viasna on patreon

Працягваюцца допыты рэгіянальных актывістаў “Маладога фронту

2007 2007-06-04T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Колькасьць маладафронтаўцаў у рэгіёнах значна меншая, чым у менскай арганізацыі. Часам бацькі рэгіянальных актывістаў не падзяляюць погляды сваіх дзяцей, а мясцовыя сьледчыя палохаюць непаўнагадовых зьняволеньнем.

Маладафронтаўцы пачалі ладзіць акцыі салідарнасьці са сваімі сябрамі па-новаму. Яны дэлегацыямі наведваюць міліцыю, пракуратуру і КДБ у рэгіёнах.

Па зьвестках Радыё Свабода, рэгіянальных актывістаў у Салігорску, Баранавічах, Горадні, Нясьвіжы цягам тыдня выклікалі на допыты. Сёньня ў пракуратуру мусіць прыйсьці Наста Азарка, якая жыве ў Нясьвіжы. Дзяўчыну неаднойчы затрымлівалі міліцыянты. Апошнім часам сьледчыя патрабавалі, каб дзяўчына назвала прозьвішчы сваіх паплечнікаў, разам зь якімі яна вывешвае расьцяжкі з патрабаваньнем вызваліць палітвязьняў, альбо спыніць перасьлед моладзевых актывістаў.

Сваякі Насты не падзяляюць яе поглядаў. Яе брат Міхась лічыць, што сястра дарма ўступіла ў “Малады фронт”. Ён непакоіцца, што Насту могуць прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі.

Непаўнагадовы Іван Шыла ў Салігорску таксама адчувае на сабе ціск з боку ўладаў, але ягоныя бацькі абараняюць Івана і ягонага малодшага брата Ільлю.

“Мы з жонкай, безумоўна, яго падтрымліваем, бо дэмакратычныя і нацыянальныя каштоўнасьці гэта й нашы каштоўнасьці, — гаворыць Уладзімір Шыла. — Гэта ж сьвяты абавязак бацькоў — падтрымліваць сваіх дзяцей як бы ні складаўся іх лёс. Заўсёды іх трэба падтрымліваць — яны дзеці”.

Іван Шыла зьяўляецца фігурантам у крымінальнай справе, распачатай КДБ супраць “Маладога фронту” за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі. Сьледчыя пракуратуры прасілі паплечнікаў Івана даць супраць яго паказаньні.

“Калі чалавек вядзе нейкае змаганьне, напрыклад, супраць уладаў, то яму, натуральна будзе прасьцей займацца нейкай дзейнасьцю, калі будзе нейкая падтрымка ў сям’і, бо, калі ёсьць ціск унутраны і ціск зьнешні, то гэта ўдвая горш, — расказвае Іван. — Тут варта, каб была падтрымка грамадзкасьці, але асабліва сяброў. З майго досьведу, я бачыў, калі бацькі былі катэгарычна супраць. Але калі яны бачылі, які іхных дзяцей катуюць, як іх беспадстаўна затрымліваюць, то яны зьмянялі свой пункт гледжаньня”.

Маладафронтаўцы для падтрымкі сваіх сяброў у рэгіёнах распачалі новую кампанію акцый салідарнасьці. 2 чэрвеня група моладзі наведала Салігорскую пракуратуру, КДБ і міліцыю. Маладыя людзі запытвалі, чаму іх сяброў выклікаюць на допыты і палохаюць зьняволеньнем. Аналягічныя акцыі заплянаваныя ў Горадні і Баранавічах.

“Пракуроры, міліцыянты, кагэбісты баяцца, калі ў рэгіёнах цікавяцца падзеямі ў іхным горадзе менчукі, альбо прадстаўнікі сусьветна вядомых сродкаў масавай інфармацыі, — гаворыць Павал Севярынец. — Вось гэта адкрывае ўсю сутнасьць рэжыму, які спрабуе біць тайком у цёмных кутках, спрабуючы адыграцца на самых безабаронных актывістах”.

Маладафронтаўцы маюць намер ня толькі наведваць пракуратуры, КДБ і міліцыю, але й дасылаць лісты ў гэтыя ўстановы, патрабуючы даць пісьмовы адказ.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства