 21-га лістапада 2002 г. Мінаблвыканкам скасаваў рэгістрацыю ТАА "МВ-пресс", у выніку чаго Міністэрства інфармацыі зачыніла газету "Местное время". Доўгі час заснавальнікам прадпрыемства не ўдавалася абскардзіць рашэнне ўладаў. Аднак 16-га красавіка Мінскі гарадскі гаспадарчы суд часткова задаволіў зыск трох заснавальнікаў ТАА "Местное время-пресс" да Мінаблвыканкаму, прызнаўшы скасаванне рэгістрацыі таварыства незаконным. Мінаблвыканкам падаў касацыйную скаргу, якую 26-га траўня адхіліла калегія Мінскага гарадскога гаспадарчага суда. Нягледзячы на гэта, Мінаблвыканкам не аднавіў рэгістрацыі выдання, а Міністэрства інфармацыі не вярнула рэгістрацыйнага пасведчання газеце "Местное время".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства