viasna on patreon

Міжнародныя праваабаронцы: Журналісты мусяць сведчыць пра тое, што адбываецца ў Беларусі

2014 2014-04-04T10:55:37+0300 2014-04-04T10:55:55+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/robert-hord.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Роберт Хорд, выканаўчы дырэктар Civil Rights Defenders

Роберт Хорд, выканаўчы дырэктар Civil Rights Defenders

4 красавіка беларускі праваабаронца Алесь Бяляцкі атрымае прэстыжную ўзнагароду “Абаронца Грамадзянскіх Правоў Года”. Але ён нават не ведае пра гэта, бо праз сваю мужную працу ён знаходзіцца ў зняволенні ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Сёння Civil Rights Defenders мае прэзентаваць даклад, у якім выразна паказана, як у Беларусі абмяжоўваецца свабода слова. Беларускі рэжым поўны рашучасці зрабіць усё, што ад яго залежыць, каб абмежаваць магчымасці замежных журналістаў паведамляць пра парушэнні правоў чалавека ў краіне падчас надыходзячага чэмпіяната свету па хакеі.

Кіраўнік беларускай праваабарончай арганізацыі “Платформ інавейшн” Андрэй Бандарэнка паслядоўна выступае супраць правядзення чэмпіянату свету па хакеі ў Беларусі, пакуль усе палітычныя зняволеныя не будуць вызваленыя і ўлады не спыняць пераслед праваабаронцаў, журналістаў і грамадзянскай супольнасці. У адказ на гэтыя дзеянні Генеральнай пракуратурай яму неаднаразова выносіліся папярэджанні за “дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь”. Гэта, на жаль, толькі адзін з шматлікіх прыкладаў штодзённага пераследу, з якім сутыкаюцца праваабаронцы ў краіне. У дакладзе, падрыхтаваным Civil Rights Defenders пад назвай “Дзяржава супраць праваабаронцаў: несумленная гульня”, разглядаецца становішча праваабаронцаў у Беларусі. Ён будзе прэзентаваны адначасова з уручэннем Алесю Бяляцкаму ўзнагароды “Абаронца Грамадзянскіх Правоў Года”.

Алесь Бяляцкі прысвяціў сваё жыццё мірнай барацьбе за правы чалавека. Ён з’яўляецца сімвалам беларускай грамадзянскай супольнасці, прадстаўляючы надзеі і спадзяванні на лепшую будучыню ў Беларусі. У 1996 годзе ён заснаваў арганізацыю “Вясна”, якая хутка стала асноўным абаронцам грамадзянскіх і палітычных правоў у Беларусі. Утварэнне “Вясны” дапамагло кантраляваць ступень злоўжыванняў, якія рэгулярна зазнаюць людзі ў Беларусі, і аказваць падтрымку іншым праваабаронцам. У 2003 годзе арганізацыя пазбавілася законнага статусу, але Алесь і яго калегі мужна працягвалі сваю працу, нягледзячы на шматлікія папярэджання і пагрозы з боку ўладаў. Ён цалкам усведамляў рызыку такой працы для яго і яго сям’і, але вырашыў не пакідаць Беларусь, калі стала відавочна, што яго арыштуюць пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года. Ён быў арыштаваны ў жніўні 2011 года, і праз некалькі месяцаў быў асуджаны да чатырох з паловай гадоў зняволення ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Акрамя таго, у выніку выразна палітычна матываванага судовага працэсу па абвінавачваннях ва ўхіленні ад выплаты падаткаў была канфіскаваная маёмасць Алеся. 

Нягледзячы на зняволенне Алеся, “Вясна” працягвае сваю важную працу. Між тым, улады не паслабляюць пераслед сяброў “Вясны” і іншых абаронцаў правоў чалавека ў Беларусі. У гэтым дакладзе мы апісваем, як Алесева калега Таццяна Рэвяка стала ахвярай допыту ў КДБ. Спн. Рэвяка адзначае, што яна і яе калегі прывыклі да пагрозаў і пераследу, але часта задае сабе пытанне, ці шмат людзей здольныя працягваць супраціўляцца такому няспыннаму ціску.

Вельмі балючае сёння – гэта тое, ці змогуць шведскія журналісты таксама супрацьстаяць такому ціску падчас хакейнага чэмпіянату, які мае адбыцца ў траўні. Беларускі рэжым выдае візы журналістам з вельмі ясным пасылам, што яны могуць пісаць толькі пра хакейны турнір, нягледзячы на ўсе парушэнні правоў чалавека, якія адбываюцца вакол. Кожны журналіст, які прыязджае ў такую аўтарытарную краіну, як Беларусь, мусіць быць абавязаны стаць на абарону свабоды слова і паведамляць пра парушэнні правоў чалавека ў краіне. Зразумела, што рызыка для замежных журналістаў значна меншая, чым патэнцыйная пагроза для іх беларускіх калегаў. Такім чынам, мы спадзяемся, што шведскія журналісты скарыстаюцца магчымасцямі апісаць тое, што адбываецца ў Беларусі па-за спартыўнымі арэнамі, і не дазволяць увесці сябе ў зман прапагандай рэжыму. Інфармацыя ёсць – яны проста мусяць паехаць туды і атрымаць яе.

Роберт Хорд, выканаўчы дырэктар Civil Rights Defenders
Майна Кіаі, спецыяльны дакладчык ААН па пытаннях права на свабоду мірных сходаў і асацыяцый
Маргарэт Секагія, спецыяльны дакладчык ААН па пытанні аб становішчы праваабаронцаў

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства