Радыё Свабода: Ці выйдуць на волю ўсе палітвязьні?
Цягам тыдня на волю выйшлі трое палітвязьняў. Назіральнікаў і саміх маладафронтаўцаў, якіх абвінавачвалі ва ўдзеле ў незарэгістраванай арганізацыі, зьдзівілі прысуды ў судзе Савецкага раёну Менску — ніводнага чалавека не арыштавалі, а памеры штрафаў былі меншыя, чым за ўдзел у несанкцыянаванай вулічнай акцыі. Ці выйдуць неўзабаве на волю астатнія палітвязьні?
Трое палітвязьняў Павал Севярынец, Мікола Статкевіч і Кацярына Садоўская на волі. Яны выйшлі, адседзеўшы большую частку прызначанага судом тэрміну пакараньня.
Палітвязьняў адпусьцілі цягам двух дзён, аднаго за адным. За кратамі застаюцца два маладафронтаўцы — лідэр арганізацыі Зьміцер Дашкевіч і Артур Фінькевіч.
У сьледчым ізалятары ўтрымліваюць Андрэя Клімава, у турме — Аляксандра Казуліна.
У Віцебску пракуратура спыніла крымінальную справу, якую распачалі летась за парушэньне грамадзкага парадку (калі ў горадзе зьявіліся бел-чырвона-белыя сьцягі й расьцяжкі: “Свабоду палітвязьням!”).
Раптам зьнялі абвінавачаньні з актывіста АГП Дзяніса Дзянісава.
Лідэр Партыі БНФ Вінцук Вячорка не выключае, што ў хуткім часе на волю могуць выйсьці ўсе палітвязьні.
“Тое, што адбываецца ёсьць пацьверджаньнем глыбокага сыстэмнага эканамічнага, а ў яго выніку і глыбокага палітычнага крызысу, у якім апынаецца лукашэнкаўская мадэль. Ну, і на вялікі жаль, апынаецца беларуская эканоміка. Трэба мець шляхі паратунку. Ёсьць салідарная пазыцыя аб’яднаных дэмакратычных сілаў, Эўрапейскага зьвязу і Злучаных Штатаў Амэрыкі наконт таго, што канструктыўныя размовы пра ўспамажэньне і супрацу з уладай могуць ісьці, але пры ўмове выкананьня першасных варункаў. Найпершаснае з першасных, гэта вызваленьне ўсіх палітычных вязьняў і спыненьне ўсіх крымінальных спраў палітычна матываваных”.
Станіслаў Шушкевіч лічыць, што размовы пра лібэралізацыю палітычнай сытуацыі ў Беларусі некарэктныя.
“Усё ўжо так адрэгулявана ў іншы бок, што толькі можа быць зроблены выгляд, што часова, усё часова, каб толькі атрымаць дапамогу гэтаму паганаму ўраду. Думаю, калі будзем сябе лягічна паводзіць, то ўсіх выпусьцяць. Ну, відавочна, у два заходы, бо што да Дашкевіча і Фінькевіча, то там няма ніякай віны”.
Аляксандар Мілінкевіч выказаў сваё меркаваньне:
“Я думаю, што яны будуць максімальна выпускаць колькі змогуць. Безумоўна, усё гэта на прапановы Эўразьвязу і боязь таго, што будуць уведзеныя санкцыі, адмененыя прэфэрэнцыі і гэта для ўлады вельмі важна, бо стан эканомікі ў пэрспэктыве вельмі складаны. Я не думаю, што яны могуць пайсьці далёка ў выкананьні тых умоваў, што паставіў Эўразьвяз, але цэлы шэраг пачне выконваць”.
Старшыня камісіі ў справах нацыянальнай бясьпекі Палаты прадстаўнікоў Анатоль Белашэўскі настойвае на тым, што ў краіне наагул няма палітвязьняў:
“Вось рыхтуецца законапраект аб амністыі. Хто трапіць пад гэта, у мяне пакуль у камісіі дадзеных няма. А палітычных у нас наагул няма. Яны зьдзейсьнілі крымінальныя злачынствы. Якія могуць быць палітычныя?!”.
Лідэр “Маладога фронту” Зьміцер Дашкевіч і актывіст арганізацыі Артур Фінькевіч маюць чатыры папярэджаньні за нібыта парушэньні ўнутранага распарадку.
Паводле заканадаўства, на такіх вязьняў не распаўсюджваецца амністыя. Аляксандар Казулін ня мае папярэджаньняў, але ў яго вялікі тэрмін пакараньня — пяць гадоў зьняволеньня. Амністыя толькі скароціць гэты тэрмін на адзін год.