viasna on patreon

Лідзія Ярмошына “адфутболіла” скаргу апазіцыйнага кандыдата ў дэпутаты

2014 2014-04-14T16:15:16+0300 2014-04-14T16:15:16+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/jarmoshyna-cvk.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Лідзія Ярмошына, старшыня Цэнтрвыбаркама

Лідзія Ярмошына, старшыня Цэнтрвыбаркама

Былы кандыдат у дэпутаты Магілёўскага абласнога Савета па Хоцімскай выбарчай акрузе №54 і кандыдат у дэпутаты Хоцімскага райсавета па Узбярэжнай выбарчай акрузе №13 Валерый Каранкевіч 14 красавіка атрымаў адказ з Цэнтрвыбаркама на сваю скаргу.

Валерый Каранкевіч 4 красавіка паскардзіўся ў ЦВК на тое, што Хоцімскія раённая, акруговая і Магілёўская абласная выбарчыя камісіі па выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў так і не далі адказаў на яго скаргі, у якіх ён указваў на грубыя парушэнні працэдуры галасавання на выбарчых участках №1 і №3 у Хоцімску і прасіў выбарчыя камісіі правесці пералік выбарчых бюлетэняў на дадзеных участках. Між тым, гэтыя скаргі былі пададзены ў выбарчыя камісіі яшчэ 26 сакавіка.

У адказе за подпісам старшыні Цэнтрвыбаркама Лідзіі Ярмошынай паведамляецца, што “ў сувязі з Вашым зваротам у Цэнтральную камісію з просьбай прызначыць паўторны пералік галасоў на ўчастках №№1, 2, 3 г.п. Хоцімск тлумачым, што разгляд заяў дадзенай катэгорыі да кампетэнцыі Цэнтральнай камісіі не адносіцца”.

Таксама Лідзія Ярмошына патлумачыла былому кандыдату ў дэпутаты працэдуру падачы заявы аб пераліку галасоў і спаслалася на сакратара Магілёўскай абласной выбарчай камісіі, якая давяла інфармацыю, што Валерый Каранкевіч у гэту камісію не звяртаўся.

“Шчыра кажучы, я проста не ведаю, што далей рабіць і куды звяртацца. Гэта проста нейкая жалезабетонная сцяна, - кажа Валерый Каранкевіч. – Я 26 сакавіка накіраваў скаргі з патрабаваннем пералічыць галасы выбаршчыкаў у раённую, акружную і Магілёўскую абласную выбарчыя камісіі, аднак дайшлі яны чамусьці толькі да акруговай камісіі, якая адмовіла мне ў задавальненні скаргі. Зараз вось мяне “адфутболіла” ЦВК. Магчыма, пракансультуюся з праваабаронцамі і напішу зварот да дэпутата Палаты прадстаўнікоў Уладзіміра Краўцова, каб ён ініцыяваў перагляд выбарчага заканадаўства па пытаннях абскарджвання вынікаў галасавання. Зараз нечага дабіцца ад выбарчых камісій проста немагчыма”.

Неабходна адзначыць, што раней акруговая выбарчая камісія Хоцімскай выбарчай акругі №54 адмовіла Валерыю Каранкевічу ў задавальненні скаргі аб правядзенні паўторнага пераліку галасоў па Хоцімскай выбарчай акрузе №54. Камісія адзначыла, што, “згодна пратаколаў вышэйпералічаных камісій (№1,3,4 – з. р.), парушэнняў не ўстаноўлена. Такім чынам, падставаў для прыняцця рашэння аб паўторным пераліку галасоў выбаршчыкаў па Хоцімскай выбарчай акрузе №54 не маецца”. Адказ з камісіі да адрасата ішоў у Хоцімску больш за тыдзень.

У дзень выбараў дэпутатаў мясцовых Саветаў 23 сакавіка каля 20-00 Валерый Каранкевіч быў затрыманы супрацоўнікамі Хоцімскага РАУС на ўваходзе ў Інтэрнацыянальны выбарчы ўчастак №3 у Хоцімску. Кандыдат у дэпутаты быў дастаўлены ў Хоцімскі РАУС, дзе яго ўтрымлівалі каля 40 хвілін без складання пратакола затрымання, а пасля адпусцілі. Падставай для тэрміновага затрымання супрацоўнікі назвалі заяву на адрас Каранкевіча з боку сябра акруговай выбарчай камісіі Хоцімскай выбарчай акругі №54 Мікалая Тамашова. З-за незаконнага затрымання Валерый Каранкевіч не змог прысутнічаць пры падліку выбарчых бюлютэняў.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства