viasna on patreon

Луганскі праваабаронца: Мясцовыя ўлады і алігархі здаюць усход Украіны Расеі

2014 2014-04-15T15:26:20+0300 2014-04-15T15:26:20+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/revucki.jpg
Кіраўнік ПЦ "Поступ" з Луганску Канстанцін Рэвуцкі

Кіраўнік ПЦ "Поступ" з Луганску Канстанцін Рэвуцкі

«Дывэрсійная сетка з па-прарасейску настроеных груп пачала фармавацца на ўсходзе Ўкраіны з прыходам да ўлады Віктара Януковіча, — кажа кіраўнік Праваабарончага цэнтра „Поступ“ з Луганску Канстанцін Рэвуцкі. — Ляяльныя да мясцовых алігархаў чыноўнікі робяць усё, каб дапамагчы сэпаратыстам і зьвесьці на нішто спробы цэнтральнай улады ажыцьцявіць контратэрарыстычную апэрацыю».

8 красавіка ў Луганску быў захоплены будынак СБУ, які па-ранейшаму знаходзіцца ў распараджэньні сэпаратыстаў. Пра сытуацыю на Луганшчыне Свабодзе распавядае праваабаронца Канстанцін Рэвуцкі:

— Сытуацыя вельмі складаная. Па маіх адчуваньнях, усё, што адбываецца зараз на Ўсходзе, робіцца пры маўклівай згодзе тых людзей, якія знаходзяцца пры ўладзе. Яны пакуль што дыстанцыююцца ад падзеяў. Але ні сілавікі, ні міліцыя, ні СБУ, нічога ня робяць для таго, каб узяць сытуацыю пад кантроль, і больш за тое — не зьбіраюцца.

У нас ёсьць сур’ёзныя падазрэньні наконт таго, што яны зьяўляюцца ўдзельнікамі гэтага сцэнару.

— Які сцэнар Вы маеце на ўвазе? Самі ўкраінцы — мясцовая ўлада, улада ў Кіеве, алігархі — яны ўпісаныя ў гэты сцэнар?

— Так, яны ўпісаныя. Калі мы кажам пра мясцовыя адміністрацыі, то людзі, якія маюць уладу ў рэгіёнах, граюць тут ключавую ролю. Менавіта зь іх — ня толькі згоды, але і пры іхным спрыяньні — усё гэта адбываецца.

Напрыклад, у Луганску такую ролю грае былы губэрнатар, а цяпер лідэр «Партыі рэгіёнаў» Аляксандар Яфрэмаў. Па сутнасьці ўся адміністратыўная вэртыкаль сфармаваная зь ляяльных да яго людзей. Натуральна, што гэты чалавек па сутнасьці негалосны ўласьнік Луганскай вобласьці. Тут яму належыць практычна ўсё — ключавыя бізнэс-аб’екты і галіны эканомікі. Вось ён, натуральна, хоча захаваць уплыў і ўладу ў рэгіёне і таму скрайне зацікаўлены ў тым, каб гэты сцэнар быў рэалізаваны. Бо мы падазраем, што Аляксандар Яфрэмаў мае сур’ёзныя гарантыі з расейскага боку — гарантыі недатыкальнасьці, бясьпекі і захаваньня актываў.

У Данецкай вобласьці такую ж ролю грае Рынат Ахметаў, напрыклад. У Харкаўскай вобласьці — гэта Кернэс і Добкін.

Паўсюль сцэнары прыблізна аднолькавыя: ляяльныя да гэтых асобаў чыноўнікі робяць усё, каб дапамагчы сэпаратыстам і зьвесьці на нішто спробы цэнтральнай улады ажыцьцявіць там контратэрарыстычную апэрацыю.

— Гэтыя людзі сапраўды сэпаратысты? Гэта ўкраінскія грамадзяне, якія хочуць аддзяленьня тэрыторыі ад Ўкраіны?

— Ёсьць шмат доказаў таго, што ядром гэтых груп, якія захопліваюць аб’екты на Ўсходзе, зьяўляюцца расейскія спэцназаўцы. Але яны сапраўды абрастаюць прыхільнікамі з боку мясцовых жыхароў.

Ёсьць інфармацыя, якую я не магу ані пацьвердзіць, ані абвергнуць, пра тое, што дывэрсійная сетка фармавалася на працягу апошніх некалькіх гадоў, па сутнасьці ад моманту прыхода да ўлады Януковіча. Пасьля таго, як кіраваць СБУ быў прызначаны Валер Харашкоўскі, вельмі рэзка зьмяніліся прыярытэты ў працы СБУ. Менавіта тады, па меркаваньні некаторых экспэртаў, пачалося фармаваньне па-прарасейску настроеных груп. Найперш, на ўсходзе Ўкраіны і ў Крыме, хаця ня толькі.

Яны захопліваюць будынкі паўсюль па-рознаму. Гэтыя групы радыкалаў абвяшчаюць сябе мясцовай уладай, праводзяць нейкія выбары і агалошваюць вынікі, высоўваюць ультыматумы і гэтак далей.

Пры гэтым гарады, як правіла, жывуць сваім жыцьцём. Канечне, гэтае жыцьцё напружанае, але тым ня менш, у большасьці гарадоў працуюць школы, садочкі, ёсьць забесьпячэньне. Сытуацыя дзіўная.

— Чаму пакуль не відаць вынікаў намаганьня новай кіеўскай улады на Ўсходзе?

— З аднаго боку, кіеўскай уладзе складана праводзіць апэрацыю ў рэгіёне, дзе большасьць сілавікоў сабатуюць яе правядзеньне, больш за тое — маюць намер нават перашкаджаць ёй.

Вось згадаем відэа, дзе горлаўскія міліцыянты пераходзяць пад камандаваньне расейскага падпалкоўніка. Гэта адбываецца таму, што, па-першае, міліцыянты маральна гатовыя да такога. Яны рыхтаваліся да такога сцэнару сваім кіраўніцтвам, ляяльным да мясцовых элітаў. 

Крыху ўтрыруючы, можна сказаць, што ва Ўкраіне няма міліцыі як праваахоўнага органа



Па-другое, крыху ўтрыруючы, можна сказаць, што ва Ўкраіне няма міліцыі як праваахоўнага органа. Ужо даўно няма. Украінскія міліцыянты здольныя толькі займацца «дахаваньнем» ценявога бізнэсу, рэкетам, адкрываньнем і закрываньнем за грошы крымінальных справаў — і такім чынам зарабляюць на жыцьцё.

Казаць пра тое, што яны займаюцца аховай правапарадку, пра тое, што большасьць міліцыянтаў маюць нейкія ўяўленьні пра гонар мундзіра, мы на жаль, ня можам. Сапраўды прыстойных міліцыянтаў у шэрагах украінскай міліцыі вельмі мала. На ўсходзе гэтая праблема яшчэ больш вострая. І гэтыя людзі, якія так хутка, бяз бою здаюць свае аб’екты і прысягаюць на вернасьць невядома каму, таксама спрабуюць сысьці ад адказнасьці за зробленыя раней злачынствы.

— Ці ёсьць кіеўскай уладзе на каго абаперціся на ўсходзе?

— Ня ведаю, гэта складанае пытаньне. Сапраўды абаперціся амаль няма на каго, калі мы кажам пра сілавікоў, пра чыноўнікаў. Яны насамрэч гатовыя такім чынам сысьці ад крымінальнай адказнасьці, і большасьць зь іх сапраўды ёсьць за што да гэтай адказнасьці прыцягнуць.

Але я баюся, што існуюць дамоўленасьці на самым высокім узроўні. Нашыя крыніцы сярод сэпаратыстаў ускосна пацьвярджаюць, што сапраўды перамовы вядуцца на самым высокім узроўні, і ў іх ёсьць пэўныя гарантыі бясьпекі. Яны пачуваюцца цалкам упэўнена і не баяцца апэрацыі супраць іх.

— Якой Вы бачыце канчатковую мэту апісанага Вамі сцэнару?

— Вельмі складана адказаць. Цяпер я бачу, што захаваць Усход ніхто не спрабуе, і ён, хутчэй за ўсё, будзе здадзены Расеі. Але дзе гэты сцэнар спыніцца, дзе дамоўлена пракласьці мяжу — нават не хачу пра гэта думаць. 

Захаваць Усход ніхто не спрабуе, і ён, хутчэй за ўсё, будзе здадзены Расеі



— Як праваабаронца як Вы ахарактарызуеце сытуацыю з правамі чалавека?

— Цяпер казаць пра хаця б нейкія гарантыі выкананьня правоў чалавека вельмі складана. Ужо практычна немагчыма казаць пра існаваньне нейкага прававога поля. Яшчэ неяк яно тлее. Ня так, як у Крыме, дзе было цалкам свавольства.

Калі гэтыя сэпаратысты, кіруемыя расейскімі вайскоўцамі, будуць і надалей умацоўвацца на ўсходзе і браць уладу ў свае рукі, то гаварыць пра датрыманьне правоў чалавека будзе проста сьмешна. Так, як пра гэта было сьмешна казаць у Крыме ў сакавіку. Зь любым чалавекам магло здарыцца ўсё, што заўгодна. Парушаліся ўсе базавыя правы.

Казаць пра свабоду выказваньня меркаваньняў нельга ўжо і цяпер у Луганску. Мітынгі праводзяцца, але яны практычна не ахоўваюцца міліцыяй. А ў выпадку нападу міліцыя проста адыходзіць у бок, і даводзіцца супраціўляцца сваімі сіламі. Перашкода працы журналістаў — гэта проста норма. Былі выпадкі нападу на журналістаў у Луганску. Журналістаў мэтанакіравана шукаюць, асабліва тых, хто хоць неяк крытычна выказваецца пра тых людзей, што захапілі будынак СБУ. Усе яны пад пагрозай.

Тое ж можна казаць і пра палітычных актывістаў, якія настроеныя праўкраінску. Усім пагражаюць, і ня выключана, што гэтыя пагрозы могуць быць рэалізаваныя ў любы момант пры поўным бязьдзеяньні міліцыі, а баюся, што і пры яе дапамозе.

— Няўжо нічога нельга зрабіць?

— Можна было б зрабіць, каб улада была больш рашучая. Калі б сусьветная супольнасьць аказала Ўкраіне падтрымку, сапраўды прызнала, прычым не на словах, а на справе ролю Расеі ва ўсім гэтым канфлікце. Аказала б дапамогу, улучна з вайсковай. Тады, канечне, сытуацыю можна было б узяць пад кантроль. Але мы бачым, што ўкраінская ўлада пакуль яшчэ вельмі слабая. А сусьветная супольнасьць пакуль яшчэ не гатовая прызнаць праблему і прызнаць маштаб гэтай пагрозы. Я нават ня ведаю, як можа разьвівацца сытуацыя.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства