ТБМ заклікае моладзь рабіць выбар на карысьць беларускай мовы
Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны зьвяртаецца да дзяўчат і юнакоў, якія закончваюць школу і будуць паступаць у навучальныя ўстановы, зрабіць выбар на карысьць беларускай мовы. Гэта тычыцца выбару іспыта па мовах – выпускнога ў школе і уступнага ў сярэднія спэцыяльныя ці вышэйшыя навучальныя ўстановы. Абітурыенты могуць таксама здаваць па-беларуску іспыты па любым прадмеце.
“Таварыства беларускай мовы зычыць школьнай моладзі посьпехаў у першым сур’ёзным выпрабаваньні на сталасьць і заклікае зрабіць выбар на карысьць беларускай мовы як гаранта бясьпекі незалежнай дзяржавы,” – гаворыцца ў закліку Сакратарыята ТБМ.
Адзін зь іспытаў за 11 клясаў праводзіцца па мове – беларускай альбо расейскай, на выбар вучня. Такі парадак вызначаны Міністэрствам адукацыі, прычым беларускую мову могуць выбіраць і вучні ўстановаў з расейскай мовай навучаньня. Аднак бываць выпадкі, калі кіраўніцтва школ з расейскай мовай навучаньня, каб не абцяжарваць сябе працай, “не раіць” вучням выбіраць іспыт па беларускай мове. У такіх выпадках вучням і іхным бацькам, каб дамагчыся сваіх правоў, даводзіцца праявіць грамадзянскую пазыцыю ў стаўленьні да нацыянальнай мовы краіны.
На ўступных іспытах Міністэрствам вызначаны парадак такі ж самы: можна выбіраць экзамен па беларускай ці расейскай мове. Абітурыент можа здаваць і ўсё іншыя ўступныя іспыты па-беларуску - незалежна ад таго, зь якой мовай навучаньня ён закончыў школу і на якой мове вядзецца навучаньне ў той установе, куды ён паступае. І хоць на ўступных іспытах нярэдка адсутнічаюць тэксты пытаньняў і заданьняў па-беларуску, практыка паказвае: экзамэнатары ВНУ звычайна прыхільна ставяцца да таго, калі абітурынт здае іспыт па-беларуску, асабліва па гуманітарных прадметах.
У закліку ТБМ да моладзі адзначаецца, што выбар на карысьць беларускай мовы будзе “…вашым падарункам у вянок памяці клясыкаў беларускай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа, 125-гадовы юбілей якіх адзначаецца сёлета”.